Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыцкевіч: Грыгаровіч шмат зрабіла для Беларусі


Ядвіга Грыгаровіч

Ядвіга Грыгаровіч

На 65-м годзе жыцьця ў Менску пасьля працяглай хваробы памерла Ядвіга Грыгаровіч – былая рэктарка Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту культуры і мастацтваў.

Установу яна ўзначаліла ў 1992 годзе і кіравала ёй на працягу наступных паўтара дзясятка гадоў. Паплечнікі і калегі спадарыні Грыгаровіч згадваюць, што пры ёй навучальная ўстанова стала адным з яскравых культурніцкіх асяродкаў сталіцы, хоць як чыноўніцы ёй і даводзілася выконваць прыхамаці ўладаў, адносіны якіх да беларускай культуры вялікай павагай не адзначаліся.

Гаворыць прафэсар, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч, які працяглы час працаваў поруч з Ядвігай Грыгаровіч:

Анатоль Грыцкевіч

"Павінен сказаць, што яна шмат рабіла для Беларусі. Найперш, усе паседжаньні вучонага савету, на якія мы зьбіраліся, заўсёды былі на беларускай мове. Сама вяла ўсё па-беларуску і ўсіх да гэтага, скажам так, схіляла -- гэта насамрэч было. Дык я ўжо ва ўнівэрсытэце не працую тры гады, але ўсё роўна пасьля яе ўсё ішло па-беларуску. То бок, уся дакумэнтацыя, і лекцыі, і заняткі -- усё тое, што Ядвіга Дамінікаўна падтрымлівала. Цяпер, праўда, кажуць, што зноў усё вярнулася да старых нормаў.

Зь іншага боку, паколькі яна рэктар, то ўсялякія непрыемнасьці ёй даводзілася нейкім чынам браць на сябе – перарабляць, выпраўляць, што не магло не адбіцца на стане здароўя. Ведаю, што яе хвароба была там,у Бараўлянах, адкуль рэдка выходзяць здаровымі. Таму вельмі шкада, бо сваю справу яна зрабіла годна.

Увогуле яна была вельмі прыемная жанчына, выйшла замуж, праўда, пазнавата. Зрэшты, гэта ўжо другі яе шлюб быў. Але муж яе падтрымліваў як мог. Шкада".

Ядвіга Грыгаровіч была замужам за былым кіраўніком Камітэту дзяржбясьпекі Беларусі Ўладзімерам Ягоравым; гэтаксама яна была чальцом Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Свае ўражаньні пра Ядвігу Грыгаровіч выказвае старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка:

Алесь Лозка

"Усё ж яна была чалавек аўтарытэтны, гэта адназначна. Яна доўгі час працавала ў гэтым унівэрсытэце, затым узначальвала яго і, трэба сказаць, карысталася аўтарытэтам нават з боку кіраўніцтва краіны. Адназначна, яна змагла многае зрабіць для ўстановы. Спэцыяльнасьці адкрываліся новыя, памяшканьні адваёўваліся для ўнівэрсытэту і г.д. Безумоўна, вельмі значны ўклад яе быў у разьвіцьцё гэтай справы".

Карэспандэнт: "Разам з тым, яна была інтэграваная ў дзяржаўную сыстэму, даводзілася падпарадкоўвацца так званай уладнай вэртыкалі…".

"Ну, канечне, гэта таксама відавочна. І, безумоўна, усё гэта таксама адклала свой адбітак на ўсё. Даводзілася супрацоўнічаць з уладамі, у нечым выконваць іх волю. Але ў той жа час маральна яна была блізкай да апазыцыйных колаў. Таму атрымалася так, што была яна недзе пасярэдзіне, бо ў пэўным сэнсе дзеля выжываньня даводзілася лавіраваць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG