Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску прадоўжыўся разгляд крымінальнай справы супраць заснавальніка беларускамоўнага інтэрнэт-сэрвісу "Кнігі поштай" Алеся Яўдахі. Яго вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці за тое, што дапамагаў людзям набываць беларускія кнігі. Абвінавачаньне замовіла 230 сьведак.

Другі дзень суду быў прысьвечаны допыту сьведак. Гэтым разам на пытаньні пракурора адказвалі шэсьць чалавек — двое зь іх па-беларуску. Сьведкі — бізнэсоўцы і перакладчыкі, якія з дапамогаю Алеся набывалі беларускія кнігі і былі задаволеныя ягонымі паслугамі. Вось што сказаў "Свабодзе" адзін са сьведак, супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Русаковіч:

"Такое ўражаньне, што справа надуманая — нават ня ведаю, за што чалавека хочуць прыцягнуць да адказнасьці і нешта зь яго спагнаць. Наколькі я разумею, яму пагражае нават зьняволеньне. Сам я задаволены паслугамі, задаволены набытымі кнігамі. Ня ведаю, абурэньне адно".

Алесь Яўдаха дасылаў праз пошту кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і многіх іншых, якія цяжка было набыць у дзяржаўных крамах. У гэтым пракуратура ўгледзела незаконнае прадпрымальніцтва і зьвярнулася ў суд. Адвакат абвінавачанага спадар Новік другі дзень працэсу пракамэнтаваў гэтак:


"Вы ж, напэўна, пасьпелі заўважыць, што допыты, якія праводзіліся падчас папярэдняга сьледзтва — яны праводзіліся паводле пэўнага шаблёну. Тыя сьведкі, якіх сёньня дапытвалі ў судзе, яны не асабліва задумваліся над тымі сьведчаньнямі, за якія падпісваліся. Таму спадзяюся, што ў выніку сёньняшняга разбору ў суду ўзьнікнуць сумневы адносна іх праўдзівасьці".

Паводле выстаўленага абвінавачаньня Алесю Яўдаху пагражае ад двух гадоў абмежаваньня волі да трох гадоў турмы. Пра свае паслугі, зробленыя на карысьць аматараў беларускага слова, ён не шкадуе, паведаміў ён для Радыё Свабода:

"Ніякіх згрызотаў сумленьня я ня маю. Адзінае, чым я пераймаюся, дык гэта тое, што гэткі спосаб, якім я дапамагаў людзям набываць беларускія кнігі, меў для іх вось такія непрыемныя наступствы, як паходы па падатковых службах і судах".

У судзе над Алесем Яўдахам абвешчаны перапынак да 10.00 1 жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG