Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты да палітвязьняў ідуць месяцамі


Валянціна Гнедчык у пятніцу раніцай вярнулася са Шклоўскай калёніі, дзе мела спатканьне з сынам Алегам. Адвакатка Зьмітра Дашкевіча, якую ў чацьвер не пусьцілі ў Горацкую калёнію да свайго падабароннага, падала скаргу. Ад Ільлі Васілевіча і Міколы Статкевіча лісты ідуць, здараецца, цягам месяца і даўжэй.

Маці Алега Гнедчыка, як і родныя астатніх вязьняў Шклоўскай калёніі — Міколы Статкевіча, Аляксандра Класкоўскага, Зьмітра Новіка — была вельмі ўстрывожаная адсутнасьцю лістоў і тэлефанаваньняў. У чацьвер яна зь цяжкасьцю дамаглася спатканьня з сынам Алегам:

Алег Гнедчык
"Я нават акрыяла духам. Лісты ўсе аддалі — цэлы стос за 2 месяцы. Праўда, сёе-тое было закрэсьлена і нават выразана — я ж часам пішу і пра тое, што творыцца ў краіне. Шмат лістоў прыйшло ад замежнікаў — з Францыі, Ангельшчыны: проста людзі падтрымліваюць. Алег кажа, што ўсё больш-менш нічога, толькі харчаваньне жудаснае. Трымаецца нядрэнна — можа, мяне крыху стараецца падбадзёрыць, таму што ў мяне спачатку быў вельмі сумны стан".

Пацьвердзіла Валянціна Гнедчык і словы Натальлі Новік, Аляксандра Класкоўскага пра тое, што шклоўскіх вязьняў прымушалі пісаць прашэньні аб памілаваньні:

"Быў на іх псыхалягічны ціск, каб яны прызналі віну і падпісалі прашэньне аб памілаваньні. Яны, вядома, гэтага рабіць не зьбіраюцца. Спачатку моцна ціснулі, але цяпер быццам бы адчапіліся".

А вось ад Міколы Статкевіча, які таксама ўтрымліваецца ў Шклоўскай калёніі, лісты па-ранейшаму калі і даходзяць, то зь вялікім спазьненьнем, кажа грамадзянская жонка Статкевіча Марына Адамовіч:

"Пасьля таго, як я надала гэтаму галоснасьць, два старыя лісты прапусьцілі. Рэальна старыя — з канца мінулага месяца. Тэлефанавала Наста Палажанка, сказала, што яна атрымала ліст ад Міколы, які цэнзар калёніі праверыў 28-га чэрвеня — гэта значыць, праз пару дзён пасьля напісаньня. Ліст ішоў месяц. Больш нічога — ні тэлефанаваньняў, ні лістоў. Я тэлефаную ў калёнію рэгулярна, учора змарнавала палову дня. Я спадзявалася, што пашпарт Міколы ўрэшце дойдзе да калёніі. Восем скаргаў я напісала, каб высьветліць, дзе пашпарт. Адказ — "не паложана па інструкцыі, пішыце пісьмовыя запыты".

Родныя Ільлі Васілевіча таксама вельмі рэдка атрымліваюць лісты ад сына. Маці самага маладога палітвязьня, якому 6 жніўня споўніцца 20 гадоў, спадарыня Тамара кажа:

Ільля Васілевіч
"Напісаў: "Мама, я не разумею, чаму я пішу лісты кожны дзень, а вы не адказваеце". Газэты ён атрымлівае. Але ні разу не тэлефанаваў. Можа, яму не дазваляюць... Напісаў: "Чакаю не дачакаюся, калі пачую вашы галасы". У мяне ўчора быў дзень народзінаў, і ён нічога не даслаў — такога быць ня можа...".

Адвакатка Зьмітра Дашкевіча Мар'яна Сямешка мае намер абскардзіць незаконныя дзеяньні адміністрацыі Горацкай калёніі ў пракуратуры і Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў — 28 ліпеня яе не пусьцілі да падабароннага і забаранілі высьветліць, на якіх падставах Зьмітра ў трэці раз зьмясьцілі ў карцэр:

"Вядома, скаргі падаюцца. Крымінальна-працэсуальным кодэксам прапісана права адваката бесьперашкодна і канфідэнцыйна, без абмежаваньняў па часе і колькасьці, размаўляць са сваім падабаронным".

5 ліпеня другому адвакату, Дзьмітрыю Лаеўскаму, забаранілі сустрэчу з Дашкевічам на той падставе, што вязень нібыта не напісаў заяву на сустрэчу з адвакатам. Але заява была. Блізкія Дашкевіча занепакоеныя: ад іншых зьняволеных ёсьць інфармацыя, што за непадпарадкаваньне Зьмітра Дашкевіча моцна зьбілі, таму і не пускаюць да яго адвакатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG