Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Да канца году валюта ў абменьніках ня зьявіцца"


Ці можа праведзеная дэвальвацыя мець станоўчы эфэкт для беларускай эканомікі? Якія прычыны росту беларускага экспарту апошнія месяцы? Чаму ўлады баяцца пусьціць даляры ў абменьнікі? На гэтыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказваюць эканамісты Леанід Злотнікаў і Барыс Жаліба.


Леанід Злотнікаў
Барыс Жаліба
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Апошнімі днямі беларускія статыстычныя органы выдалі некалькі даволі аптымістычных паведамленьняў. Напрыклад, упершыню за паўтара года па выніках траўня экспарт перавысіў імпарт на 116 мільёнаў даляраў. Ці можна сказаць, што праведзеная ўладамі дэвальвацыя можа мець станоўчы эфэкт для беларускай эканомікі? Беларуская прадукцыя стала ў даляравым вылічэньні таньнейшаю і цяпер з большым посьпехам прадаецца на замежных рынках. Ці можна сказаць, што дэвальвацыя можа мець і станоўчы эфэкт? Напрыклад, для Расеі такую ролю адыграў дэфолт 1998 году.


"Паніжэньне ўзроўню жыцьця — гэта асноўная прычына паляпшэньня гандлёвага балянсу"


Жаліба: Я думаю, што пэўны станоўчы эфэкт тут сапраўды прысутнічае — гэта закон макраэканомікі.

Аднак трэба дадаць некалькі чыньнікаў таго, што ў траўні быў пазытыўны гандлёвы балянс. Па-першае, расьлі цэны на нафтапрадукты і калій (а гэта асноўныя артыкулы беларускага экспарту). Па-другое, беларускія імпартэры апынуліся ў цяжкіх умовах з набыцьцём валюты — і гэта затармазіла імпарт. І, нарэшце, трэцяе — сэзонны чыньнік. Летам мы Расеі ня плацім гэтак шмат за газ, як у ацяпляльны сэзон.

Таму я чакаю, што летнія месяцы могуць даць пазытыўны гандлёвы балянс, але ад восені гэтыя абставіны ўжо ня будуць дзейнічаць, і сальда зноў стане нэгатыўным.

Злотнікаў: Адмоўнае сальда беларускага замежнага гандлю атрымлівалася зь дзьвюх прычын. Па-першае, неэфэктыўнасьць нашай эканомікі. Па-другое, краіна спажывала больш, чым стварала. І дэвальвацыя значна панізіла ўзровень жыцьця насельніцтва, акрамя невялікай колькасьці тых людзей, якія працуюць на экспартна-арыентаваных прадпрыемствах — там могуць стрымаць падзеньне рэальных даходаў.

Паніжэньне ўзроўню жыцьця — гэта асноўная прычына паляпшэньня гандлёвага балянсу. Але што будзе далей? Далей трэба мець на ўвазе, што больш за 70 працэнтаў імпарту ідзе на тое, каб працавалі прадпрыемствы. І штучная множнасьць курсаў дае магчымасьць працаваць ня вельмі эфэктыўным дзяржаўным прадпрыемствам. Але разам з тым — стрымлівае і гасіць разьвіцьцё больш эфэктыўнай вытворчасьці.

Калі ўлічыць гэтыя два аспэкты, то ў найбліжэйшыя месяцы можна чакаць адмоўнага сальда замежнага гандлю — можа, не настолькі вялікага, як раней, але адмоўнага.

"Свабодны курс можа дасягнуць і 10 тысяч за даляр"


Цыганкоў: Прызначаючы Надзею Ермакову старшынёй праўленьня Нацбанку, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што "ў Беларусі ў найбліжэйшы час будзе прынята канчатковае рашэньне аб выхадзе на адзіны абменны курс беларускага рубля". Што азначае гэтае выказваньне? Ці дапусьцяць улады існаваньне рэальнага рынкавага курсу, або пад "адзіным" яны маюць на ўвазе афіцыйны курс Нацбанку?

Жаліба: Адзіны курс можна зрабіць хоць заўтра. Але ўлады баяцца вялікага адкладзенага попыту з боку насельніцтва і прадпрыемстваў. І гэтыя развагі часткова слушныя: маўляў, каб перайсьці на адзіны курс, трэба хаця б падвоіць валютныя рэзэрвы, каб рабіць інтэрвэнцыі на біржы і падтрымліваць курс.

Пытаньне ў тым, як яны гэта зробяць. Калі ўвосень будзе прададзены "Белтрансгаз" — гэта 2,5 мільярда. Гэтага недастаткова. Можа, знойдуць яшчэ маёмасьць для продажу — тады задача будзе вырашаная. Але я ў гэта ня вельмі веру. Бо перамовы ідуць вельмі павольна, і нават пытаньне зь "Белтрансгазам" адкладзенае на восень. Таму думаю, што да канца году адзінага курсу ня будзе і валюта ў абменьніках ня зьявіцца.

Злотнікаў: Даляры ў абменьніках могуць зьявіцца, толькі калі гэта будзе плаваючы рынкавы курс. Што да адзінага курсу, то ён можа быць і камандны. Нагадаю, у СССР быў адзіны курс, але ён быў штучны, і ўсю валюту разьмяркоўвала дзяржава, а абменьнікаў не было. І вось калі нашы кіраўнікі кажуць пра адзіны курс, то цяжка сказаць, ці ня маюць яны на ўвазе тое, што было ў СССР.

Цыганкоў: А чаму ўлады баяцца вярнуць свабодны продаж даляраў па рынкавым курсе, як гэта было яшчэ зімой? Што крамольнага здарыцца зь беларускай эканомікай у такім выпадку?

Злотнікаў: Сам прэзыдэнт кажа, што да такога рашэньня падштурхоўвае "пятая калёна" і небясьпечна паддавацца такім парадам. Увогуле, увесь эканамічны курс улады не накіраваны да рынкавай эканомікі.

Цыганкоў: Чаму ўлады баяцца дазволіць рынкавы курс, у чым тут небясьпека?

Жаліба: Існуе вялікі адкладзены попыт — і ў насельніцтва, і ў прадпрыемстваў. Давайце паразважаем, які курс у абменьніках можа быць, каб зьніклі чэргі. Я думаю, тут можа быць і 10 тысяч за даляр. Таму ўлады і баяцца, што ад гэтага пацярпяць дзяржаўныя прадпрыемствы. Толькі гэтым можна патлумачыць, што яны не рызыкуюць перайсьці на раўнаважны курс, які забясьпечваецца свабодным продажам валюты.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG