Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азэрбайджан пракрэдытуе адно са стратэгічных беларускіх прадпрыемстваў — "Беларуськалій". Сума пазыкі на інавацыйнае разьвіцьцё — 300 мільёнаў даляраў.

Раней беларускія ўлады заяўлялі пра гатовасьць прадаць "Беларуськалій" расейскай кампаніі "Ўралкалій" і нават казалі пра аванс у памеры 1 мільярд даляраў. Аднак цана, якую выставілі ўлады — 30 мільярдаў даляраў за 100% акцый — прымусіла патэнцыйных інвэстараў перагледзець першапачатковыя пляны.

Як вынікае з рашэньня Савету міністраў, пазыка Азэрбайджану ў памеры 300 мільёнаў даляраў пойдзе на рэалізацыю праграмы мадэрнізацыі прадпрыемства. Аналітыкі мяркуюць, што такі крок — сымэтрычны адказ Расеі, якая працягвае таргавацца за акцыі "Беларуськалія", намагаючыся ва ўмовах фінансава-эканамічнага крызісу ў Беларусі рэзка зьнізіць кошты. Таму, на думку экспэрта ў энэргетычных пытаньнях Аляксандра Меха, падобная схема перасьледуе выключна палітычныя мэты:

Алесь Мех

"У першую чаргу — гэта, зноў жа, непразрыстая схема, падрабязнасьці якой шырокай грамадзкасьці не паведамляюцца. А гэта значыць, што тут няма эканомікі, тут стопрацэнтна на першы плян выходзіць палітыка. Прычым палітыка як з боку Расеі, так і з боку таго, хто сёньня аднаасобна прымае рашэньні ў Беларусі. Але факт застаецца фактам: гэта спроба хоць нейкім чынам палітычна паўплываць на тую ж самую Расею. Праўда, пакуль гэта ў большай ступені нагадвае дзіцячыя гульні ў палітыку, калі адны хочуць прадэманстраваць сваю пакрыўджанасьць на іншых. Але, яшчэ раз кажу, сур'ёзнай эканомікі тут няма".

Падпісаньню пагадненьня папярэднічаў візыт на пачатку ліпеня ў Баку прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча. Ён наўпрост прапанаваў азэрбайджанскім бізнэсоўцам больш актыўна інвэставаць у Беларусь, набываць прамысловыя аб'екты і банкі. Тады зьявіліся і першыя паведамленьні пра запыт наконт шматмільённага крэдыту.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч у гэтым зьвязку кажа, што прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў застаецца найбольш ляяльным да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Дастаткова прыгадаць хоць бы крытычную для Менску сытуацыю чэрвеня 2010-га: калі за няплату па газавых кантрактах расейскі "Газпром" спыніў пастаўку прыроднага газу ў Беларусь, і толькі Аліеў пазычыў Беларусі 200 мільёнаў даляраў:

Уладзімер Мацкевіч

"Вялікіх інвэстыцыяў Азэрбайджан ня робіць, хоць мог бы, таму што эканоміка краіны дазваляе гэта. Але па меры магчымасьцяў некаторую дапамогу ад Азэрбайджану Беларусь атрымлівае. Іншымі словамі, забясьпечваецца падтрыманьне больш шчыльных стасункаў, чым гэта было б у адсутнасьць напружанасьці паміж каўкаскімі краінамі, перадусім, Азэрбайджанам і Армэніяй".

Карэспандэнт: "То бок Аліеў ставіцца да Лукашэнкі найбольш ляяльна з усіх постсавецкіх кіраўнікоў".

"На сёньняшні дзень — менавіта так. Гэта не азначае, што гэтае стаўленьне носіць нейкі стратэгічны, доўгатэрміновы характар, аднак пры цяперашнім раскладзе палітычных сілаў — гэта сапраўды так. Пры падабенстве рэжымаў, якія ўсталяваныя ў Азэрбайджане і ў Беларусі, пры стаўленьні да грамадзянскай супольнасьці (ну, можа, хіба што крыху рознае стаўленьне да эканомікі і прыватнага сэктару) гэта ніяк ня шкодзіць палітычнаму сяброўству".

Яшчэ адзін складнік азэрбайджанска-беларускага партнэрства, на думку некаторых экспэртаў, тычыцца ваеннай галіны. Беларусь — адзін з асноўных пастаўшчыкоў узбраеньняў у Азэрбайджан, а Расея ўзбройвае Армэнію, зь якой у Баку застаюцца тэрытарыяльныя спрэчкі. І прыцягненьне Менскам азэрбайджанскіх сродкаў — своеасаблівы выклік Расеі, якая ня ў лепшых адносінах з Азэрбайджанам. Між тым, як лічыць былы дзяржаўны дарадца прэзыдэнта Азэрбайджану па зьнешняй палітыцы, палітоляг Вафа Гулузадэ, укладзеныя ў Беларусь сродкі вернуцца ў выглядзе прадукцыі, якую Азэрбайджан ня можа набыць у іншых краінах:

"Так, Беларусь валодае вялізнай колькасьцю савецкага ўзбраеньня. Зброі ў
Беларусь для нас — гэта крыніца ўзбраеньня ...

Беларусі ніколькі ня меней, чым у Расеі. З улікам таго, што Расея нам дае ня тую якасьць, ня тыя віды, тое, што нам трэба, мы спакойна набываем у Беларусі. Таму Беларусь для нас — гэта крыніца ўзбраеньня. І, адпаведна, Беларусь для нас — важны эканамічны партнэр. Як і ваенны партнэр у дадзеным выпадку. У выніку ўсе гэтыя крэдыты будуць аплачаныя тымі таварамі, у якіх мае вострую патрэбу Азэрбайджан і якія ён ня можа атрымаць ад Расеі, а на заходнія ў нас грошай не хапае. І я перакананы, што Азэрбайджан у дадзеным выпадку слушна робіць і на далёкую пэрспэктыву адносіны Азэрбайджану і Беларусі будуць толькі паляпшацца. Рэжымы прыходзяць і сыходзяць, а гісторыя рухаецца наперад".
XS
SM
MD
LG