Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфолт ЗША адмяняецца: прэзыдэнт Абама і кангрэс знайшлі кампраміс


Барак Абама

Барак Абама

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама паведаміў, што палітыкі рэспубліканскай і дэмакратычнай партыяў у кангрэсе дасягнулі пагадненьня, якое прадухіліла першы дзяржаўны дэфолт у гісторыі ЗША.

Абама: Лідэры абедзьвюх партый у абедзьвюх палатах дасягнулі пагадненьня, якое дазволіць скараціць дэфіцыт і пазьбегнуць дэфолту, які меў бы разбуральнае ўзьдзеяньне на нашу эканоміку.

Абама зрабіў гэтую заяву ў нядзелю ўвечары ў Вашынгтоне, напярэдадні адкрыцьця фінансавых рынкаў у Азіі. У сваёй кароткай заяве Абама падкрэсьліў, што зьдзелка па падвышэньні «столі» запазычанасьці яшчэ павінная быць ухваленая ў Сэнаце і Палаце прадстаўнікоў. Размова ідзе пра суму ў памеры 14.3 трыльёна даляраў. Калі заканадаўцы не падымуць «столь» доўгу да паўночы 2 жніўня, ЗША апынуцца ў сытуацыі, калі яны будуць ня ў стане аплачваць свае даўгі. Амэрыканскія ўрадоўцы паведамляюць, што прапанаваны кампраміс ўключае ў сябе скарачэньні дэфіцыту бюджэту ЗША на $2,5 трыльёна даляраў на працягу наступных 10 гадоў.

Фінансавы рынак ужо станоўча адрэагаваў на зьвесткі з Вашынгтону, японскі фондавы рынак вырас на 1.8%, даляр ЗША ўмацаваўся адносна японскай ены і швэйцарскага франка.

Пагадненьне, дасягнутае на ўзроўні лідэраў фракцыяў, хутчэй за ўсё без праблемаў будзе ўхваленае Сэнатам, дзе большасьць маюць дэмакраты, але яшчэ можа сутыкнуцца з апазыцыяй у Палаце прадстаўнікоў, дзе моцныя пазыцыі правых з Руху чаяваньня. Таксама і некаторыя дэмакраты могуць быць незадаволеныя саступкамі, на якія пайшла адміністрацыя.

Лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Гары Рэйд заявіў, што пагадненьне зьяўляецца тым, чаго чакае амэрыканскі народ.

Рэйд: Я ведаю, што гэтае пагадненьне ня зробіць шчасьлівымі ўсіх рэспубліканцаў. Гэта, зразумела, ня зробіць шчасьлівым і кожнага дэмакрата. Абодва бакі саступілі больш, чым хацелі, і ніводзін бок не атрымаў столькі, колькі спадзяваўся. Але ў гэтым і палягае кампраміс, дасягненьне кансэнсусу. Амэрыканскі народ патрабаваў кампрамісу на гэтым тыдні і ён яго атрымаў.

Лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце Мітчэл Макконэл кажа, што пагадненьне павінна супакоіць сусьветная фінансавыя рынкі што да стабільнасьці дзяржаўных каштоўных папераў ЗША.

Макконэл: Мы можам сёньня запэўніць амэрыканскі народ, што дэфолту Злучаных Штатаў па сваіх абавязках ня будзе.

The Washington Post апублікавала сёньня артыкул з ацэнкамі, хто выйграў, а хто прайграў ад гэтай зьдзелкі.


Прапануем вам тэкст публікацыі.

Пераможцы: 1) лідэр рэспубліканскай меншасьці ў Сэнаце Мітч Макконэл. "Ён быў сярод рэспубліканцаў голасам розуму -- ён растлумачыў, што дэфолт стане для яго партыі калясальным палітычным крахам. У выніку ён дамогся дамоўленасьці ў пажаданай для сябе форме і стаў галоўным героем перамоваў. 2) "Партыя чаяваньня": у чацьвер сьпікер Палаты прадстаўнікоў Джон Бэйнар быў вымушаны пайсьці на саступкі кансэрватарам, каб за яго плян прагаласавала ня менш як 217 кангрэсмэнаў. Такім чынам, тон задаваў не рэспубліканскі істэблішмэнт, а новасьпечаныя кангрэсмэны - саюзьнікі "Чаяваньня". 3) Абама: дамоўленасьць патрабавалася яму як доказ, што ён здольны прымусіць урад працаваць. Лібэралам яго кампраміс не спадабаецца, але мэтавы электарат Абамы ў 2012 годзе - незалежныя і ўмераныя выбаршчыкі, а яны любяць кампрамісы. 4) Управа Кангрэсу ў справах бюджэту: звычайна яе праца не прыцягвае ўвагі, але ў часе перамоваў яна адыгрывала цэнтральную ролю. 5) Гроўвэр Норквіст, кіраўнік лобі «Амэрыканцы за падаткавую рэформу», якое выступае супраць падвышэньня падаткаў у любой форме. 6) Дэвід Ву, які быў вымушаны скласьці зь сябе паўнамоцтвы кангрэсмэна з-за сэксуальнага скандалу. Захапіўшыся гісторыяй зь лімітам доўгу, прэса амаль не заўважала Ву.

Пераможаныя: 1) Кангрэс: ён стаў ня больш папулярны, чым атрута, прадэманстраваўшы ўсім сваю гатовасьць да небясьпечных палітычных гульняў і ўпартасьць. 2) "Банда шасьцёх" - двухпартыйнай група, якая рыхтавала пастанову аб павышэньні ліміту, але так і ня дала годны плян. 3) Камісіі. Падобна, у Вашынгтоне камісіі лічацца панацэяй ад усіх бед. Напрыклад, праблемамі адукацыйнай сыстэмы займаюцца ажно чатыры камісіі. Зараз жа вырашана стварыць нейкую "вышэйшую камісію", каб яна вырашала, якія артыкулы скарачаць ў бюджэце. 4) Лібэралы: іх праграма ў кампрамісным пляне ўлічаная недастаткова, а другая фаза зьдзелкі прадугледжвае магчымае скарачэньне выдаткаў на мэдычнае страхаваньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG