Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіргізстан рыхтуецца да першых мірных выбараў


Кіраўніцтва Кіргізстану ў часе народнай Асамблеі ў чэрвені 2011

Кіраўніцтва Кіргізстану ў часе народнай Асамблеі ў чэрвені 2011

Трыццаць чалавек на сёньня заявілі пра жаданьне змагацца за пасаду прэзыдэнта Кіргізстану. Чакаецца, што на выбарах, якія павінны адбыцца сёлета ў кастрычніку, грамадзяне ўпершыню свабодна абяруць кіраўніка краіны. Ад 1991 году гэта вырашалася праз пераварот.

Прэзыдэнт Кіргізстану абіраецца на тэрмін 6 гадоў. Цяперашні кіраўнік краіны Роза Атунбаева паводле закону ня мае права выстаўляць сваю кандыдатуру другі раз. Тэрмін яе прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў заканчваецца 31 сьнежня сёлета, і паводле заканадаўства, выбары павінны адбыцца не пазьней як за два месяцы да гэтай даты.

ЦВК Кіргізстану паведамляе, што дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатамі падалі ўжо 30 чалавек. У сьпісе прэтэндэнтаў – цяперашнія і былыя дэпутаты парлямэнту, журналісты, прадпрымальнікі, беспрацоўныя, фэрмэр, хатняя гаспадыня, генэрал міліцыі ў адстаўцы. 7 кандыдатаў былі вылучаныя палітычнымі партыямі, астатнія – самавылучэнцы. Як лічаць экспэрты, найбольшыя шанцы маюць два-тры чалавекі са сьпісу, і ў першую чаргу лідэр партыі Ата Журт (Айчына) Камчыбек Ташыеў ці кіраўнік партыі Бутун Кіргізстан (Адзіны Кіргізстан) Адухан Мадумараў.

Для праходжаньня працэдуры рэгістрацыі кандыдаты павінны будуць сабраць 30 тысяч подпісаў у сваю падтрымку, унесьці выбарчы задатак 100 тысяч сомаў ( прыблізна 2,2 тыс. даляраў), сфармаваць перадвыбарчы фонд, памер якога не павінен перавышаць 50 мільёнаў сомаў (1,1 млн даляраў), а таксама здаць экзамэн на веданьне дзяржаўнай кіргіскай мовы. Рэгістрацыя кандыдатаў павінна завяршыцца 16 жніўня.

Ад моманту набыцьця незалежнасьці ў 1991-м годзе перадача ўлады тут дагэтуль ніколі не праходзіла мірным шляхам. Папярэдні кіраўнік Курманбек Бакіеў пакінуў краіну ў выніку народнага паўстаньня. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па абвінавачваньні ў расстрэле 7 красавіка 2010 году дэманстрантаў у Бішкеку. Тады загінулі 86 чалавек.

Бакіеў зь сям’ёй на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі пасяліўся ў Беларусі. У адным з апошніх інтэрвію кіргіскай службе Радыё Свабода Бакіеў сказаў, што не пакідаў Беларусі і не зьбіраецца пакуль вяртацца на радзіму. Ён не адказаў на пытаньне, ці займаецца ў Беларусі бізнэсам, аднак запэўніў, што за час працы на кіраўнічых пасадах назапасіў дастаткова сродкаў, “каб утрымліваць адну сям’ю”.
XS
SM
MD
LG