Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч абяцае прыбыткі і кадравую рэвалюцыю


Міхаіл Мясьніковіч

Міхаіл Мясьніковіч

Прэм'ер Міхаіл Мясьніковіч сёньня на паседжаньні ўраду распарадзіўся , каб сёлета "рэальныя прыбыткі насельніцтва былі не ніжэйшымі параўнальна з 2010 годам". Ён таксама паабяцаў правесьці пазачарговую атэстацыю кадраў на месцах. Пры гэтым слова "крызіс" у адносінах да беларускай эканомікі прэм'ер не ўжываў.

Міхаіл Мясьніковіч, гаворачы пра крызіс, карыстаўся эўфэмізмам: "складанасьці ў функцыянаваньні народнай гаспадаркі". Іх вытокі прэм'ер бачыць у "залішнім захапленьні экстэнсіўнымі фактарамі росту эканомікі".

Эканаміст Леанід Заіка сказаў "Свабодзе", што гэтыя словы вярнулі яго ў часы XXIII зьезду КПСС:

Леанід Заіка

"Тады савецкае кіраўніцтва пад ціскам інтэлектуалаў пачало гаварыць пра інтэнсіўны шлях разьвіцьця. То бок пра выкарыстаньне ў расшыраным узнаўленьні мадэрнізаванай тэхнікі, інавацыяў. У той час гэта называлася НТП — навукова-тэхнічным прагрэсам.

Тут Міхаіл Уладзіміравіч, найхутчэй, прачытаў выказваньне тых, хто рыхтаваў яму даклад. Пярэчыць гэтаму сэнсу няма. 40 гадоў спрабавалі. Можа, на 41-м нешта ўдасца?".

Новыя задачы павінны вырашаць новыя людзі. Сёньня прэм'ер паабяцаў правесьці пазачарговую атэстацыю, "кагосьці трэба скараціць, кагосьці перавесьці на новую працу". Мясьніковіч казаў, што мясцовыя чыноўнікі толькі просяць грошы зь бюджэту на дзяржаўныя праграмы, аднак не адказваюць за рэалізацыю такіх праграм.

Дзьве задачы, які паставіў прэм'ер, эканаміст Леў Марголін зьвязвае ў адну:

Леў Марголін

"У нас сапраўды экстэнсіўны шлях. Але ж гэта ідзе не ад кадраў, а — зьверху. Бо калі да прадпрыемстваў даводзяцца экстэнсіўныя паказьнікі, то гэта і ёсьць экстэнсіўнае разьвіцьцё. Калі б прадпрыемствы арыентаваліся на паказьнікі якасьці — прыбытак, рэнтабэльнасьць, — то гэта быў бы інтэнсіўны шлях разьвіцьця эканомікі.

І паколькі не ва ўладзе Мясьніковіча зьмяніць гэты шлях, бо Лукашэнка не аднойчы казаў, што мы рухаемся ў правільным кірунку, то прэм'ер вырашыў, што трэба знайсьці новых выканаўцаў. Толькі мне незразумела, дзе ён іх будзе шукаць? Любому выканаўцу, які пастаўлены ў такія вузкія ўмовы, вельмі цяжка будзе нешта зрабіць".

Міхаіл Мясьніковіч запатрабаваў ад ураду забясьпечыць прыбыткі насельніцтва Беларусі на роўні леташніх. Але як гэтага дамагчыся -- не сказаў.

"Таму, — кажа Леанід Заіка, — што гэтая мэта наагул недасягальная на тле значнага падзеньня валавога ўнутранага прадукту Беларусі, калі вымяраць яго не ў рублях, а ў далярах":

"Калі ён быў у 2010 годзе 55 мільярдаў даляраў, то сёлета будзе 33—35 мільярдаў. І ўтрымаць ровень жыцьця сёлета на леташнім паказьніку будзе немагчыма. Ужо адбыўся гэты амаль двухразовы зрух, калі заробак панізіўся да роўню 320 даляраў і будзе "плаваць" у гэтых межах. І таму мэта Мясьніковіча, найхутчэй, — папулісцкая, палітычная. Я б замест гэтага казаў, што мы будзем жыць па сродках".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG