Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як забівалі бін Лядэна. Падрабязнасьці


Дэталі апэрацыі "Дзіда Нэптуна" выведаў часопіс The New Yorker. "Пытанне аб арышце або узяцьці ў палон нават ніколі ня ставілася", -- піша ён і распавядае, як у атачэньні жонак загінуў тэрарыст № 1.

1 траўня ў 11:00 вечара два верталёты "MH-60 Black Hawk" узьляцелі з авіябазы ў Джэлалабадзе на ўсходзе Аўганістану, піша The New Yorker. "Яны накіраваліся ў Пакістан, каб ажыцьцявіць таемную апэрацыю з мэтай забойства Усамы бін Лядэна", -- сьцьвярджае журналіст Нікалас Шмідл.

На борце верталётаў знаходзіліся 23 амэрыканскія "марскія коцікі" з так званай "Шостай каманды" (афіцыйнае найменьне -- Ваенна-марская адмысловая баявая група разьвіцьця, DEVGRU), паведамляе аўтар. "Іх суправаджалі перакладчык -- амэрыканец пакістанскага паходжаньня, якога я назаву Ахмэдам, і бэльгійская аўчарка зь мянушкай Каір", -- піша журналіст.

Праз 15 хвілін верталёты незаўважна прасьлізнулі ў паветраную прастору Пакістану. Як ім гэта ўдалося? Экспэрт Шуджа Наваз растлумачыў, што асноўныя сілы СПА Пакістану зьвернутыя на ўсход, да Індыі. Неназваны пакістанскі вайсковец даў іншае тлумачэньне: проста Пакістан адстае ад ЗША ў тэхнічнай галіне. "Верталёты Black Hawk (экіпаж кожнага складаецца з двух пілётаў і дапаможнага авіятара з "Начных паляўнічых" -- так неафіцыйна завецца 160-ы авіяцыйны полк адмысловага прызначэньня) мадыфікаваныя для таго, каб мінімізаваць шум і цеплавыдзяленьне, а таксама замаскаваць рух; корпусы верталётаў маюць спляскаваныя абводы і пакрытыя спэцыяльнай "скурай", якая глушыць радары", -- апавядае аўтар.

Група накіроўвалася да дому ў мястэчку Абатабад за 120 міляў ад аўгана-пакістанскай мяжы. З 1947 году ў гэтым горадзе знаходзіцца прэстыжная вайсковая акадэмія. "Паводле зьвестак ЦРУ, бін Лядэн засеў на трэцім доме з участкам плошчай 1 акр блізу Кейкул-роўд у Білан-Таўн, раёне для сярэдняй клясы. Адтуль менш мілі да брамы акадэміі", -- піша аўтар. Плян быў такі: амэрыканскія спэцназаўцы "высаджваюцца зь верталётаў на тэрыторыю сядзібы, душаць супраціў аховы бін Лядэна, страляюць у яго з блізкай адлегласьці на паразу і дастаўляюць труп назад у Аўганістан", сказана ў артыкуле.

Верталёты праляцелі над Мамандам -- адной зь сямі так званых "племянных абласьцей" Пакістану, абышлі з поўначы Пешавар і працягнулі рух на ўсход. Камандзір "Чырвонага эскадрону" DEVGRU -- "Джэймс" ("усе імёны ўдзельнікаў тайнай апэрацыі зьмененыя", - тлумачыць аўтар) сядзеў на падлозе ў салёне верталёта. Ён быў апрануты ў кашулю і штаны з камуфляжнай тканіны з узорам "лічбавая пустэльня". Яго ўзбраеньне складалі Sig Sauer P226 з глушыльнікам, дадатковы запас боепрыпасаў і кароткаствольны аўтамат M4 з глушыльнікам (іншыя "коцікі" аддалі перавагу Heckler & Koch MP7). Ён таксама меў пры сабе пляшку для вады CamelBak, запас энэргетыкаў ў форме жэле, сродкі для першай дапамогі на полі бою. У адной кішэні ў яго ляжала лямінаваная мапа сядзібы, у іншай -- буклет з фота і слоўнымі партрэтамі людзей, якія, як меркавалася, знаходзіліся там. На галаве ў яго была шумаахоўная гарнітура, якая блякавала амаль усе гукі, акрамя біцьця яго сэрца.

За паўтары гадзіны палёту Джэймс і яго таварышы ў думках рэпэтавалі апэрацыю. У іх быў досьвед службы ў Аўганістане, Іраку, Емэне або навакольлях Афрыканскага Рогу. Са словаў інфармаванай крыніцы, у DEVGRU таксама было на рахунку 10/12 таемных вылазак на тэрыторыю Пакістану, пераважна ў Вазірыстан, дзе, як казалі, хаваліся лідэры "Аль-Каіды".

Але апэрацыя ў Абатабадзе была для групы самай далёкай вылазкай ўглыб Пакістану. Таксама гэта была першая з 2001 году сур'ёзная спроба зьнішчыць "каленвал", як называўся бін Лядэн ў дакумэнтах Аб'яднанага штабу спэцапэрацыяў ЗША. Пасьля ўцёкаў з раёну Тора-Бора на ўсходзе Аўганістану зімой 2001 году бін Лядэн зьнік з поля зроку амэрыканцаў. "Уласна, да гэтага часу незразумела, як атрымалася, што ён пасяліўся ў Абатабадзе", -- заўважае аўтар.

Праз 45 хвілін пасьля вылету двух "Блэк Хаўкаў" з Джэлалабаду вылецелі чатыры верталёты MH-47 Chinook. Два зь іх заставаліся з аўганскага боку мяжы, а другія два прайшлі ў Пакістан. Гэта было спантаннае рашэньне, прынятае пасьля таго, як Абама папрасіў гарантыяў, што амэрыканцы змогуць "з боем вырвацца з Пакістану". У двух рэзэрвовых "Чынукаў" на мяжы знаходзілася яшчэ 25 спэцназаўцаў. Два іншыя "Чынукі" прызямліліся ў загадзя абумоўленым месцы ў бязьлюднай даліне на паўночным захадзе Пакістану і чакалі, не выключаючы рухавікоў і выглядаючы пакістанскую авіяцыю.

Тым часам два "Блэк Хаўкі" наблізіліся да Абатабаду з паўночнага захаду, хаваючыся за гарамі. Спэцназаўцы ў пальчатках і акулярах начнога бачаньня, зьбіраліся спусьціцца на двор бін Лядэна па канаце. Але калі пілёт завіс над сядзібай і пачаў зьніжацца, ён адчуў, што губляе кантроль над верталётам.

У гэты момант аўтар перарывае апавяданьне аб апэрацыі і нагадвае перадгісторыю: забіць бін Лядэна і раздушыць "Аль-Каіду" сэнатар Абама паабяцаў у 2008 годзе падчас дэбатаў з Маккейнам, прычым Маккейн назваў гэтае абяцаньне дурным.

У жніўні 2010 году дырэктар ЦРУ Панета паведаміў Абаму радасную навіну: ЦРУ выявіла кур'ера бін Лядэна, нейкага Абу Ахмэда аль-Кувэйці. Аднойчы яго прасачылі да сядзібы ў Абатабадзе, дзе аль-Кувэйці пражываў. "Аль-Кувэйці і ягоны брат прыяжджалі і ад'яжджалі, але яшчэ адзін мужчына, які жыў на чацьвёртым паверсе, ніколі не выходзіў з хаты, а калі й выходзіў, то заставаўся на тэрыторыі сядзібы", -- піша часопіс. Некаторыя аналітыкі выказалі здагадку, што гэта бін Лядэн.

ЦРУ актывізавала збор выведных зьвестак. "Калі верыць нядаўняму паведамленьню The Guardian, лекар, які працаваў на гэтую спэцслужбу, арганізаваў у Абатабадзе выязную вакцынацыю, спадзеючыся здабыць пробы ДНК дзяцей бін Лядэна. (У выніку нікому ў сядзібе прышчэпкі так і не зрабілі)", -- сказана ў артыкуле.

У канцы 2010 году Абама загадаў Панету вывучыць варыянты штурму сядзібы, і той зьвярнуўся да віцэ-адмірала Біла Макрэйвэна, "марскога коціка", які ўзначальвае Аб'яднаны штаб спэцапэрацыяў ЗША. Макрэйвэн даручыў распрацоўку пляну рэйду афіцэру штаба -- нейкаму "Браяну". "Сувязі паміж спэцназам ЗША і ЦРУ ўзыходзяць да віетнамскай вайны. Але ў наш час межы паміж гэтымі сіламі ўсё больш размываюцца: супрацоўнікі ЦРУ і вайскоўцы дачыняюцца падчас шматлікіх камандзіровак у Ірак і Аўганістан", -- адзначае аўтар. Дарэчы, Панета стаў міністрам абароны ЗША, а генэрал Пятрэўс, у мінулым камандуючы сілаў ЗША ў Іраку і Аўганістане, неўзабаве ўзначаліць ЦРУ. Апэрацыя ў Абатабадзе ўзьняла супрацоўніцтва ЦРУ і Пэнтагону на новы ўзровень.

Браян, Джэймс і галоўны старшыня "Чырвонага эскадрону" DEVGRU Марк распрацоўвалі спосабы пранікненьня ў сядзібу. Прапаноўвалася, напрыклад, высадзіцца за горадам і прабрацца ў горад пешкі. Альбо зрабіць падкоп пад сьцяной сядзібы, але геолягі зрабілі выснову, што сядзіба знаходзіцца ў багністай мясцовасьці. Нарэшце, вырашылі высаджвацца проста ў сядзібе, вырашыўшы, што гэтага сапраўды ніхто не чакае.

29 сакавіка Макрэйвэн прадставіў плян Абаму. Меркаваньні вайсковых дарадцаў прэзыдэнта падзяліліся: адныя выступалі за штурм, іншыя -- за бамбёжку, трэція прапаноўвалі дачакацца больш дакладных выведных зьвестак. Бамбаваньне выключыла б рызыку для амэрыканскіх салдат, затое цэлы пакістанскі горад мог быць сьцёрты з твару зямлі. Абама абраў штурм. Трэніроўкі пачаліся 10 красавіка на палігоне, дзе была пабудаваная копія сядзібы.

Меркавалася, што спэцназаўцы высадзяцца трыма групамі -- на двор, на ўскраіну сядзібы і на дах. Перакладчыку Ахмэду было даручана адказваць на роспыты цікаўных суседзяў, а дэсантнікам і сабаку -- у выпадку чаго ўжываць сілу. "Калі б паўсталі складанасьці з пошукам бін Лядэна, Каіра паслалі б у дом шукаць таемныя дзьверы ці фальшывыя сьцены", -- заўважае аўтар.

Апэрацыю назвалі "Дзіда Нэптуна". Афіцыйна яна лічылася сакрэтнай апэрацыяй ЦРУ, што пры неабходнасьці дазволіла б схаваць датычнасьць да яе Белага дому. Для штурму выбралі пэрыяд бязьмесячных начэй. "Раніцай у нядзелю 1 траўня чыноўнікі Белага дому адмянілі загадзя прызначаныя візыты, замовілі сэндвічы з Costco і ператварылі Апэратыўны штаб у будынку ў сапраўдны ваенны штаб", -- апавядае аўтар. Яны ўсталявалі відэасувязь з Панетам у штаб-кватэры ЦРУ і Макрэйвэнам у Аўганістане. "Існавалі яшчэ два штабы, як мінімум: у Пэнтагоне і ў амбасадзе ЗША ў Ісламабадзе", -- гаворыцца ў артыкуле.

Паводле зьвестак аўтара, адзіны ў Белым доме манітор, на які трансьлявалася тое, што адбываецца ў Абатабадзе ў рэальным часе, знаходзіўся ў распараджэньні брыгаднага генэрала Маршала Уэба, намесьніка камандзіра Аб'яднанага штаба спэцапэрацыяў. "Гэта былі здымкі зь няўзброенага бесьпілётніка RQ 170, які лётае на вышыні больш за 15 тыс. футаў над Абатабадам", - піша аўтар. Спэцназаўцаў не падтрымлівалі з паветра зьнішчальнікі або бамбавікі.

"Абама вярнуўся ў Белы дом у 02:00 дня па вашынгтонскім часе, згуляўшы ў гольф на авіябазе Эндрус. Праз 30 хвілін Black Hawks вылецелі з Джэлалабаду, -- паведамляе аўтар. Калі Панета абвясьціў, што верталёты набліжаюцца да Абатабаду, Абама ўскочыў. "Я павінен гэта ўбачыць", -- сказаў ён, перайшоў у невялікі кабінэт і сеў побач з Уэбам. За ім рушылі ўсьлед Байдэн, Гейтс, Гілары Клінтан і ўсе, хто змог зьмясьціцца ў пакоі. На экране першы верталёт паўстаў над сядзібай, і тут жа ў яго пачаліся праблемы, адзначае аўтар.

Верталёт страціў кіраваньне, бо патрапіў у моцны паветраны струмень ад уласнага вінта, паведамляе часопіс. Пілёт быў вымушаны зьдзейсьніць жорсткую пасадку на зямлі падворку сядзібы. Экіпаж падаў "Чынуку" сыгнал трывогі. Другі верталёт зьмяніў плян і прызямліўся на полі непадалёк ад сядзібы. Такім чынам, спэцназаўцы адхіліліся ад пляну: адныя сядзелі ў верталёце з задраным носам, іншыя знаходзіліся звонку, на іншым краі сядзібы. У жылую частку сядзібы яшчэ ні адзін амэрыканец не пракраўся. У Вашынгтоне з трывогай чакалі вестак.

Празь некалькі хвілін 12 спэцназаўцаў зь першага верталёта рапартавалі, што працягваюць штурм. "Гэта была адна з амаль 2 тысяч апэрацыяў, праведзеных за апошнія пару гадоў", -- паведаміла пра абатабадзкую апэрацыю аўтару нейкая высокапастаўленая крыніца ў Пэнтагоне. Сакрэтныя апэрацыі -- справа рутынная, усё роўна як "стрыгчы газон", заўважыла крыніца. Зь яе словаў, у той самы дзень, 1 траўня, амэрыканскі спэцназ, які базуецца ў Аўганістане, правёў яшчэ 12 апэрацыяў.

Першая група падарвала вароты хлява, затым яшчэ адны зачыненыя вароты і апынулася на двары ў гасьцявога дому, дзе жыў аль-Кувэйці са сваёй жонкай і чатырма дзецьмі. Тры спэцназаўцы накіраваліся зачышчаць гасьцявы дом, а 9 падарвалі яшчэ адны вароты і ўвайшлі ва ўнутраны двор, дзе знаходзіцца галоўны дом. Аль-Кувэйці кінуўся ў дом папярэдзіць жонку і дзяцей, схапіў зброю, выбег назад і быў застрэлены.

Амэрыканцы падазравалі, што ў доме таксама знаходзіліся Абрар, 33-гадовы брат Ахмэда аль-Кувэйці, сыны бін Лядэна Хамза і Халід, а таксама сам бін Лядэн. Абрар зьявіўся ў дзьвярах з аўтаматам Калашнікава ў руках. "Ён атрымаў кулю ў грудзі і быў забіты, як і яго жонка Бушра, якая стаяла побач зь ім бяз зброі", -- гаворыцца ў артыкуле.

Па дарозе звонку сядзібы хадзіў перакладчык Ахмэд, з выгляду -- выліты пакістанскі паліцыянт у цывільным. Ён і яго група патрулявалі подступы да хаты. Другая група, якая высадзілася на полі замест даху, увайшла ў сядзібу. Калі зьявіліся разявакі, Ахмэд адагнаў іх, сказаўшы на пушту: "Вяртайцеся да сябе дадому. Ідзе спэцапэрацыя". Ніхто не падумаў, што з імі гаворыць амэрыканец.

Спэцназаўцы ўвайшлі ў галоўны дом. Пазьней у тэлеінтэрвію Панета сказаў, што ў Вашынгтоне 20-25 хвілін ня ведалі, што адбываецца. "Насуперак паведамленьню CBS, якое багата цытуецца, спэцназаўцы ня мелі касак з убудаванымі відэакамэрамі. Ніхто зь іх ня ведаў пляніроўкі дому", -- піша аўтар. Ён падкрэсьлівае, што гэтая частка артыкула заснаваная на асабістых успамінах спэцназаўцаў, так што магчымыя недакладнасьці і штосьці можна аспрэчыць.

"Дзеці Абрара пабеглі хавацца, а спэцназаўцы пачалі аглядаць другі паверх галоўнага дому, пакой за пакоем. Раней амэрыканцы лічылі, што ў доме могуць быць міны, але прысутнасьць дзяцей з гэтым дапушчэньнем не вязалася", -- адзначае выданьне. І ўсё ж уваход на лесьвіцу, якая вядзе на трэці паверх, закрывалі замкнёныя жалезныя дзьверы, так што пакой нагадваў клетку.

Падарваўшы дзьверы, тры спэцназаўцы падняліся па лесьвіцы. 23-гадовы сын бін Лядэна, Халід, выглянуў з-за рогу, а затым зьявіўся на верхняй пляцоўцы лесьвіцы з аўтаматам і абстраляў амэрыканцаў. "Крыніца ў контрразьведцы сьцьвярджае, што Халід быў бяззбройны, але пагрозу зь яго боку трэба было ўспрымаць сур'ёзна: "Дарослы мужчына позна ноччу ў цемры спускаецца вам насустрач па лесьвіцы хаты, дзе жывуць сябры "Аль-Каіды", -- можна выказаць здагадку, што гэта вораг", -- адзначае аўтар. Спэцназаўцы адкрылі агонь у адказ і забілі Халіда.

Падарваўшы яшчэ адну жалезную клетку ля ўваходу на лесьвіцу, якая вядзе на чацьвёрты паверх, тры спэцназаўцы падняліся наверх. Адзін зь іх, дзякуючы акулярам начнога бачаньня ўбачыў, што высокі мужчына з кароткай бародкай выглядвае з-за дзьвярэй спальні, і зразумеў: гэта "каленвал". "Крыніца ў контрразьведцы сьцьвярджае, што спэцназавец упершыню ўбачыў бін Лядэна на лесьвічнай пляцоўцы і стрэліў, але прамахнуўся", -- заўважае аўтар.

"Амэрыканцы рвануліся да дзьвярэй спальні. Першы спэцназавец расчыніў іх. Дзьве жонкі бін Лядэна загарадзілі яму дарогу. Амал аль-Фатах, пятая жонка бін Лядэна, нешта лямантавала па-арабску. Мяркуючы па яе рухах, яна зьбіралася кінуцца ў атаку; спэцназавец апусьціў ствол і стрэліў ёй у нагу. Асьцерагаючыся, што на адной або абедзьвюх жанчынах надзетыя "камізэлькі шахіда", ён выступіў наперад, моцна абняў абедзьвюх і адцягнуў у бок. Калі б яны ўзарвалі сябе, ён бы амаль напэўна загінуў, але, магчыма, яму ўдалося б прыняць на сябе частку выбуху і выратаваць двух іншых спэцназаўцаў. У выніку аказалася, што ні на адной з жанчын камізэлек з выбухоўкай не было", - гаворыцца ў артыкуле.

Другі спэцназавец увайшоў у пакой і навёў інфрачырвоны лязэрны прамень сваёй M4 на грудзі бін Лядэна. Той замёр. Ён ня быў узброены. "Пытаньне аб яго арышце або узяцьці ў палон нават ніколі ня ставілася. Гэта не было спантанным рашэньнем. Арыштаваныя нікому не былі патрэбныя", -- сказала аўтару крыніца сярод афіцэраў, якiя праводзяць спэцапэрацыі. "Адміністрацыя ЗША запэўнівае: калі б бін Лядэн неадкладна здаўся, яго маглі б узяць жывым", -- дадае аўтар. Першая куля, калібру 5,56 мм, трапіла яму ў грудзі, другая -- у галаву крыху вышэй за левае вока. Па рацыі спэцназавец далажыў: "За Бога і краіну -- Джэроніма, Джэроніма, Джэроніма". І, памаўчаўшы, дадаў: "Geronimo EKIA", што азначае: "Джэроніма - вораг, забіты ў баі". Пад кодавым словам "Джэроніма" маецца на ўвазе бін Лядэн і яго выяўленьне ў часе апэрацыі.

"Пачуўшы гэтыя словы ў Белым доме, Абама скрывіў рот і ўрачыста вымавіў, ні да кога канкрэтна не зьвяртаючыся:" Мы зь ім управіліся", -- піша аўтар.

Жанчын зьвязалі і адвялі ўніз. Спэцназаўцы паклалі цела бін Лядэна ў загадзя падрыхтаваны нэйлёнавы мех. Гэта адбылося праз 18 хвілін пасьля высадкі. Астатнія 20 хвілін спэцназаўцы прысьвяцілі збору выведных зьвестак: сабралі флэшкі, дыскі, кампутарную тэхніку. Жанчын і дзяцей дапыталі. "Здавалася, яны паняцьця ня мелі, хто такі жыхар верхняга паверху, акрамя таго, што ён "стары". Ні адна з жанчын не пацьвердзіла, што гэта быў бін Лядэн; праўда, адна зь іх увесь час называла яго "шэйхам", -- гаворыцца ў артыкуле. На рэзэрвовым "Чынуку" прыбыў лекар. "Ён усадзіў у цела бін Лядэна шпрыц і узяў дзьве пробы касьцявога мозгу на аналіз. Узялі таксама іншыя ўзоры ДНК з дапамогай тампонаў. Адзін з узораў касьцявога мозгу пагрузілі на "Блэк Хаўк", другі -- на "Чынук" разам зь целам бін Лядэна", - піша аўтар.

Спэцназаўцы падарвалі "Блэк Хаўк", які пацярпеў крушэньне, і паляцелі на "Чынуку". Жанчын і дзяцей пакінулі ў сядзібе, каб зь імі разьбіраліся пакістанскія ўлады. Заставалася вярнуцца ў Аўганістан, прычым "Блэк Хаўк" спачатку павінен быў сустрэцца з рэзэрвовым "Чынукам" каля мяжы з пакістанскага боку і дазаправіцца. Гэта адабрала 25 хвілін. У тры гадзіны ночы верталёты вярнуліся ў Джэлалабад.

Цела бін Лядэна сфатаграфавалі. "Як лічылася, рост бін Лядэна -- прыкладна 6 футаў 4 цалі. Але рулеткі ні ў кога не знайшлося. Тады адзін спэцназавец, ростам роўна 6 футаў, лёг побач з трупам: апынулася, што нябожчык прыкладна на 4 цалі вышэйшы за амэрыканца", -- піша аўтар. Празь некалькі хвілін Макрэйвэн празь відэасувязь пацьвердзіў, што ў мяху знаходзіцца труп бін Лядэна. Труп адправілі на базу ў Баграме.

"З самага пачатку спэцназаўцы плянавалі скінуць цела бін Лядэна ў мора -- грубы спосаб пакончыць зь мітам пра бін Лядэна", -- піша аўтар. Прэцэдэнт ужо быў: у верасьні 2009 году "марскія коцікі" забілі Салеха Алі Салеха Набхана, аднаго з вышэйшых лідэраў «Аль-Каіды» ва Ўсходняй Афрыцы. "Труп Набхана даставілі па паветры на карабель у Індыйскім акіяне, зьдзейсьнілі над ім належныя мусульманскія абрады і кінулі за борт", -- гаворыцца ў артыкуле.

Праўда, у дадзеным выпадку Джон Брэнан, дарадца Абамы ў барацьбе з тэрарызмам, патэлефанаваў нейкаму прадстаўніку спэцслужбаў Савудаўскай Арабіі. "Сваякі бін Лядэна застаюцца заўважным клянам ў Савудаўскай Арабіі, Усама калісьці быў грамадзянінам гэтай краіны. Ці не зацікаўлены ўрад Савудаўскай Арабіі ў тым, каб забраць цела?" -- сказана ў артыкуле. "Мяркую, ваш плян добры", -- адказаў савудавец.

Амэрыканскі самалёт зь целам бін Лядэна перасёк паветраную прастору Пакістану, прычым без дазволу: амэрыканцы асьцерагаліся, што пакістанцы, прыніжаныя апэрацыяй у Абатабадзе, гэтага дазволу не дадуць. Самалёт зьдзейсьніў пасадку на палубе карабля "Карл Вінсан". Там цела бін Лядэна абмылі, загарнулі ў белы саван, узважылі і паклалі ў мех. Са словаў Брэнана, усё было зроблена ў строгай адпаведнасьці з мусульманскімі абрадамі. Цела апусьцілі ў ваду.

У Абатабадзе мясцовыя жыхары і журналісты сабраліся каля сядзібы. "Я рады, што пры аварыі ніхто не пацярпеў, але ў некаторым сэнсе задаволены, што мы пакінулі там верталёт. Гэта прымушае кансьпіралёгію закрыць рот і адразу выклікае давер. Паколькі там ляжыць верталёт, адразу верыш ва ўсе астатняе", -- заўважыла крыніца сярод афіцэраў, якiя праводзяць спэцапэрацыі.

Блізкасьць дому бін Лядэна да пакістанскай вайсковай акадэміі наводзіць на меркаваньне, што яго аберагалі пакістанскія вайсковыя або спэцслужбы. "Times паведаміла, што як мінімум у адным сотавым тэлефоне, знойдзеным у доме бін Лядэна, утрымліваліся тэлефоны высокапастаўленых вайскоўцаў з "Харакат-уль-Муджахідзін", джыхадысцкай арганізацыі, цесна зьвязанай з пакістанскай Міжведамаснай выведкай", -- гаворыцца ў артыкуле. Але відавочных доказаў таго, што пакістанскія афіцыйныя асобы дапамагалі бін Лядэну хавацца ў Абатабадзе, не даецца.

"Сьмерць бін Лядэна забясьпечыла Беламу дому сымбалічную перамогу, якая яму патрабавалася для пачатку вываду войскаў з Аўганістану", -- піша аўтар. Але контартэрарыстычныя дзеяньні ЗША на тэрыторыі Пакістану наўрад ці ў бліжэйшы час будуць згорнутыя. Амэрыканскія вайскоўцы і разьведчыкі пытаюцца, ці не хаваюцца ў пакістанскіх гарадах іншыя тэрарысты, якіх варта зьнішчаць зь верталётаў.

6 траўня "Аль-Каіда" пацьвердзіла сьмерць бін Лядэна і паабяцала амэрыканцам, што іх радасьць ператворыцца ў гора, а іх сьлёзы зьмяшаюцца з крывёю. У той жа дзень Абама сустрэўся са спэцназаўцамі з DEVGRU і экіпажамі верталётаў. ("Раней ён сустрэўся з Макрэйвэнам у Белым доме і падарыў яму рулетку", -- заўважае аўтар). Прэзыдэнт глядзеў на іх з глыбокай павагай, заўважыў Бэн Родс, намесьнік дарадцы прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы. "Яны ведалі, што ён рызыкаваў сваім прэзыдэнцтвам з-за гэтай апэрацыі. А ён ведаў, што яны рызыкавалі сваім жыцьцём", -- дадаў Родс. Абама таксама пажадаў пазнаёміцца са службовым сабакам Каірам: "ён яго пагладзіў, але наморднік з сабакі здымаць ня сталі".

Абама таксама сустрэўся з камандай, якая выконвала дапаможную ролю, і падзякаваў усім за бліскуча выкананае заданьне.

"Ён сфатаграфаваўся з усімі членамі групы паасобку і з многімі пагутарыў, але адну тэму ён не падымаў. Ён так і не спытаў, хто менавіта зрабіў стрэл на паразу, а спэцназаўцы не ўзялі на сябе ініцыятыву і не сказалі яму пра гэта", -- заключае аўтар артыкулу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG