Лінкі ўнівэрсальнага доступу

29 ліпеня судзьдзя Гаспадарчага суду Менску Аляксандар Карамышаў разгледзеў адміністрацыйную справу, заведзеную ГУУС Менгарвыканкаму супраць"Нашай нівы", і даў газэце 400 базавых велічыняў штрафу (14 мільёнаў рублёў).

Справа была ініцыяваная Міністэрствам інфармацыі, якое даслала ў ГУУС Менгарвыканкаму ліст "Аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці". Тым лістом Мінынфармацыі ініцыявала адміністрацыйныя справы супраць "Нашай нівы" і "Народнай волі", абумовіўшы іх тым, што выданьні мелі цягам году па два папярэджаньні.

Як піша "Наша ніва", сёньняшні суд быў першым прэцэдэнтам такога спосабу ўзьдзеяньня на незалежную прэсу — яшчэ ніколі раней Міністэрства інфармацыі не заводзіла справы супраць выданьняў "рукамі" міліцыі.

"НН" яшчэ не аспрэчыла папярэджаньня ад 6 ліпеня, якое стала фармальнай прычынай для завядзеньня справы. Але судзьдзя адмовіўся прыпыніць справу на гэтай падставе.

Аргумэнты прадстаўніка "НН" пра тое, што адсутнасьць індэксу ў адным нумары — гэта малазначнае парушэньне, што закладзены ў Кодэксе памер штрафу — гіганцкі, як на такую віну, і ставіць пад пагрозу дзейнасьць рэдакцыі, што нічые інтарэсы не былі гэтым парушэньнем закранутыя, суд узяў пад увагу, але на рашэньне яны не паўплывалі.

Папярэджаньні Мінынфармацыі ледзь ня сталі прычынай закрыцьця газэты. Але 12 ліпеня міністэрства нечакана адклікала свой пазоў.

"На сёньняшняе рашэньне суду мог своеасабліва паўплываць эканамічны крызіс. Мільённыя штрафы незалежным СМІ — неблагі спосаб папаўненьня бюджэту", — піша з гэтай нагоды "Наша ніва".

Рэдакцыя мае дзесяць дзён на абскарджаньне сёньняшняга выраку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG