Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку — палітвязьні, потым — крэдыты


Шэсьць амэрыканскіх сэнатараў заклікалі кіраўніка амэрыканскага прадстаўніцтва ў МВФ Тымаці Гейтнэра галасаваць супраць выдзяленьня крэдыту Беларусі. Яны лічаць, што крэдыт МВФ у сёньняшніх умовах супярэчыць інтарэсам як ЗША, так і Эўразьвязу. Паводле сэнатараў, амэрыканскі прадстаўнік у МВФ павінен публічна заявіць, што "бяз вартых даверу палітычных і эканамічных рэформаў — уключна зь неадкладным і безумоўным вызваленьнем палітычных вязьняў — ЗША ня будуць падтрымліваць ніякую далейшую дапамогу МВФ Беларусі". У адваротным выпадку сэнатары прапануюць уводзіць дадатковыя санкцыі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў. Як ставяцца да гэтай заявы ў Беларусі?

У беларускім Міністэрстве замежных спраў, а таксама ў прэсавай службе прэм'ер-міністра і ў камісіі па замежных справах Палаты прадстаўнікоў сказалі, што ня бачылі гэтай заявы, і ад камэнтароў устрымаліся.

Паводле лідэра руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча, абсалютна правільна, калі МВФ ня дасьць крэдыту Беларусі, пакуль ёсьць палітвязьні. Разам з тым ён лічыць неэфэктыўнымі эканамічныя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў.

Аляксандар Мілінкевіч

"МВФ — гэта не палітычная структура. І звычайна там цікавяцца толькі станам эканамічных рэформаў і падтрымліваюць структурныя пераўтварэньні. Але ў выпадку Беларусі, я лічу, абсалютна слушна, калі МВФ будзе ўлічваць тое, што ў Беларусі больш за сорак чалавек сядзяць з палітычных прычын у турме. І падтрымліваць крэдытамі рэжым, які дэманстратыўна парушае правы чалавека, ні ў якім выпадку нельга. А грошы Беларусі трэба даваць ня проста на ўтрыманьне краіны — недэмакратычнай, беспэрспэктыўнай — а выключна на тое, каб на Беларусі хутка прайшлі неабходныя рынкавыя рэформы".

Экс-кандыдат у прэзыдэнты, лідэр грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Ўладзімер Някляеў лічыць, што амэрыканскія сэнатары маюць рацыю. У час, калі ўся ўсясьветная дэмакратычная супольнасьць патрабуе вызваліць ні ў чым не вінаватых людзей, пра крэдыты нельга весьці й гаворкі. Адносна пашырэньня санкцый спадар Някляеў сказаў:

Уладзімер Някляеў

"Я лічу, што мы абавязаныя дамагчыся вызваленьня палітвязьняў. Гэта наш маральны, грамадзянскі абавязак. І таму любыя крокі з боку міжнароднай супольнасьці, якія будуць нам дапамагаць у гэтым, мы будзем толькі вітаць. У тым ліку самыя рашучыя.

Я не за тое, каб Беларусь не атрымлівала крэдытаў. Я за тое, каб яна іх атрымлівала з толкам. Крэдыт пры палітвязьнях і пры адсутнасьці, пра што і кажуць амэрыканскія сэнатары, ня толькі рэформаў, а нават і іх прыкметаў, — гэта крэдыт зусім не на карысьць народу, зусім не на карысьць Беларусі, а на карысьць толькі рэжыму, які гэтымі крэдытамі скарыстаецца сам. Гэты крэдыт будзе скарыстаны толькі на ўтрыманьне рэжыму. Яны скарыстаюць грошы толькі на саміх сябе. І палову зь іх пад фанфары раскрадуць".

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч падтрымлівае пазыцыю амэрыканскіх сэнатараў і лічыць, што крэдыт МВФ Беларусі даваць нельга. Ён назваў заяву дарэчнай і своечасовай.

Сяргей Гайдукевіч

"Вядома, трэба ўсіх людзей вызваліць, усіх да аднаго. Трэба спыняць перасьлед людзей, бо гэта дурасьць, бяздарнасьць і шаленства. Народ адно кажа: як жыць далей? А яны пачынаюць там — нехта папляскаў, нехта чхнуў. Ня так яшчэ будзе. Ня толькі запляскаюць, але і затупаюць. Таму гэтая ўмова абавязковая, і тут ніякіх размоваў быць ня можа.

Мы цяпер паціху валімся ў прорву. І браць гэтыя крэдыты, калі эканоміку ніхто не мяняе, ніхто ўрад у адстаўку не накіроўвае, адны казкі, — гэта забойства. І дзякуй сэнатарам, што яны гэта разумеюць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG