Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля Горацкай калёніі разагналі пікет у падтрымку Дашкевіча

абноўлена

Паплечнікі Дашкевіча разгарнулі перад будынкай калёніі расьцяжку, на якой напісана "Спыніце перасьлед". Яны лічаць, што ў турме з Дашкевічам адбываецца нешта нядобрае, бо іншых тлумачэньняў, чаму да Дашкевіча не дапускаюць адвакатаў, на іхнюю думку, няма.

Калі супрацоўнікі міліцыі пачалі разганяць пікет, пікетоўцы селі на зямлю. Міліцыянты вырывалі расьцяжку, зацягвалі актывістаў у адміністрацыйны будынак калёніі. Людзі сталага веку абаранялі моладзь, адбыліся сутычкі ўдзельнікаў зь міліцыяй.

19.35 Удзельнікі пікету застануцца за кратамі да раніцы 3 жніўня 3 жніўня будуць разглядаць 15 адміністрацыйных спраў.

19.18 За пікет у падтрымку Зьмітра Дашкевіча ля Горацкай турмы затрымана 15 чалавек, сярод іх і незалежная журналістка Тацяна Шапуцька, карэспандэнтка "Новага часу". Тры гадзіны пасьля затрыманьня ўжо прайшло, але супрацоўнікі Горацкага райаддзелу міліцыі не даюць ніякай інфармацыі, што канкрэтна будзе з затрыманымі – альбо яны застануцца ў пастарунку да раніцы да суду, альбо іх выпусьцяць з паветкамі ў суд.

18.20 Cтаршыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў праз сацыяльную сеткі Фэйсбук, што ягоную машыну блякіравалі супрацоўнікі горацкай ДАІ: “Блякавалі аўто. Тыя ж супрацоўнікі ДАІ, якія правяралі дакумэнты па прыездзе ў Горкі. Паўторна праверылі дакумэнты і агледзелі машыну”, -- піша Анатоль Лябедзька. – “Пасьля яны дачакаліся ўказаньня “зверху” і нас з журналістам Барысам Гарэцкім адпусьцілі. Зараз мы каля будынку мясцовага РУУС, у двор якога заехаў аўтазак, верагодна, узяты напракат у калоніі”.


17.05 Паводле словаў відавочцы затрыманьняў ля Горацкай калёніі журналіста Эўрарадыё Віталя Ругайна, на дапамогу ахове калёніі прыехалі міліцыянты з Горак. Яны пагрузілі каля 20 чалавек ў аўтазак, прычым, выключна моладзь – жанчын сталага веку не чапалі, і павезьлі да будынку Горацкага РАУС. Затрыманыя дагэтуль знаходзяцца ў аўтазаку. Міліцыянты перадалі ім ваду.


16.30 Паводле паведамленьня сайту "Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі", супрацоўнікі міліцыі Горак 2 жніўня затрымалі каля 20 чалавек, якія прыехалі ў горад патрабаваць сустрэчы зьняволенага Змітра Дашкевіча з адвакатам. Сярод затрыманых – каардынатар аргкамітэту БХД па Берасьцейскай вобласці Зміцер Шурхай.

"Ля калёніі хлопцы сталі з расьцяжкай "Спыніце перасьлед!". Да іх падбеглі міліцыянты і супрацоўнікі калоніі, яны здолелі забраць і парваць расцяжку, але нікога не забіралі. Затым праз некаторы час пад'ехаў аўтазак, у які пачалі саджаць людзей. Хутчэй за ўсё, нас павязуць у Горацкі РАУС", - паведаміў з аўтазаку Зміцер Шурхай.

Паводле ягоных словаў, сярод затрыманых таксама актывіст БХД Яўген Скрабец, маладафронтаўцы Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Іван Шыла і іншыя.


16.25 Лідэр кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімер Някляеў, які сёньня быў у Горацкай калёніі, зьехаў адтуль літаральна за 5 хвілін да брутальнага затрыманьня сябраў "Маладога фронту".

"Я напісаў заяву, якую ўсе падпісалі. У ёй – занепакоенасьць лёсам і нават жыцьцём Зьмітра Дашкевіча, да якога ўжо працяглы час не пускаюць адваката, магчыма, яго зьбіваюць. Заяву прыняў маёр, запэўніў, што мы дарма турбуемся, зараз, маўляў, ня сталінскія часы... Мы паехалі, бо мне а 18-й гадзіне трэба быць у Менску. Прыкладна палова маладафронтаўцаў там яшчэ заставалася. Адчувалася, што кіраўніцтва калёніі было разгублена, ня ведала, што ім рабіць. Відаць, пазьней выклікалі АМАП".




Раней сёньня ля ўваходу ў Горацкую папраўчую калёнію нумар 19, дзе адбывае пакараньне лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, сабралася каля 30 чалавек. Гэта журналісты, паплечнікі Зьмітра, актывісты апазыцыйных арганізацыяў. Сярод іх — старшыня АГП Анатоль Лябедзька, лідэр кампаніі "Гавары праўду" Уладзімер Някляеў.

Намесьнік начальніка калёніі адмовіў адвакату Анатолю Мялеку ў сустрэчы з Дашкевічам з той прычыны, што нібыта сам Дашкевіч не пісаў заяўку на такую сустрэчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG