Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі месяц афарыстычнага конкурсу прынёс яшчэ некалькі слоўных залацінак славутых беларусаў, але не пераканаў у тым, што такіх залацінак мы маем дастаткова, каб можна было не зьвяртаць увагі на неразумны закід «па-беларуску нічога вялікага сказаць нельга».

Ясна, што задача складаная, трэба перачытаць мноства кніг. Але на тое мы й робім гэта грамадою. Аднаму зьбіральніку спатрэбіўся б не адзін год, грамадзе павінна хапіць лета. І ўсё адно не магу не заўважыць, што ў дасыланых сьпісах шмат не афарызмаў славутых беларусаў, а паэтызмаў ды баналізмаў. Паэтычнае слова часта прыгожае само сабою і ня ўтрымлівае завершанай думкі, без чаго няма афарызму. Банальная сэнтэнцыя сьцьвярджае нешта відавочнае (банальнасьць, кажуць, гэта стомленая праўда), тады як афарызм заўжды нечаканы. Праверыць проста. Калі ваша вока патрапляе на афарызм, вы абавязкова міжволі спыняецеся ў чытаньні і пераводзіце погляд кудысьці на аблокі (насамрэч – усярэдзіну сябе).

Ёсьць і чыста навуковае вызначэньне і клясыфікацыя афарызмаў. У падручніку «Сучаснай беларускай мовы» чытаем: «Крылатыя выразы (афарызмы) – гэта ўстойлівыя трапныя выслоўі выдатных людзей розных часоў». Афарызмы падзяляюцца на сэнтэнцыі (выслоўі з павучальным сэнсам): “Эгаізм – атрута сяброўства”; парадоксы, якія на першы погляд супярэчаць цьвярозаму розуму: “Найлепшы спосаб пазбавіцца ад спакусы – саступіць ёй”; максімы, якія фармуюцца загадным чынам: “Не рабі іншаму таго, чаго не жадаеш сабе”; і гномы – вершаваныя афарызмы, такіх у нас большасьць.

Чаму мы зьбіраем выказваньні толькі славутых людзей? Бо гэта аснова будучага збору і самая цяжкая задача. Скажам, народная афарыстыка сабраная ў шматлікіх зборніках і далучыць яе да таго, што зьбіраем мы, не складае праблемы. Тое самае тычыцца пісьменьніцкіх афарызмаў – іх ужо зьбіралі, яны ёсьць. Тое самае – афарызмы як літаратурны жанр, які ад нашай задачы адразьніваецца як прафэсійны спорт ад аматарскага. Афарызмы Алега Аблажэя, Сяргея Абламейкі, Адама Глёбуса, Яўгена Гучка ды іншых сабраныя ў часопісных публікацыях і кнігах, яны ёсьць. Што да афарызмаў усіх увогуле – сваякоў, сяброў, інтэрнэтных фрэндаў, іх абавязкова трэба запісваць. Але гэта ўжо задача іншага конкурсу.

Што да нашага конкурсу, дык мне застаецца назваць найбольш актыўных яго ўдзельнікаў. Гэта Аксана, Алена Л. і Ільля Копыл зь Менску, а таксама тыя, хто начытаў афарызмы на наш аўтаадказьнік, -- Кемерава Марыя Анатолеўна з Горадні і Ніна Ермалінская з Салігорску.

Да прыкладу, зусім дарэчы на нашым сайце ў дні нядаўняй нарвэскай трагедыі апынуўся афарызм Язэпа Драздовіча “І фанатыкі, і бязбожнікі, — адной маткі дзеці — крайнасьці... Няма жыцьця ў крайнасьці... Нішто не жывець, не расьцець у вагні, нішто не жывець, не расьцець у марозе. Толькі між агнём і марозам усё расьцець, усё цьвіцець, разьвіваецца, красуецца”, які даслала Аксана зь Менску, а таксама выслоўе Яна Чачота “Лепей памерці ад голаду, смагі і шчасьця ня ведаць спрадвеку, чым подласьць зрабіць хоць каму без развагі, тым болей – забіць чалавека”, якое мы атрымалі ад Алены Л. зь Менску.

Наперадзе ў нас з вамі цэлы месяц. Дастаткова часу, каб пераканаць ворагаў беларушчыны ў тым, што па-беларуску можна сказаць шмат бліскучых, яркіх і запамінальных мудраслоўяў-афарызмаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG