Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці маўчыш, ці крычыш – усё адно пакараюць


На акцыі маўклівага пратэсту

На акцыі маўклівага пратэсту

У Палату прадстаўнікоў унесены законапраект, які сярод іншага прапануе караць за несанкцыянаванае масавае "загадзя вызначанае дзеяньне ці бязьдзеяньне". Паводле адмыслоўцаў, такім чынам улады зьбіраюцца ўжо на падставе закону караць удзельнікаў маўклівых акцый.

Праект дапаўненьняў у закон аб масавых мерапрыемствах унесены Саветам міністраў. Згодна зь ім масавая прысутнасьць грамадзянаў у адным месцы для "загадзя вызначанага дзеяньня ці бязьдзеяньня" прыраўноўваецца да пікетаваньня. У тым ліку — калі збор людзей арганізаваны праз інтэрнэт. А калі плянуецца ўдзел транспартных сродкаў, то трэба загадзя апісаць марку, мадэль, нумар ды падаць іншыя зьвесткі пра машыну.

Некаторыя аглядальнікі ўжо назвалі гэтыя папраўкі драконаўскімі. Паводле праваабаронца Валянціна Стэфановіча, улады такім чынам адказалі на маўклівыя пратэсты ў краіне і акцыі "Стоп-бэнзін".

"Фактычна, флэш-мобы падводзяцца пад дзеяньне закону аб масавых мерапрыемствах. То бок калі прапануецца нейкі флэш-моб для выказваньня свайго стаўленьня да чагосьці, у тым ліку шляхам бязьдзеяньня — напрыклад, стаяць і маўчаць, — гэта ўжо будзе расцэньвацца як пікет. Будуць, відаць, афармляць тых, хто робіць флэш-мобы, не па артыкуле 17.1 (дробнае хуліганства), а вось ужо будуць афармляць як удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Раней ім даводзілася выдумляць пра розныя нецэнзурныя лаянкі. Гэта працяг абмежаваньня права на мірныя сходы на заканадаўчым узроўні".

Адносна правядзеньня новых маўклівых акцый адзін з адміністратараў групы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" Вячаслаў Дзіянаў сказаў, што цяпер ідзе абмеркаваньне і неўзабаве ўсё будзе вядома. Акцый у суботу пакуль не плянуецца. Ён не выключае, што зьменіцца сам падыход да маўклівага пратэсту і яго фармат. Паводле Вячаслава, прапанаваныя зьмены ў закон ніяк не адаб'юцца на маўклівых акцыях:

"Яны, па сутнасьці, як хапалі, так і хапаюць. Жорстка дзейнічалі і дзейнічаюць. Я ня думаю, што са зьяўленьнем закону ва ўладаў будзе нейкая дадатковая магчымасьць нешта прымяняць. Яны што, вадамёты тады будуць прымяняць? Куды ўжо далей? Як яны дакажуць, што чалавек быў на тым месцы на акцыі альбо проста гуляў?".

Экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева ня зьдзівіць, калі гэтыя папраўкі будуць прынятыя — каб тое, што "робіцца ўладамі незаконна, выглядала, што робіцца згодна з законам".

"Дзяржава пайшла ў татальны наступ на грамадзянскую супольнасьць. Да дабра гэта не давядзе. Канечне, дастанецца і грамадзянскай супольнасьці, найперш актыўным людзям, якія не жадаюць зьмірыцца з той рэальнасьцю, якую прапануе ўлада. Але гэта паскорыць і крах самой улады, і ўсіх тых, хто прыдумляе гэтыя рэчы. Канечне, гэта нэўтралізацыя любых супраціваў супраць рэжыму".

Адзін з сустаршыняў аргкамітэту Народнага сходу Віктар Івашкевіч называе прапанаваныя папраўкі абсурдам, маразмам і ідыятызмам.

"Калі людзі прыдумаюць нешта яшчэ, каб зьдзекавацца з гэтага рэжыму, яны будуць супраць гэтага законы прымаць? Скажуць там — не ўхмыляцца побач з партрэтамі прэзыдэнта, бо гэтым робіцца нейкі намёк? Я ня ведаю, да якога маразму яны могуць дайсьці. Я думаю, самім жа ідыётамі тут ня трэба рабіцца".

Спадар Івашкевіч заклікае адказаць на гэтую ініцыятыву ўладаў масавым удзелам у Народным сходзе 8 кастрычніка.

"Лепш грэшным быць, чым грэшным слыць. Калі ўжо ўсё роўна, што за бязьдзеяньне, што за дзеяньне караюць аднолькава, то трэба дзейнічаць. І калі цябе бяруць за тое, што ты робіш выгляд, што проста пагуляць прыйшоў. І аднолькавае пакараньне, што ты падняў сьцяг — дык лепш гуртавацца і ў вызначаны час гэтыя сьцягі падымаць. І плякаты, і патрабаваньні, і крычаць у мэгафоны. А не маўчаць. Калі ўсё роўна гэта караецца аднолькава. Заклікаю 8 кастрычніка не бязьдзейнічаць, а дзейнічаць. Не маўчаць, а крычаць. Калі рэпрэсіі аднолькавыя, то з адкрытым забралам, сьцяг у рукі -- і наперад".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG