Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс штурхае беларусаў у Расею


Крызіс у Беларусі адбіўся і на эканоміцы суседніх расейскіх рэгіёнаў, піша «Российская газета». На вуліцах Смаленска, Бранска і шэрагу райцэнтраў можна сустрэць нямала гандляроў зь Віцебску, Гомеля ці Магілёва.

«Калі ў эканоміцы Беларусі адбываюцца істотныя перамены, першымі ў Расеі іх заўважаюць, мабыць, жыхары Смаленску, -- піша выданьне. З пачатку года да адміністрацыйнай адказнасьці ў Смаленску за гандаль у не прызначаных для гэтага месцах прыцягнута 670 чалавек, зь іх беларусы складаюць прыкладна пятую частку.

Знайсьці месца для гандлю ў Смаленску нялёгка, і беларускія гандляры вырашаюць гэтае пытаньне па-рознаму. Хтосьці, сышоўшы з электрычкі, становіцца непадалёк ад вакзалу, іншыя імкнуцца згубіцца сярод калегаў - мясцовых парушальнікаў правіл гандлю, якія ўгрунтаваліся непадалёк ад Задняпроўскага харчовага рынку, а самыя сьмелыя садзяцца на трамвай ці аўтобус, едуць у спальныя раёны і займаюць пазыцыі каля супэрмаркетаў.

Што беларусы вязуць у Смаленск? Тварог, алей, вэнджаную каўбасу і іншыя мясныя прадукты, дзіцячае харчаваньне, сыр - усё гэта прыкладна ў паўтара раза таньней за расейскія аналягі і разыходзіцца на ўра, піша «Российская газета».

Выданьне цытуе кіраўніка рэгіянальнага аддзяленьня амбасады Беларусі ў Расеі Мікалая Куцко: «Для таго, каб гандляваць, трэба мець статус індывідуальнага прадпрымальніка, выконваць патрабаваньні заканадаўства ў сфэры гандлю. Калі грамадзянін Беларусі проста прыехаў у Смаленск і гандлюе з асфальту - ён парушае закон і падрывае рынак. Мы сышлі ад гэтага 20 гадоў назад! Аддзяленьне амбасады спрыяе афіцыйнай гандлёвай і вытворчай дзейнасьці беларускіх прадпрыемстваў. Што ж тычыцца чаўнакоў, ніхто зь іх да нас па дапамогу ці па нейкія кансультацыі не зьвяртаецца».

А вось у суседняй Бранскай вобласьці наплыў беларускіх чаўнакоў ўжо выклікаў рэзкі пратэст з боку прадпрымальнікаў з прымежных раёнаў. Больш за 130 чалавек зьвярнуліся да губэрнатара і рэгіянальнай Думы з патрабаваньнем умяшацца ў супрацьстаяньне, якое пачалося паміж заежджымі і мясцовымі гандлярамі.

Беларускія тавары даўно карыстаюцца на Браншчыне попытам - іх прадаюць нямала крам, ёсьць яны і ў буйных сетках. "Эканамічны крызіс у Беларусі спарадзіў у нас дзікі гандаль, - напісалі расейскія камэрсанты ў лісьце кіраўнікам рэгіёну. - Вуліцы, прылеглыя да рынку, запоўненыя грамадзянамі Беларусі, якія прадаюць прадукты харчаваньня проста зь зямлі. У 30-градусную сьпякоту гандлююць мясам, каўбасамі, маслам, тварагом і ўсім пералікам хуткапсавальных прадуктаў. У апошні час тут зьявіўся і алькаголь. Парушаюцца нормы санітарыі, ні ў каго няма санітарных кніжак і санітарных пашпартоў. Дайшло да таго, што ў кватэры сталі стукацца грамадзяне неахайнага выгляду, якія прапануюць танныя беларускія прадукты".

«Российская газета» піша, што хоць «Роспотребнадзор» і папярэдзіў жыхароў Браншчыны пра магчымыя атручэньні ад купленых з рук беларускіх прадуктаў, у шэрагу райцэнтраў ужо зафіксаваныя выпадкі, калі мясцовыя аматары танных прадуктаў абаранялі беларускіх вулічных гандляроў ад праверак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG