Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – першая за два месяцы серада без маўклівага пратэсту. Як вы ставіцеся да прапановы ініцыятараў “Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку” замарозіць пратэстныя акцыі?

Усяго ў Беларусі прайшло дзесяць акцый «маўклівага пратэсту».

Першая адбылася 1 чэрвеня. Удзельнікі інтэрнэт-суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» зьвярнуліся да прыхільнікаў дэмакратычных перамен у Беларусі штотыдзень у вызначаны час моўчкі зьбірацца на галоўнай плошчы свайго гораду .

8 чэрвеня. На другую акцыю на Кастрычніцкай плошчы у Менску сабралася больш за 200 чалавек. Моладзь сьпявала пад гітару. Затрыманьняў не было.

На акцыю 15 чэрвеня сабраліся тысячы чалавек у Менску і па ўсёй Беларусі. Былі затрыманыя дзясяткі людзей. Большасьць адпусьцілі, дзясяткі былі аштрафаваныя.

22 чэрвеня. Акцыя ў цэнтры Менску прадухіленая, цэнтар гораду ачэплены. Дзясяткі затрыманых удзельнікаў, выпадковых мінакоў, а таксама журналістаў. Шмат зьбітых. Прысуды - у асноўным штрафы.

29 чэрвеня тысячы людзей выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў пляскаць у далоні. Затрыманыя сотні, многія асуджаныя да адміністрацыйнага арышту на тэрмін ад 5 да 15 сутак.

3 ліпеня, у нядзелю на Прывакзальнай плошчы ў Менску адбыўся жорсткі разгон. Людзі ў цывільным зьбівалі сустрэчных, у тым ліку выпадковых, і кідалі ў аўтобусы без нумароў. Было затрымана каля 100 чалавек толькі ў Менску. Большасьць асуджаная да адміністрацыйнага арышту.

6 ліпеня. Новая тактыка маўклівых акцыяў — аб’яднаць людзей на месцах: удзельнікі зьбіраліся ля супэрмаркетаў па месцы жыхарства і плянавалі рушыць у вызначанае месца для агульнай сустрэчы. Акцыі разагнаныя, шмат затрыманых, зьбітых, асуджаных.

13 ліпеня. Удзельнікам прапанавана сабрацца ў цэнтры і наставіць будзільнікі сваіх мабільных на 20:00. Акцыя малалюдная, шмат затрыманьняў. Суды. Прысуды — арышты і штрафы.

20 ліпеня. Людзей зноў паклікалі на цэнтральныя пляцы гарадоў. У Менску было затрымана і асуджана некалькі дзясяткаў чалавек.

27 ліпеня. Ініцыятары заклікалі людзей моўчкі выйсьці на рынкі ў сваіх гарадах. На акцыю выйшлі адзінкі. Затрыманьняў не было.

Паводле праваабаронцаў, усяго падчас маўклівых акцыяў пратэсту было затрымана каля 2 тысяч чалавек, у тым ліку дзясяткі журналістаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG