Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: у катастрофе вінаватыя і пілёты, і дыспэтчар


У прадстаўленым сёньня дакладзе аб катастрофе польскага самалёта пад Смаленскам асноўнай прычынай аварыі названая памылка пілёта. Аднак польскі бок часткова ўскладае віну і на дыспэтчарскія службы смаленскага аэрапорту.

Заключны даклад камісіі прадставіў сёньня міністар унутраных спраў Польшчы Ежы Мілер. Паводле яго словаў, прэзыдэнцкі самалёт быў цалкам спраўны да моманту яго сутыкненьня з дрэвам, што потым прывяло да разбурэньня левага крыла. Мілер сказаў, што рашэньні, якія прымаліся пілётамі, былі правільныя, але ў іх не было дастатковага вопыту палётаў і пасадкі ў складаных мэтэаўмовах.

Пілёты, паводле словаў Мілера, не былі самазабойцамі. Яны атрымалі інфармацыю пра складныя ўмовы і папрасілі дадатковы аэрадром, аднак адказу не паступіла. Тады яны прынялі рашэньне зрабіць спробу пасадкі, што не было памылкай. Аднак экіпаж, ідучы на другое кола пасадкі, меркаваў, што яны знаходзяцца на вышыні 100 мэтраў, аднак насамрэч гэта была вышыня 49 мэтраў.

Кіраўнік польскага МУС таксама адзначыў, што часткова ў трагедыі вінаватыя расейскія дыспэтчары, і што бакі маглі б папраўляць памылкі адзін аднаго.

Даклад, аднак, выключыў умяшаньне трэцяга боку, у тым ліку шляхам прымяненьня нейкага хімічнага рэчыва. На прэсавай канфэрэнцыі было заяўлена пра выснову камісіі, што на экіпаж не аказвалася ціску, каб ён прызямліўся менавіта на аэрадроме “Смаленск-Паўночны”.

Прэзыдэнт Лех Качынскі, яго жонка Марыя і ўрадавая эліта Польшчы загінулі 10 красавіка 2010 году, калі дэлегацыя накіроўвалася для ўдзелу ў жалобнай цырымоніі ў Катыні пад Смаленскам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG