Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыямэнты кароны»: 10 самых каштоўных вытворчых актываў Беларусі


Расейскі часопіс "Огонёк» склаў сьпіс найбольш прывабных для патэнцыйных інвэстараў беларускіх прадпрыемстваў.

"Беларуськалій"


Прадпрыемства "Беларуськалій" заснаванае ў 1958 годзе на базе найбуйнейшага ў Эўропе Старобінскага радовішча калійных соляў. Да канца 2010 году яно было акцыянаванае са 100-працэнтнай доляй дзяржавы. У цяперашні час "Беларуськалій" зьяўляецца чацьвёртым у сьвеце вытворцам калію і займае каля 16% у сусьветным экспарце гэтага мінэралу. З жніўня 2010 году перамовы аб куплі 50% "Беларуськалія" вядзе саўладальнік "Уралкалія" Сулейман Керымаў. Аляксандар Лукашэнка ацаніў кампанію ў 30 мільярдаў даляраў.

"Белтрансгаз"


Гісторыя "Белтрансгазу" пачалася ў 1960 годзе з стварэньня Менскага ўпраўленьня магістральных газаправодаў. У 2003 годзе прадпрыемства было акцыянаванае. Цяпер яно належыць Мінэнэрга Беларусі і "Газпрому". Апошні не хавае плянаў атрыманьня поўнага кантролю над "Белтрансгазам", які забясьпечвае транзыт расейскага газу ў Калінінградзкую вобласьць і ў Эўропу праз участак трубы «Ямал-Эўропа». Кошт акцыяў кампаніі, якія засталіся ў дзяржавы, ацэньваецца ў 2,5 мільярда даляраў.

Менскі аўтамабільны завод


Менскі аўтамабільны завод (МАЗ) заснаваны ў жніўні 1944 году. У 2009 годзе прадпрыемства рэарганізаванае ў ААТ. У цяперашні час МАЗ - найбуйнейшае дзяржпрадпрыемства Беларусі па выпуску вялікагрузных аўтамабіляў. З дня заснаваньня завод выпусьціў больш за 1,2 мільёна машын, яго патэнцыйная магутнасьць -- 25 тысяч аўтамабіляў у год. У Расеі ён займае трэцяе месца па аб'ёмах продажаў грузавікоў. З 2010 году завод абмяркоўвае аб'яднаньне з КамАЗам. Беларусы ацэньваюць актыў у 2,5 мільярды даляраў.

"Белтэлекам"


Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства (РУП) "Белтэлекам" створанае ў ліпені 1995 году. Яно зьяўляецца адзіным апэратарам стацыянарнай тэлефоннай сувязі ў Беларусі (больш за 4,1 мільёна абанэнтаў), дае паслугі шырокапалоснага доступу да інтэрнэту (900 тысяч), а таксама паслугі інтэрактыўнага тэлебачаньня (300 тысяч). У 2002 годзе "Белтэлекам" і расейскае ААТ МТС стварылі СП, доля якога на рынку сотавай сувязі рэспублікі ўжо дасягнула 57%. Кошт усяго "Белтэлекаму" ацэньваецца ў 2-2,5 мільярда даляраў.

Мазырскі НПЗ


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод заснаваны ў 1975 годзе, акцыянаваны ў 1994 годзе. Найбуйнейшыя саўладальнікі - урад Беларусі (42,76%) і расейскае ААТ "Славнефть" (42,58%). Да 70% розных відаў паліва, якое вырабляецца на НПЗ, ідзе на экспарт. Асноўныя напрамкі паставак - Украіна і Эўразьвяз. У ліпені 2011 году прэм'ер Беларусі Міхаіл Мясьніковіч назваў "Роснефть" галоўным прэтэндэнтам на куплю дзярждолі ў прадпрыемстве. Арыентуюцца на кошт усяго актыву - 1,5 мільярды даляраў.

Беларускі аўтамабільны завод


Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ) заснаваны ў 1948 годзе, у 2010 годзе ператвораны ў ААТ. Тут выпускаюцца кар'ерныя самазвалы грузападымальнасьцю ад 30 да 360 тон, машыны для падземных работ, бульдозэры, пагрузчыкі, аэрадромныя цягачы. БелАЗ кантралюе да 30% сусьветнага рынку кар'ерных самазвалаў. У 2010 годзе завод выпусьціў 1034 адзінкі тэхнікі. У ліпені 2011 году ўрад Беларусі пачаў падрыхтоўку да разьмяшчэньня акцыяў БелАЗа на фондавай біржы. Арыентуюцца на кошт 1,2 мільярда даляраў.

Менскі трактарны завод


Вытворчае аб'яднаньне "Менскі трактарны завод" (МТЗ) заснавана ў траўні 1946 году. За сваю гісторыю МТЗ выпусьціў больш як 3 мільёны трактараў, з якіх 500 тысяч было пастаўлена на экспарт. У апошні час завод выпускае каля 45 тысяч машын за год, знаходзячыся ў дзясятцы найбуйнейшых сусьветных вытворцаў. У лістападзе 2010 году МТЗ увайшоў у плян прыватызацыі на 2011-2013 гады, але яго ацэнка і патэнцыйныя пакупнікі пакуль невядомыя.

"Белшына"


Беларускі шынны камбінат заснаваны ў 1965 годзе, у 2002 годзе ён ператвораны ў адкрытае акцыянэрнае таварыства. Прадпрыемства выпускае больш за 300 тыпапамераў і мадэляў шын для легкавых, грузавых, вялікагрузных і іншых аўтамабіляў. Больш за 40 працэнтаў экспарту прыпадае на краіны СНД, уключаючы Расею, дзе ў 2010 годзе доля прадукцыі "Белшыны" перавысіла 6 адсоткаў. У будучыні завод можа ўвайсьці ў холдынг "Росбелавто", стварэньне якога абмяркоўваюць Менск і Масква. Беларусь ацэньвае "Белшыну" у 1 мільярд даляраў.

"Гродна азот"


Гарадзенскі азотна-тукавы завод заснаваны ў 1960 годзе, у 2002 годзе ператвораны ў ААТ "Гродна азот". У цяперашні час уваходзіць у канцэрн "Белнафтахім" і спэцыялізуецца на выпуску вадкага аміяку, азотных угнаеньняў, мэтанолу, біядызельнага паліва і іншай прадукцыі. Каля 60% прадукцыі завод рэалізуе на ўнутраным рынку, што цалкам задавальняе патрэбы Беларусі. Па выніках першага кварталу 2011 году заняў у рэспубліцы шостае месца паводле даходаў. Можа каштаваць каля 1 мільярда даляраў.

"Нафтан"


Наваполацкі НПЗ запушчаны ў 1963 годзе, у 2002 годзе ператвораны ў ААТ "Нафтан". Адзін з двух НПЗ, якія ўваходзяць у канцэрн "Белнафтахім". Выпускае больш за 70 відаў нафтахімічнай прадукцыі, у тым ліку аўтамабільнае паліва і масла. Сумесна з Мазырскім НПЗ фармуе да паловы экспартнай выручкі рэспублікі. З 2006 году рэалізуе СП з Лукойлам па вытворчасьці прысадак. У 2009 годзе ўлады РБ ацэньвалі "Нафтан" у 3 мільярды даляраў, цяперашнія ацэнкі - каля 1,5 мільярда даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG