Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НЕВЯЛІКАЕ ПАХАЛАДАНЬНЕ...


... паўночны вецер, тэмпэратура ўдзень ад +17 да +23°С. Месцамі, пераважна на ўсходзе краіны, пройдуць кароткачасовыя дажджы і навальніцы.

СЁНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ:


У Менску на вул. Маркса, 21-21 былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў раскажа журналістам пра стратэгію кампаніі «Гавары праўду» да канца гэтага году. Пачатак аб 11.30.

Дэлегацыя японскага гораду Сэндай у рамках акцыі падтрымкі дзяцей, пацярпелых ад землятрусу і цунамі, мае наведаць Сэндайскі сквэр (10.00), сустрэцца з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму і Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў у гарадзкой ратушы (10.30).

У Менскай кінашколе-студыі (вул. Фрунзэ, 5) пачнецца майстар-кляса па стварэньні кароткамэтражнага фільма. Ладзіць яго будзе рэжысэр і відэадызайнэр Дзьмітрый Панцялейка.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


У Эгіпце пачнецца суд над былым прэзыдэнтам Хосьні Мубаракам і ягонымі сынамі паводле абвінавачаньня ў забойствах і карупцыі.

У Аўганістане завяршаецца тэндэр на продаж радовішчаў жалезнай руды.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


3 жніўня 1492 году пачалася першая экспэдыцыя італьянскага мараплаўца Хрыстафора Калюмба. Абапіраючыся на антычнае вучэньне аб шарападобнасьці Зямлі і недакладныя разьлікі вучоных XV стагодзьдзя, падарожнік разьлічваў адкрыць найкарацейшы марскі шлях з Эўропы ў Індыю. У выніку, аднак, дасягнуўшы востраву Сальвадор у Багамскім архіпэлягу, экспэдыцыя адкрыла Амэрыку.

3 жніўня 1933 году адбылося Кобрынскае сялянскае паўстаньне. Падбухтораныя кампартыяй Заходняй Беларусі супраць польскае ўлады сяляне Кобрынскага павету лікам 100 чалавек, узброіўшыся, разграмілі некалькі сядзібаў асаднікаў і цэлую ноч трымалі ў аблозе паліцэйскі пастарунак у вёсцы Навасёлкі. Назаўтра ўлады разагналі паўстанцаў. 30 чалавек атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня.

3 жніўня 1923 году прыйшоў на сьвет менскі падпольшчык Мікола Кедышка. Ён нарадзіўся ў Менску, а ў часе вайны разам зь сябрамі стварыў падпольную групу “Андруша”. Яны рабілі дывэрсіі на гарадзкой электрастанцыі і хлебазаводзе. Загінуў Кедышка ў баі з гітлераўцамі, якія напалі на явачную кватэру. У Менску імем падпольшчыка названая вуліца.

3 жніўня 1994 году Аляксандар Лукашэнка ўпершыню ў якасьці прэзыдэнта Беларусі наведаў расейскую сталіцу. Ад прыхільнасьці расейскага кіраўніцтва залежала будучыня ягонага прэзыдэнцтва. Лукашэнка хацеў захаваць эканамічныя льготы, якіх дамогся Вячаслаў Кебіч. Тагачасны расейскі прэм’ер Віктар Чарнамырдзін паабяцаў дапамагчы Беларусі “парадаю і грашыма”. “Яны гаварылі са мной, як з роўным. Я рады, што Расея зразумела і падтрымала мяне”, – узрушана дзяліўся Лукашэнка сваімі ўражаньнямі.

У 2008 годзе памёр расейскі пісьменьнік і дысыдэнт, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Аляксандар Салжаніцын. Публікацыя ў 1973 годзе першага тому кнігі “Архіпелаг ГУЛаг” была ня толькі літаратурнай, але і палітычнай падзеяй – пасьля гэтага стала немагчымым казаць пра гуманнасьць камуністычнай ідэі; сотні тысяч людзей у Эўропе выйшлі з камуністычных арганізацый. У лютым 1974 году Салжаніцын быў высланы з СССР. Ён жыў у Швэйцарыі, потым у ЗША. У 1994 годзе вярнуўся ў Расею.

МІНУС 365:


Мядзьведзеў: Лукашэнка абяцаў прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Кожны, хто аднойчы абвясьціў гвалт сваім мэтадам, няўмольна павінен абраць хлусьню сваім прынцыпам.
Аляксандар Салжаніцын
XS
SM
MD
LG