Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У прыёмнай адміністрацыі прэзыдэнта — "Выратуем Зьмітра Бандарэнку!"


Зьміцер Бандарэнка
Зьміцер Бандарэнка
2 жніўня грамадзкія актывісты правялі ў Менску акцыю "Выратуем Зьмітра Бандарэнку!". У прыёмную Адміністрацыі прэзыдэнта падавалі асабістыя прашэньні грамадзян на імя Аляксандра Лукашэнкі аб зьмякчэньні пакараньня апазыцыянэру Зьмітру Бандарэнку.

Усе просьбы ўтрымлівалі аднолькавы тэкст: "Спадар прэзыдэнт. Наша рэспубліка тэрытарыяльна, гістарычна і культурна зьяўляецца часткай Эўропы, мы, як нацыя, імкнемся адпавядаць яе стандартам, у тым ліку ў пытаньні гуманнасьці Зыходзячы з гэтага, а таксама з маіх асабістых чалавечых меркаваньняў, прашу вас аб зьмякчэньні меры пакараньня Зьмітру Бандарэнку (асуджанаму не за цяжкае злачынства) у сувязі са значным пагаршэньнем яго здароўя, якое прычыняе яму пастаянны нясьцерпны боль і пагражае пры ўтрыманьні ў турэмных умовах зьнерухомліваньнем".

Першыя прашэньні ўдзельнікі акцыі пачалі прыносіць у адміністрацыю каля паўдня. Паводле зьвестак БелаПАН, да 14.00 у адміністрацыю было пададзена як мінімум 15 прашэньняў. Мяркуецца таксама, што звароты аналягічнага зьместу паступяць на імя Лукашэнкі зь Нямеччыны і Ізраілю.

Зьміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" і давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Андрэя Саньнікава на выбарах 2010 году, асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня. 26 ліпеня яму зрабілі апэрацыю на хрыбетніку ў 5-й клінічнай бальніцы Менску. Пры гэтым палітыку адмовілі ў кансультацыі нэўрахірурга. Родныя і сябры Бандарэнкі асьцерагаюцца, што адпраўка ў калёнію пасьля складанай апэрацыі можа прывесьці да інваліднасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG