Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: сіеста, перапынак у жыцьці


Сі-ес-та. Гучыць пранізьліва, сьветла. Сіеста — мы ведалі, што гэта такое, а пакаштаваць давялося ў тыя часы, калі замежнае віно з кіно апынулася ў нашым жыцьці, тады, калі ўлада яшчэ не была помсьлівай. Бутэлька гішпанскага называлася “Сіестай” менавіта. Ня памятаю: градусаў 12, скажам, альбо, магчыма, 11, нічога асаблівага, vino de mesa. Пад 40 градусаў у сапраўдную сіесту я трапіў пазьней. Яна, сіеста, пяром пакіравала так, што скварнае паветра ператварыла сябе у рытм, спрэсавала ў кароткія фразы, сьціслыя думкі.

Сіеста — перапынак у жыцьці
на некалькі гадзінаў
і так штодня,
пакуль трымаесься.

Асноўнае — ты пазычаеш
пра-ха-лоду,
ратуючы ад сьпёкі
цела і мазгі.
Цень, прахалода,
сьцюдзёнае вады глыток.
Як перапынак на абед
у краме, дзе
пакупнікоў
ня хочуць.
Жалезна —
апускайце жалюзі,
ралеты хвалістыя
хай грукочуць.
Перапынак на абед
у цэлага народу,
у краіны.
Але і пакупнік,
ён не жадае
нічога набываць,
таксама ён
за барыкадай
дому, што выглядае
калі ня мёртва,
то нежывым дакладна.

Ніякай працы, прэч рух,
ператрываць гарачыню —
вось сэнс, у якім
і соль, і цукар,
і мёд, і лыжка дзёгцю.
У цэлага народу
перапынак на абед,
калі кавал ня лезе ў горла.
Вось што такое
гэтая сіеста.

З другога, зрэшты, боку,
ты можаш працаваць
як апантаны,
як смак жыцьця
у працы той
трымаючы гарэхам у шкарлупіне.
Не працаваць, каб жыць,
а жыць, каб працаваць,
нібы адно і тое ж,
але два розныя жыцьці.

Але стэрэатыпы
вораг наш:
сіеста — так,
але яна гучыць інакш.
Сучасная сіеста —
пераходзіць з кавярні
да кавярні
(актыўны лад жыцьця,
але актыўны напалову,
лянота, кава плюс
напоі граціс часам),
ступаючы за рухам сонца
з думкаю аб ценю
(як лапай ловіць кот
люстэркавы адбітак-“зайчык”).
Дзе ён — той
столік пад паветкай,
парасонам
ці проста ў засені зялёнай
дрэва,
якога ты ня знаеш назвы?

Сквар робіць зброю
бескарыснай:
затуплены мячы,
зламаны дзіды,
вачам ня радасна
сьвятло.
Яшчэ хвіліна,
у летаргічны хіліць
стан,
табе ўсё роўна,
ператрываць —
адная думка.

Сіеста,
вібрацыя ў паветры
пчалінага крыла,
гук
ценькага струменя.
Але цыкады
у хмызах гвалтуюць
мэталічна твае вушы
амаль што ультрагукам.

Калі адны ў сіесту
зачыняюць аканіцы
шчытна
альбо турыстам
наліваюць у шклянкі,
гарачыня не перашкода
для запальнага
кактэйлю,
зь якім на вуліцы
выходзяць
нашчадкі
Эўрыпіда і Пэрыкла.
Пад зыркім сонцам
так — дзьве тышчы
адзінаццатага
году.

Сіеста — перапынак у сьмерці, калі належала не забіваць. Стрэльбы адпачывалі, адкладзеныя ўбок. Цень у акопах — таксама важная патрэба. Схавацца як ў шчыліну яшчарка. Порах прыбраць з сонцапёку, кулі трымаць ахалоджанымі. Здранцьвець, не варушыцца, напаўдрамаць, летуценіць. Напярэдадні палёту жалезнага джала.
XS
SM
MD
LG