Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завершана папярэдняе расьсьледаваньне тэракту, які адбыўся ў менскім мэтро ў красавіку 2011 году, а таксама выбухаў у Менску ў 2008 годзе і ў Віцебску ў 2005 годзе.

Пра гэта паведаміў журналістам у Менску намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Андрэй Швед.

1 жніўня крымінальная справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.

Паводле слоў Шведа, якія цытуе агенцтва БелаПАН, абвінавачанаму Кавалёву ставяць у віну больш за 15 эпізодаў злачыннай дзейнасьці, зьвязанай з удзелам у акцыі тэрарызму ў менскім мэтро, незаконным абаротам выбуховых рэчываў, неданясеньнем пра злачынства, укрывальніцтвам прылады злачынства.

Абвінавачанаму Канавалаву ставяць у віну 30 эпізодаў злачыннай дзейнасьці, у тым ліку чатыры акты тэрарызму, незаконны абарот выбуховых рэчываў, асабліва злоснае хуліганства, наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці.

Максымальнае пакараньне, прадугледжанае арт. 289 КК (тэрарызм), — сьмяротная кара.

Як адзначыў Швед, з першых дзён расьсьледаваньня падазраваным, а затым — абвінавачваным была дадзена абарона. Хадайніцтваў, скаргаў і заяў з іх боку і з боку адвакатаў не паступала.

Намесьнік генпракурора паведаміў: падчас расьсьледаваньня крымінальнай справы, апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў не было выяўлена ўскосных сьведчаньняў таго, што за абвінавачанымі стаялі якія-небудзь спонсары ці замоўцы. "Канавалаў і Кавалёў дзейнічалі самастойна", — сказаў ён.

Паводле слоў Шведа, першае злачынства было ўчынена ў 2000 годзе. На рахунку абвінавачаных — 15 забітых і сотні пакалечаных; урон ад іх дзеяньняў перавысіў 2 мільярды рублёў, заявіў намесьнік генпракурора.

Ён адзначыў, што нічога незвычайнага ў даце 11 красавіка 2011 года (дзень учыненьня тэракту ў мінскім мэтро) няма. "Злачынства магло быць учынена як 10-га, так і 12 красавіка. 11 красавіка тэракт быў учынены Канавалавым і Кавалёвым у сілу зьбегу акалічнасьцяў", — сказаў Швед.

Намесьнік генпракурора падкрэсьліў: ніякай сувязі паміж абвінавачанымі аб выбуху ў менскім мэтро і нарвэскім тэрарыстам Андэрсам Брэйвікам "няма і быць не можа". "Гэта журналісцкая "качка", — дадаў Швед.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG