Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сеткавыя рэвалюцыянэры" заклікалі сфармаваць раду з палітыкаў, аналітыкаў і палітолягаў. Яны запрашаюць аўтарытэтных людзей да кіраўніцтва групай "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку", каб прымаць супольныя рашэньні аб правядзеньні новых акцыяў, іх фармаце і далейшай дзейнасьці.

Адзін з адміністратараў групы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" Вячаслаў Дзіянаў выказаў перасьцярогу, што ініцыятыва маўклівага пратэсту можа зайсьці ў тупік. Ён прызнаецца, што сеткавым рэвалюцыянэрам не хапіла досьведу, з-за чаго яны сутыкнуліся з шэрагам праблем. Паводле Дзіянава, рада якраз і павінна прыняць рашэньне, што будзе далей з маўклівымі акцыямі?

"Будзем думаць, будзем вырашаць, бо мы можам добра выканаць тэхнічную частку. А няхай лідэры, якія адгукнуліся, падумаюць, а што рабіць зь людзьмі, якія чакаюць і спадзяюцца. Сацыяльныя сеткі – гэта ж ня толькі спосаб арганізацыі маўклівых акцый. Праз гэты канал сувязі можна арганізаваць усе магчымыя мерапрыемствы".
Вячаслаў Дзіянаў


Вячаслаў Дзіянаў пакуль ня стаў называць імёны палітыкаў, якія ўжо адгукнуліся на заклік, а таксама тых, хто патэнцыйна можа ўвайсьці ў склад рады. Адмысловы ліст палітыкам мяркуецца накіраваць неўзабаве.
"Мы аддаём фармат у рукі прафэсіяналаў, якія змогуць пачуць людзей, магчыма, лепш за нас. А мы са свайго боку выканаем тэхнічную частку".

Палітоляг Юры Чавусаў называе ініцыятыву сеткавых рэвалюцыянэраў цікавай. Аднак людзі з палітычным досьведам сустрэнуць яе з іранічнай усьмешкай. Бо падчас папярэдняй хвалі флэш-мобаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года, спроба палітыкаў стварыць такую раду, у якой паўставала імя Аляксандра Мілінкевіча, была адрынутая сеткавымі рэвалюцыянэрамі.

Юры Чавусаў

"Зараз мы бачым больш канструктыўнае стаўленьне да іншых групаў і, магчыма, гэта ўзмацніць супольны антыдыктатарскі фронт".

Спадар Чавусаў не выключае, што нехта з прадстаўнікоў палітычнага поля ўвойдзе ў гэтую сыстэму.

"Хутчэй за ўсё нейкая з такіх радаў будзе створаная. Але якасна новай дапамогі, якасна новага штуршка да дзейнасьці гэтай сеткавай рэвалюцыйнай групоўкі наўрад ці гэтая рада дасьць. Хутчэй за ўсё будзе далучэньне да акцыяў 8 кастрычніка, якая зьяўляецца наступнай значнай акцыяй палітычнай апазыцыі. Але па фармаце акцыя будзе хутчэй нагадваць традыцыйныя апазыцыйныя масавыя акцыі".

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, калі апазыцыя будзе ладзіць гарачую восень, а цяпер раскручваецца ідэя Нацыянальнага сходу, гэтыя тэхналёгіі, патэнцыял і досьвед вельмі прыдадуцца. Ідэя стварэньня рады наўрад ці будзе масава падтрымана палітычнымі лідэрамі, бо "цяжка адно зь іншым састыкаваць і фармалізаваць". А што да маўклівых акцый, то спадар Класкоўскі лічыць гэтую фазу завершанай, улічваючы заяву Вячаслава Дзіянава.

Аляксандар Класкоўскі

"Гэта ўскосны сыгнал, што варта зрабіць паўзу. Я думаю, і такі прыём як перадача паўнамоцтваў нейкім лякальным супольнасьцям – гэта замаскаваны варыянт адступленьня. Гэта нармальна. Тут іншая рэч, што быў страчаны момант. Пасьля 3-га ліпеня было бачна, што праект стаў выдыхацца, наступную акцыю варта было б абвесьціць апошняй, прыгожа зрабіць гэтую паўзу. Як зьява гэта на дадзеным этапе ўжо заціхае і, фактычна, ужо становіцца зьявай гісторыі. Бо ў гісторыю гэтыя пратэсты ўвойдуць. Гэты досьвед будзе выкарыстоўвацца, калі ў Беларусі абвострацца сацыяльна-палітычныя праблемы".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG