Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод тэмаў нашай сёньняшняй праграмы:

“Суіцыд у Глыбокім — гэта крайні крок, на які ідуць, калі нічога іншага не застаецца";

тэрарыст Іван Пуліхаў і падрабязнасьці яго павешаньня на Валадарцы;

што павінна здарыцца, каб вязьню аказалі нэўрахірургічную дапамогу? – пра апэрацыю і рэабілітацыю Зьмітра Бандарэнкі.


Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам.

“Спроба суіцыду ў самай закрытай у Беларусі калёніі”


Падставай для сёньняшніх допісаў і тэлефанаваньняў у нашу праграму стала інфармацыя пра групавую спробу суіцыду ў глыбоцкай калёніі, якую распаўсюдзіла інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова “Плятформа”, што займаецца пытаньнямі датрыманьня заканадаўства ў папраўчых установах.

Вязьні глыбоцкай калёніі
Зьвесткі прыйшлі ад чалавека, які ня так даўно вызваліўся з гэтай папраўчай установы. Ён распавёў, што ў чэрвені асуджаныя абвясьцілі галадоўку, пратэстуючы супраць парушэньня законнасьці з боку турэмнікаў. У дачыненьні да зьняволеных адміністрацыя рэгулярна выкарыстоўвае фізычную сілу. Удзельнікі страйку запатрабавалі сустрэчы з генэральным пракурорам Беларусі. У адказ адміністрацыя ўчыніла масавае брутальнае зьбіцьцё асуджаных. Большасьць зьбітых не маглі самастойна перамяшчацца. Мэдычнай дапамогі пацярпелым не аказвалі. Некаторыя вязьні пайшлі тады на экстрэмальны сродак абароны сваіх правоў і годнасьці — спробу суіцыду. Так, асуджаныя Канцява і Чыкін парэзалі сабе жываты і вены.

Як паведаміла агенцтва БелаПАН, Генэральная пракуратура арганізавала праверку інфармацыі пра галадоўку і спробы суіцыдаў у Глыбоцкай калёніі № 13. Сытуацыя ў папраўчай установе вывучаецца.

Тым часам да нас у праграму паступілі водгукі ад некаторых слухачоў. Адзін зь іх адбываў пакараньне ў калёніі № 13, а другі, як ён сьцьвярджае, ведае асуджанага Канцяву, аднаго з тых вязьняў у Глыбокім, які парэзаў сабе жывот ды вены.

“На суіцыд ідуць, калі нічога іншага не застаецца”

Наш сталы слухач, былы асуджаны Зьміцер Каляда, які на пачатку 2000-х сядзеў у Глыбокім, напісаў:

Зьміцер Каляда
“Учынак хлопцаў — гэта крайні крок, на які ідуць, калі нічога іншага не застаецца. Хутчэй за ўсё, людзі мелі надзею на тое, што такім чынам інфармацыя аб прававым бязьмежжы ўсё ж выйдзе са сьценаў установы.

Адзначу, што Глыбоцкая калёнія была створаная як калёнія самага жорсткага ў турэмнай герархіі рэжыму — асобага. Тут не барачная сыстэма, як у іншых папраўчых установах, а турэмная або камэрная. Зь вялікай колькасьцю абмежаваньняў. Напрыклад, асуджаныя могуць рабіць прагулкі, цягам 2-х гадзінаў, толькі днём, а ўвечары перапоўненыя камэры зачыняюцца, блякуюцца. Калёнія № 13 — самая закрытая папраўчая ўстанова ў Беларусі. Тэлефанаваньні праз таксафон вельмі праблематычныя, інфармацыя за межы ўстановы выходзіць зь вялікай цяжкасьцю. А таму шмат якія факты брутальнага зьбіцьця вязьняў турэмнікамі ды іншае прававое бязьмежжа застаюцца амаль невядомыя ані сваякам, ані адвакатам, ані праваабаронцам.

Звычайна, ідучы на падобны крок, чалавек ня хоча сябе канчаткова загубіць. Хоць гэта велізарная рызыка для жыцьця, бо робіцца ўсё па-сапраўднаму (вены, жывот, кроў). Аднак пры гэтым заўсёды ёсьць спадзяваньне на Бога і на хуткую рэакцыю міліцыянтаў. Такія сьмерці ў калёніі адміністрацыі не патрэбныя”.

“Хутчэй за ўсё, з гэтых двух пацярпелых зробяць крайніх”

А вось што паведаміў праз тэлефон былы зьняволены Андрэй, які падчас адной з сваіх адседак кантактаваў з асуджаным Канцявам, адным з тых вязьняў у Глыбокім, які ўскрыў сабе жывот ды вены.

“Канцяву ведаю. Проста ня памятаю яго імя. Спакойны чалавек, сур’ёзны, прыстойны. У тым сэнсе, што не падпісваў міліцыянтам аніякіх папераў аб супрацоўніцтве, бо лічыць гэта прыніжэньнем чалавечай годнасьці. Дарэчы, гэта ўжо ня юны, а сталы чалавек. Лічу гэта сур’ёзным учынкам. Тым больш што зрабілі яго сур’ёзныя людзі, а ня дурні. То бок не з агульнага рэжыму, дзе першаходы, якія ня ведаюць, як дабіцца справядлівасьці. У Глыбокім сядзяць людзі "са стажам". І калі яны робяць такія захады, як рэзаньне венаў і жыватоў, значыць, ёсьць сур’ёзная падстава, справакаваная, як я лічу, выключна адміністрацыяй, якая даводзіць да таго, што жорстка зьбіваюцца асуджаныя.

Што можа быць пасьля гэтага? Тут у ДВП напрацавана вялікая практыка, як знаходзіць крайніх. І такімі крайнімі, хутчэй за ўсё, зробяць гэтых двух — Канцяву і Чыкіна. За арганізацыю могуць даць дадатковы тэрмін у межах 10 гадоў. А якую б праверку ні праводзіла Генпракуратура, свае ніколі не абвінавацяць сваіх жа”.

Размову пра калёнію ў Глыбокім мы працягнем у адной з наступных праграмаў “Свабода ў турмах”.

Беларускія турмы: гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказваем пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў. Сёньня аповед пра "Валадарку" пачатку 1900-х – мы раскажам, як 26 лютага 1906 году ў гэтым астрогу быў выкананы сьмяротны прысуд над 26-гадовым вязьнем — тэрарыстам Іванам Пуліхавым.

Сярод арыштантаў “Валадаркі” нямала падазраваных у бамбізьме

Пасьля падзеяў 1905 году вязьняў у турмах Расейскай імпэрыі істотна паболела. Менская "Валадарка", тады "Пішчалаўка", не была выключэньнем. Кантынгент асуджаных з кожным годам папаўняўся так званымі "палітычнымі". Калі раней да катэгорыі дысыдэнтаў належалі прадстаўнікі заможнага дваранства, то цяпер шмат палітвязьняў паходзіць з рабочай клясы, студэнцтва… Сярод арыштантаў беларускіх астрогаў нямала падазраваных у бамбізьме сябраў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

"Валадарка"-"Пішчалаўка"

З матэрыялаў царскай ахранкі пра сытуацыю ў Паўночна-Заходнім краі:

“Эсэраўскія баевікі ўзброеныя значна лепш за нарадавольцаў. Асноўная стралковая зброя — браўнінг, які лёгка можна было схаваць пад вопратку. Для павышэньня забойнай сілы зброі малога ці сярэдняга калібру (6,35 і 7,65 мм) кулі надпілоўваюць, што ператварае іх у разрыўныя, а таксама начыняюць атрутай — часьцей мыш'яком або стрыхнінам, радзей экзатычнай сумесьсю, якую вынаходлівыя арганізатары набываюць або вырабляюць самі. Бомбы для замахаў зьбіраюць у нелегальных лябараторыях. Асноўнае выбуховае рэчыва — самаробны дынаміт”.

Сярод галоўных прыхільнікаў індывідуальнага тэрору — прадстаўнікі створанай пры партыі эсэраў групы максымалістаў. Турэмнікі "Пішчалаўкі" лічаць максымалістаў самым непрыемным кантынгентам сярод зьняволеных і заўсёды гатовыя да розных неспадзяванак зь іхнага боку. У 1906 годзе сапраўдным галаўным болем для астрожных кантралёраў быў 29-гадовы сябар Зьвязу эсэраў-максымалістаў Рыгор Нястроеў (Гірш Цынін), тэарэтык індывідуальнага тэрору, які, згодна з дакладнымі ахоўнікаў, няспынна “баламуціў” турэмны люд.

“Турма ў 1906 годзе была падзеленая на буржуазную і пралетарскую”

Зь дзёньніка эсэра-максымаліста Рыгора Нястроева:

“У менскім астрогу (Пішчалаўскім замку. — Рэд.), дзе мне прыйшлося правесьці пачатак 1906 году, уся турма быццам была падзеленая на буржуазную і пралетарскую. Усе "буржуі" сабраліся ў адной камэры, жылі прыпяваючы, ледзь не віно пілі і імяніны спраўлялі. Да іх у госьці хадзіў начальнік турмы, зь якім яны былі прыяцелі. Натуральна, падобныя адносіны не падабаліся рэвалюцыянэрам. Да таго ж паміж абедзьвюма групамі не было звыклых для ранейшага часу таварыскіх адносін: адны адных ненавідзелі. У турме пачала адчувацца неўласьцівая ёй "барацьба клясаў". Спробы абмяркоўваць пытаньні разам прыводзілі да скандалаў, ледзь не да бойкі. Несалідарнасьць зьняволеных была такая вялікая, што нават пакараньне таварыша сьмерцю не магло выліцца ў агульны пратэст. Я кажу пра Івана Пуліхава.

Пасьля канфірмацыі прысуду мы, палітычныя, чакалі яго страты з гадзіны на гадзіну. Настала ноч 26 лютага... У шмат якіх камэрах выбралі вартавых, якія павінны былі абудзіць турму, калі Пуліхава павядуць. Каты пракраліся ў яго камэру ціха, у глыбокай начы, і вывелі яго”.

“Пуліхава хацелі павесіць ціха і непрыкметна”

Пра тое, што “пішчалаўскае” начальства намагалася павесіць Пуліхава ціха і непрыкметна, пісала і тагачасная прэса.

З карэспандэнцыі выдаўца пецярбурскай газэты “Русь” Аляксандра Суворына

(Тут і далей цытую паводле зьвестак з прыватнага архіву маскоўскага бібліяфіла і матэматыка Барыса Розэнфэльда, які ў 1990-я эміграваў у ЗША):

“У ноч на 26 лютага да Пуліхава ў адзіночную камэру прыйшоў памочнік начальніка турмы Дабрынеўскі і заявіў, што яму дазволена спатканьне з Аляксандрай Ізмайловіч, якога Іван дамагаўся. Начальства пайшло на такі падман, асьцерагаючыся ўмяшаньня палітычных. Была інфармацыя, што тыя паспрабуюць гэтаму ўсяляк перашкаджаць. Тым часам вестка, што Пуліхава вядуць па калідоры, разьнеслася імгненна: палітычныя пачалі падбягаць да вокнаў і дзьвярэй, каб разьвітацца са сваім паплечнікам. "Ня думаю, каб гэта было зараз", — спакойна адказаў ім Пуліхаў, — "я іду на спатканьне з Ізмайловіч".

Іван Пуліхаў
Просьба аб сустрэчы з Аляксандрай Ізмайловіч была адзінай, зь якой ён перад сьмерцю зьвяртаўся да кіраўніцтва турмы, прычым неаднаразова. Сустрэчу з бацькам ды са сваімі зводнымі братамі і сястрой не лічыў такой ужо важнай ды неабходнай. Рана страціўшы маці, Пуліхаў так і ня зьведаў пачуцьця дому. Ён жыў асобна ад сям’і — здымаў маленькі пакойчык на гарадзкой ускраіне, там, дзе цяпер вуліца Чычэрына. Зарабляў рэпэтытарствам. Значная частка ягоных невялікіх прыбыткаў ішла на аплату пакою, амаль усё астатняе пералічалася на патрэбы падпольнай арганізацыі. Пуліхаў заўсёды быў галодны, бедна апрануты і ўнутрана адзінокі. Аляксандра і яе малодшая сястра, таксама бамбістка, Кацярына, пра чый тэракт і страту ён даведаўся ў турме, былі нямногімі з сапраўды блізкіх яму людзей. Пуліхаву было важна, каб Аляксандра бачыла, што ён ані не баіцца сьмерці.

Адрозна ад няўдалага тэрарыста-практыка Пуліхава, тэарэтык індывідуальнага тэрору і максымалізму палітвязень Пішчалаўкі Рыгор Нястроеў ня верыў, што яго сябра вядуць на спатканьне з паплечніцай. Пры яго непасрэдным удзеле абудзілася ўся турма.

“Шыбеніца як вяшак і кат у масцы”

Зь дзёньніка Рыгора Нястроева:

“Загула турма. Аніхто ня спаў...

— Каты, забойцы! — пачуўся гістэрычны крык некага з арыштантаў.

— Каты! — падхапілі іншыя, і ўся турма ператварылася ў равучае мора, праз стогн якога быў чуваць плач.

Скрозь цемру ночы да нас далятаў стук сякеры, чыесьці крокі і загады.

— Зьбіваюць шыбеніцу!.. — далятае голас.

— Дзе? Няўжо пры ім? Нягоднікі!”

Сам Пуліхаў даведаўся пра тое, што яго вядуць на сьмерць, толькі ля турэмнай брамы. Там ён убачыў чалавека ў масцы — ката. Побач з брамай стаяла прымітыўная шыбеніца, якая нагадвала хутчэй вяшак для адзеньня. На тоўстай дзеравяцы вісела вяроўка, а ўнізе стаў зэдлік. Трымаўся Пуліхаў спакойна. Папрасіў у начальніка турмы папяросу і закурыў яе. Потым папрасіў перадаць усім таварышам апошняе "бывай" і ступіў на зэдлік…

Павешаньне ў тую ноч бачылі і некаторыя дзеці — менскія гімназісты.

З мэмуараў савецкага авіятара Аляксея Туманскага, чые дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Менску:

Аляксей Туманскі
“Я жыў тады ў Менску ля Брэсцкага вакзалу і хадзіў у гімназію па Захар'еўскай вуліцы, зь якой добра відаць была гарадзкая турма. Кожны раз, праходзячы міма, мы азіраліся на яе, ведаючы, што там сядзіць і чакае пакараньня Пуліхаў. Аднойчы позна ўвечары 25 лютага да мяне зайшлі два мае найбліжэйшыя і неразлучныя сябры па гімназіі: Грыша Камінскі і Валодзя Грыгор'еў. Пад вялікім сакрэтам яны паведамілі, што ўначы Пуліхава будуць вешаць на турэмным двары. Валодзя сказаў, што ён ведае, як убачыць двор і саму страту, і што яны з Грышам пойдуць туды. Спачатку я хацеў ісьці зь імі, але, памеркаваўшы і ўявіўшы ўсе падрабязнасьці, вырашыў, што магу ня вытрымаць і падвяду таварышаў.

Назаўтра раніцай на вялікім перапынку таварышы распавялі, як усё было. Яны бачылі, як Пуліхава падвялі да шыбеніцы. Рукі яго былі зьвязаныя. Нейкі чыноўнік чытаў паперу, потым падышоў сьвятар і даў пацалаваць крыж. Пуліхаў адвярнуўся. Тады яму хутка накінулі на галаву чорны мяшок, паставілі на лаву пад шыбеніцай, надзелі пятлю на шыю і выбілі з-пад ног апору. Ён павіс на вяроўцы, у яго пачалі сутаргава рухацца ногі, выгінацца ўсё цела. Сябры больш ня вытрымалі і ціхенька спусьціліся з даху суседняга з турмой дома”.

Як пісала газэта "Русь", павешаньне доўжылася хвілін 10. Прыкладна палову гэтага часу, хвілін 5, сьмяротнік пакутаваў у агоніі. Пасьля таго як доктар канстатаваў сьмерць, цела паклалі ў простую драўляную труну і адвезьлі на могілкі. Афіцыйныя асобы, сьведкі павешаньня, разышліся, са зьдзіўленьнем узгадваючы стойкасьць, якую прадэманстраваў Пуліхаў.

"Чорныя сьцягі на вокнах Пішчалаўкі і смутак гараджан"

Зь дзёньніка эсэра-максымаліста Рыгора Нястроева:

“Усю ноч стаялі ля вокнаў таварышы і нямым позіркам аглядалі вароты, празь якія ён сышоў у той сьвет, адкуль няма вяртаньня.

Яго павесілі на браме. Ён памёр у пакутах.

Раніцай турма дала знаць таварышам на волю пра пакараньне сьмерцю, вывесіўшы ў вокнах чорныя сьцягі.

Адміністрацыя турмы запатрабавала іх прыбраць, пагражаючы рэпрэсіямі. Турэмныя "буржуі" захваляваліся, пачалі пераконваць іншых, што трэба выканаць загад, што трэба пазьбегнуць рэпрэсій, што віселі сьцягі прыстойна, што справа ж ня ў часе і г.д. Яны павялі агітацыю па ўсёй турме і паўзьдзейнічалі на тых, хто вагаўся. Рэвалюцыйна настроеныя элемэнты, не жадаючы ставіць пад небясьпеку зьбіцьця шматлікіх "спачувальнікаў", падпарадкаваліся большасьці.

Пасьля страты Пуліхава рэвалюцыянэры абвясьцілі аднадзённую галадоўку-пратэст. Але "буржуі" і гэты пратэст ператварылі ў фармальна-бяздушную камэдыю — яны ніяк не маглі дачакацца вечара, калі ўжо "можна" будзе есьці. Яшчэ днём яны ўжо згаварыліся з крымінальным, каб ён у пэўны час паставіў самавар”.

Кажуць, што весткі пра страту Пуліхава выклікалі хвалю спачуваньня сярод менчукоў. Пасьля крывавых падзеяў 18 кастрычніка 1905 году ў Менску губэрнатар Курлоў быў у горадзе вельмі непапулярнай асобай. Яго лічылі вінаватым у гібелі дзясяткаў менчукоў, якія ў той дзень прыйшлі на плошчу Віленскага вакзалу на дазволеную дэманстрацыю. Хадзілі чуткі, што пуліхаўскі выбуховы зарад быў загадзя абясшкоджаны царскай ахранкай, пакуль бомбу везьлі зь Пецярбургу ў Менск. Людзі таксама казалі, што самому Курлову і паліцыі гэта было добра вядома, а значыць, дзеяньні эсэра нікому ніяк не пагражалі. Учынак нябожчыка сустракаў усё больш спачуваньня і сымпатый з боку гарадзкога насельніцтва.

“Пахавалі Пуліхава патаемна”

“Пахавалі Пуліхава таемна, як і сёньня гэта робяць са сьмяротнікамі. Пра месца пахаваньня ведаў толькі вартаўнік Старажоўскіх могілак. Праз 20 гадоў, у 1926-м, вартаўніка адшукалі колішнія паліткатаржане, якія прыехалі ў Менск у сувязі з гадавінай тых падзеяў. Празь некаторы час былыя палітвязьні ўзьвялі на Старажоўскіх могілках помнік са словамі смутку на магільным камені. Пазьней, у 1954-м, рэшткі рэвалюцыянэра ды камень перанесьлі на Вайсковыя могілкі, што цяпер на вуліцы Казлова. У традыцыях гарадзкога фальклёру нехта напісаў песьню.


Вось радкі зь яе:

У Менску на Казлова, на могілках ваенных
Ёсьць простая магіла, як помнік даўніне —
Звычайны камень шэры, што яскаркаю веры
У сэрцы песьню запаляе мне.

Гартаючы старыя, забытыя старонкі,
Ўслухаючыся ў бунтаў падбітую душу,
Я штовясны прыходжу да гэтае магілы,
І водар красак чуецца ўвушшу.



Турма і здароўе


У мінулы аўторак палітвязьню Зьмітру Бандарэнку зрабілі апэрацыю па выдаленьні міжпазванковай грыжы. Апэрацыя працягвалася дзьве гадзіны, яе правялі нэўрахірургі 5-м клінічнага шпіталю Менску.

“Што павінна здарыцца, каб вязьню аказалі належную мэдычную дапамогу?”

Хворы доўгі час (прынамсі паўгоду) скардзіўся на невыносныя болі. Існавала рэальная пагроза паралічу канечнасьцяў. У справу настойліва ўмешваліся родныя Бандарэнкі ды замежныя палітыкі. У выніку Міністэрства ўнутраных спраў краіны ўсё ж вырашыла даць згоду на аказаньне палітвязьню профільнай дапамогі.

Жонка палітвязьня Вольга лічыць, што ў цяперашніх умовах яе муж “атрымаў дапамогу найлепшых лекараў у найлепшай па ягоным профілі клініцы”. Самі нэўрахірургі станоўча ацэньваюць ход апэрацыі і пасьляапэрацыйны стан пацыента, адзначаючы пры гэтым, што цяпер шмат што будзе залежаць ад рэабілітацыйнага пэрыяду. На практыцы гэта азначае — ад людзей, якія ня маюць дачыненьня да мэдыцыны.

Як вынікае са зробленай на гэтым тыдні заявы МУС, у гэтым ведамстве таксама задаволеныя ходам лячэньня:

"Бандарэнка як атрымліваў належную прафэсійную мэдычную дапамогу, так і будзе атрымліваць. Апэрацыя прайшла пасьпяхова. У мэдслужбе Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў упэўненыя: усе неабходныя ўмовы для постапэрацыйнай рэабілітацыі пацыента яны маюць”, — вынікае з інфармацыі, зьмешчанай на сайце МУС.

Паводле незалежных адмыслоўцаў-нэўролягаў, хваробу Зьмітра “з гледзішча захаваньня якасьці жыцьця можна назваць сур’ёзнай. Без належнага лекаваньня і дагляду, без выкананьня ўсіх рэкамэндацый хворы можа стаць глыбокім інвалідам, у яго могуць ня толькі адняцца ногі, але і парушыцца функцыі органаў малога таза, мочаспусканьне, дэфэкацыя”.

“Хвароба Бандарэнкі мела запушчаны характар”

Як кажа жонка палітвязьня, якой пасьля апэрацыі давялося пагутарыць непасрэдна з палатным нэўрахірургам, выпадак меў запушчаны характар:

“Лекар пасьля апэрацыі сказаў, што выпадак быў запушчаны, бо з-за вялікай грыжы моцна пацярпелі нэрвовыя канчаткі — яны сталі нібыта змачаленымі. Грыжа доўгі час пераціскала канал і канчаткі нэрваў. Калі б гэтай апэрацыі не зрабілі, то Дзіма мог бы страціць правую нагу. Таму для аднаўленьня запатрабуецца больш часу, рэабілітацыя павінна быць доўгай. Ужо ў сераду, на другі дзень пасьля апэрацыі, Дзіма на маіх вачох уставаў на ногі. Мэдыкі назвалі шмат проціпаказаньняў: сядзець два месяцы нельга, толькі ляжаць і хадзіць, хадзіць няшмат. У сярэднім, у звычайных выпадках, пасьля такіх апэрацыяў пацыенты застаюцца ў клініцы 8—10 дзён”.

За аднаўленьнем, пра якое кажа Вольга, то бок за першасным рэабілітацыйным этапам, як правіла, назіраюць тыя, хто праводзіў апэрацыю. Так найлепш адсочваецца дынаміка стану хворага, і, зыходзячы зь яе, робяцца адпаведныя рэкамэндацыі на будучыню.

Ці пратрымаюць Зьмітра Бандарэнку неабходны час у стацыянары 5-га шпіталя, Вользе невядома:

“Гэтага ніхто ня ведае. Лекары сказалі мне, што будуць спрабаваць яго трымаць, даваць рэкамэндацыі. Наколькі ўсё гэта залежыць ад іх. Таксама я размаўляла зь лекарам СІЗА. Тая сказала, што забяруць назад на “Валадарку” толькі тады, калі яго аддадуць са шпіталя. А раней і мне, і Зьмітру казалі, што вярнуць яго могуць ужо пры канцы тыдня. Пакуль нічога не вядома. Цяпер мы перажываем за рэабілітацыю, каб яму далі аднавіцца”.

“На якія працэдуры можна разьлічваць у СІЗА і калёніі?”

Згодна з сучаснымі мэдычнымі пратаколамі, такім пацыентам, як Зьміцер Бандарэнка, пасьля першаснага рэабілітацыйнага пэрыяду трэба прайсьці другі, даўжэйшы. Магчыма, нават і не адзін. У суседняй Літве, напрыклад, мэдыкі рэкамэндуюць праводзіць падобную пасьлястацыянарную рэабілітацыю цягам найменей некалькіх тыдняў. У гэты час трэба праводзіць кізэтэрапію (розныя віды гімнастыкі), электрастымуляцыю, масаж, гразевыя ванны ды іншыя працэдуры.

Ва ўмовах “Валадаркі”, а тым больш калёніі наўрад ці магчыма праводзіць і простыя працэдуры кшталту электрафарэзу, лічыць жонка палітвязьня. Хоць лекар СІЗА абнадзеіў жанчыну, што рэкамэндацыі нэўрахірургаў будуць выконвацца.

Наведваць хворага мужа ў шпіталі Вольга Бандарэнка зможа толькі праз афіцыйна дазволеныя спатканьні. У сераду Менскі гарадзкі суд дазволіў ёй першае такое спатканьне. У аўторак, у дзень апэрацыі, Вольга таксама на некалькі хвілін змагла ўбачыць мужа, калі яго на каталцы вывозілі з апэрацыйнай.

“Наведваць хворага мужа — толькі з дазволу суду”

"Я ў той дзень увесь час сядзела ў шпіталі і малілася, — расказвае Вольга Бандарэнка. — Дагэтуль цягам двух дзён я спрабавала яго ўбачыць. Але яны правозілі яго неяк патаемна міма мяне. Калі скончылася апэрацыя, Дзіму правозілі міма мяне на каталцы, ён ня спаў, бо яму зрабілі сьпінальны, а не агульны наркоз. Ён убачыў мяне і паказаў мне знак вікторыі. Далей яго адвезьлі ў палату. Дзьверы былі адчыненыя, і я крыкнула праз ахову: “Дзімачка, я цябе кахаю!”. Потым дзьверы зачынілі, сказалі, што нельга, што гэта не спатканьне, бо я ня маю на яго дазволу. Дзіму паклалі ў палату на тры месцы. Ён пад аховай. Усяго тры чалавекі. Непасрэдна ў палаце і таксама ў калідоры. У шпіталь пасьля апэрацыі прыяжджала таксама турэмнае кіраўніцтва. Радуе тое, што начальства дазволіла перадаць яму ваду і сродкі асабістай гігіены".

Тым часам старшыня Камітэту замежных спраў Сэйму Літвы Эмануэліс Зінгерыс выступіў з заявай пра сытуацыю з палітвязьнем Зьмітром Бандарэнкам.

Ён адзначыў, што літоўскія дэпутаты чарговым разам зьвярнулі ўвагу Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа на яшчэ адзін выпадак крайняга самаўпраўства і пагарды да чалавечага здароўя і жыцьця ў Беларусі.

"Мы выказваем вялікую заклапочанасьць станам здароўя каардынатара беларускай грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Зьмітра Бандарэнкі, які перанёс цяжкую апэрацыю на хрыбетніку, — заявіў Эмануэліс Зінгерыс. — Пасьля такіх складаных апэрацый неабходны працяглы пэрыяд рэабілітацыі, сталы догляд і кансультацыі незалежных прафэсійных лекараў. Калі не забясьпечыць належны мэдычны дагляд і ўмовы рэабілітацыі, яму пагражае інваліднасьць.

Дзеяньні структур улады Беларусі ў дачыненьні да гэтага вядомага беларускага актывіста ня толькі ствараюць відавочную пагрозу яго здароўю, але і падмацоўваюць атмасфэру страху і запалохваньня палітычных апанэнтаў у Беларусі, таму такія дзеяньні неапраўданыя і недапушчальныя".

Літоўскі палітык заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць палітвязьняў.

Слухаць перадачу можна тут:

Свабода ў турмах, 31 ліпеня, частка 1


Свабода ў турмах, 31 ліпеня, частка 2

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG