Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны ў Беларусі будуць імкнуцца да ўзроўню цэн у суседніх краінах, заявіў на пасяджэньні Савету міністраў у Менску 2 жніўня намесьнік старшыні ўраду Сяргей Румас.

Ён падкрэсьліў, што "дэвальвацыя нацвалюты прывяла да росту выдаткаў беларускіх вытворцаў, а няпэўнасьць курсавой палітыкі не дазваляе выйсьці на стабільныя ўмовы працы і прымушае закладаць у цэны дэвальвацыйныя чаканьні і рызыкі ад абмежаваньняў, вызначаных на валютным рынку".

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, значны цэнавы разрыў з суседнімі дзяржавамі будзе стымуляваць неарганізаваны вываз беларускіх спажывецкіх тавараў, найперш харчаваньня. "Апрача таго, і цэны будуць імкнуцца да ўзроўню цэн на зьнешнім пэрымэтры, і ў першую чаргу да ўзроўню цэн у Расеі", — сказаў Румас.

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што за першае паўгодзьдзе індэкс спажывецкіх цэн дасягнуў найгоршага за апошнія 10 гадоў значэньня — 36,2%. Вызначальны ўплыў на рост цэн у красавіку—чэрвені зрабілі манэтарныя фактары — дэвальвацыя і множнасьць курсаў. "Але назапашаны ў першым паўгодзьдзі інфляцыйны патэнцыял поўнасьцю не рэалізаваны", — зазначыў Румас.

Каб прадухіліць скачкападобны рост цэн, урад увёў абмежаваньні на прырост да 1 ліпеня адпускных цэн па цэлым шэрагу тавараў. "У сувязі з заканчэньнем тэрміну дзеяньня абмежаваньняў цэны на гэтыя тавары прыйшлі да рэальнага значэньня. Адсюль і працяг росту індэксу спажывецкіх цэн — 103,1% за тры тыдні ліпеня", — падкрэсьліў Румас.

Міністар эканомікі Мікалай Снапкоў, са свайго боку, зазначыў, што для забесьпячэньня ўнутранай збалянсаванасьці неабходна зрабіць усе захады, каб запаволіць інфляцыйныя працэсы. "Для гэтага трэба дакладна разумець, што ўплывае на рост цэн. Цэны растуць, калі ў эканоміцы грошай больш, чым яна зарабіла", — падкрэсьліў міністар. Таму, паводле яго слоў, з боку рэальнага сэктару эканомікі найважнейшым індыкатарам стануць суадносіны тэмпаў росту заработнай платы і прадукцыйнасьці працы. "Заработная плата павінна быць зароблена", — заявіў Снапкоў.

Сяргей Румас нагадаў пра яшчэ адну наяўную тэндэнцыю: "У другім паўгодзьдзі аб'ём спажываньня будзе падаць з-за зьніжэньня рэальных даходаў насельніцтва. У кароткатэрміновай пэрспэктыве структура спажываньня зьменіцца ў бок харчовых тавараў".

Вынікам гэтага, паводле яго слоў, будзе скарачэньне аб'ёмаў рэалізацыі прамысловых тавараў на ўнутраным рынку. "Пры няздольнасьці таваравытворцаў пераарыентавацца на зьнешні рынак узьнікае пагроза росту складзкіх запасаў або зьніжэньня аб'ёмаў выпуску прадукцыі", — канстатаваў Румас.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG