Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няпомняшчых аштрафаваны за дробнае хуліганства за надпіс "Лука тут не жыве. Выбух..."


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых
29 ліпеня суд Цэнтральнага раёну Гомеля прызнаў Уладзімера Няпомняшчых, пэнсіянэра МУС, сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі - вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў яго штрафам памерам пяць базавых велічынь (175 тысяч рублёў).

Няпомняшчых абвінавачваўся ў тым, што 31 траўня нанёс надпіс "Лука тут не жыве. Выбух...." на папераджальны плякат аб падазроных прадметах. Плякат, а дакладней лісток паперы, які заклікае грамадзян да пільнасьці, быў разьмешчаны міліцыяй ва ўнівэрмагу "Гомель".

Няпомняшчых зьвярнуў увагу судзьдзі на тое, што лісток паперы не зьяўляецца плякатам, бо ня мае выходных зьвестак і тыражу. Ён не прызнаў сябе вінаватым. "Я не парваў гэты лісток паперы, не закрэсьліў там ні адной літары, у маіх дзеяньнях няма дробнага хуліганства", – заявіў у судзе Непомняшчых, паведамляе БелаПАН.

Свае дзеяньні Ўладзімер патлумачыў тым, што падобныя плякаты палохаюць людзей і сеюць страх у грамадзтве. "Тэракт у менскім мэтро раскрыты, злачынцы ўстаноўленыя – навошта пастаянна палохаць людзей? Я толькі хацеў супакоіць грамадзян, хацеў напісаць "Лука тут не жыве, падрываць няма каму, сьпіце спакойна", але не дапісаў да канца, бо мне гэтага ня дала зрабіць намесьніца дырэктара ўнівэрмагу па ідэалягічнай працы", – растлумачыў падсудны.

Няпомняшчых чакаў, што рашэньне суду будзе не на яго карысьць. "Таму што ў нас судовая сыстэма падладжаная пад карныя органы – што карныя органы напішуць ім, то яны і выконваюць. Таму статуі Фэміды, якая стаіць у холе суду зь мячом і вагамі, трэба замест вагаў прычапіць тэлефон", – заявіў сябра АГП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG