Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закрыты суд над удзельнікамі акцыі ў Брузгах перанесьлі


Адзін з адказчыкаў на пачатку сёньняшняга паседжаньня выступіў з хадайніцтвам, каб ягоныя правы ў судзе абараняў адвакат. Суд задаволіў хадайніцтва і дазволіў адвакату да 4 жніўня азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Пасьля таго як у судзе быў абвешчаны перапынак, большасьць адказчыкаў накіраваліся ў адвакацкую кантору, каб таксама заключыць дамову з адвакатам на абарону іх інтарэсаў у судзе.

Нагадаю, што пракуратура Гарадзенскай вобласьці падала ў суд пазоў да 36 актыўных удзельнікаў несанкцыянаванага пікету на памежным пункце пропуску "Брузгі". Пазоў пададзены ў інтарэсах упраўленьня ўнутраных спраў аблвыканкаму і Гарадзенскай рэгіянальнай мытні. У ім утрымлівалася патрабаваньне кампэнсаваць страты на суму звыш 11 мільёнаў рублёў.

Учора, падчас другога судовага паседжаньня, суд задаволіў хадайніцтва прадстаўнікоў УУС Гарадзенскага аблвыканкаму аб тым, каб зрабіць працэс закрытым — на той падставе, што ў матэрыялах справы ёсьць міліцэйскія дакумэнты толькі для службовага карыстаньня.



Увечары 12 чэрвеня на памежным пераходзе "Брузгі" ў Гарадзенскай вобласьці каля 200 чалавек перакрылі дарогу, абураныя тым, што мытнікі не выпускалі на тэрыторыю Польшчы кіроўцаў, якія выяжджалі туды другі дзень запар.

Мытнікі матывавалі свае дзеяньні рашэньнем ураду пра абмежаваньне і забарону вывазу за мяжу аўтамабільнага паліва і шэрагу спажывецкіх тавараў. Інцыдэнт доўжыўся тры гадзіны. Стыхійную акцыю спыніў спэцназ. 22 чалавекі былі затрыманыя і аштрафаваныя.
XS
SM
MD
LG