Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Суіцыд у Глыбокім – гэта крайні крок, на які ідуць, калі нічога іншага не застаецца"


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова “Плятформа”, якая займаецца пытаньнямі датрыманьня заканадаўства ў папраўчых установах, распаўсюдзіла інфармацыю пра групавую спробу суіцыду ў глыбоцкай калёніі № 13.

Зьвесткі прыйшлі ад чалавека, які ня так даўно вызваліўся з гэтай папраўчай установы. Ён распавёў, што ў чэрвені асуджаныя абвясьцілі галадоўку, пратэстуючы супраць парушэньня законнасьці з боку турэмнікаў. У дачыненьні да зьняволеных адміністрацыя рэгулярна выкарыстоўвае фізычную сілу. Удзельнікі страйку запатрабавалі сустрэчы з генэральным пракурорам Беларусі. У адказ адміністрацыя ўчыніла масавае брутальнае зьбіцьцё асуджаных. Большасьць зьбітых не маглі самастойна перасоўвацца. Мэдычнай дапамогі пацярпелым не аказвалі. Некаторыя вязьні пайшлі тады на экстрэмальны сродак абароны сваіх правоў і годнасьці — спробу суіцыду. Так, асуджаныя Канцява і Чыкін ускрылі сабе жываты і вены.
Глыбоцкая калёнія была створаная як калёнія самага жорсткага ў турэмнай герархіі рэжыму — асобага. Тут не барачная сыстэма, як у іншых папраўчых установах, а турэмная або камэрная

Установа "Плятформа" зьвярнулася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, Генэральную пракуратуру і ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС з патрабаваньнем расьсьледаваць інцыдэнты ў папраўчай калёніі № 13 гораду Глыбокае. У ДВП пакуль ніяк не пракамэнтавалі гэты інцыдэнт.

Тым часам на праграму “Свабода ў турмах” прыйшлі камэнтары ад некаторых слухачоў. Адзін зь іх адбываў пакараньне ў калёніі № 13, а другі, як ён сьцьвярджае, ведае асуджанага Канцяву, аднаго з тых вязьняў у Глыбокім, які ўскрыў сабе жывот ды вены.

Наш сталы слухач, былы асуджаны Зьміцер Каляда, які на пачатку 2000-х сядзеў у Глыбокім, напісаў:

“Учынак хлопцаў — гэта крайні крок, на які ідуць, калі нічога іншага не застаецца. Хутчэй за ўсё, людзі мелі надзею на тое, што такім чынам інфармацыя аб прававым бязьмежжы ўсё ж выйдзе са сьценаў установы.

Адзначу, што Глыбоцкая калёнія была створаная як калёнія самага жорсткага ў турэмнай герархіі рэжыму — асобага. Тут не барачная сыстэма, як у іншых папраўчых установах, а турэмная або камэрная. Зь вялікай колькасьцю абмежаваньняў. Напрыклад асуджаныя могуць рабіць прагулкі, цягам 2-х гадзінаў, толькі днём, а ўвечары перапоўненыя камэры зачыняюцца, блякуюцца. Калёнія № 13 — самая закрытая папраўчая ўстанова ў Беларусі. Тэлефанаваньні праз таксафон вельмі праблематычныя, інфармацыя за межы ўстановы выходзіць зь вялікай цяжкасьцю. А таму шмат якія факты брутальнага зьбіцьця асуджаных турэмнікамі ды іншае прававое бязьмежжа застаюцца амаль невядомыя ані сваякам, ані адвакатам, ані праваабаронцам.
Якую б праверку ні праводзіла Генпракуратура, свае ніколі не абвінавацяць сваіх жа

Звычайна, ідучы на падобны крок, чалавек ня хоча сябе канчаткова загубіць. Хоць гэта велізарная рызыка для жыцьця, бо робіцца ўсё па-сапраўднаму (вены, жывот, кроў). Аднак пры гэтым заўсёды ёсьць спадзяваньне на Бога і на хуткую рэакцыю міліцыянтаў. Такія сьмерці ў калёніі адміністрацыі не патрэбныя”.

А вось што паведаміў праз тэлефон былы зьняволены Андрэй, які падчас адной з сваіх адседак кантактаваў з асуджаным Канцявам, адным з тых вязьняў у Глыбокім, які ўскрыў сабе жывот ды вены.

“Канцяву ведаю. Проста ня памятаю яго імя. Спакойны чалавек, сур’ёзны, прыстойны. У тым сэнсе, што не падпісваў міліцыянтам аніякіх папераў аб супрацоўніцтве, бо лічыць гэта прыніжэньнем чалавечай годнасьці. Дарэчы, гэта ўжо ня юны, а сталы чалавек. Лічу гэта сур’ёзным учынкам. Тым больш што зрабілі яго сур’ёзныя людзі, а ня дурні. То бок не з агульнага рэжыму, дзе першаходы, якія ня ведаюць, як дабіцца справядлівасьці. У Глыбокім сядзяць людзі "са стажам". І калі яны робяць такія захады, як ускрыцьцё венаў і жыватоў, значыць, ёсьць сур’ёзная падстава, справакаваная, як я лічу, выключна адміністрацыяй, якая даводзіць да таго, што жорстка зьбіваюцца асуджаныя.

Што можа быць пасьля гэтага? Тут у ДВП напрацаваная вялікая практыка па знаходжаньні крайніх. І такімі крайнімі, хутчэй за ўсё, зробяць гэтых двух — Канцяву і Чыкіна. За арганізацыю могуць даць дадатковы тэрмін у межах 10 гадоў. А якую б праверку ні праводзіла Генпракуратура, свае ніколі не абвінавацяць сваіх жа”.

Дарэчы, Генэральная пракуратура арганізавала праверку інфармацыі пра галадоўку і спробах суіцыдаў у Глыбоцкай калёніі № 13. Як паведамілі Белапан у Генпракуратуры, сытуацыя ў калёніі вывучаецца.

Пра калёнію ў Глыбокім мы распавядзем у адной з наступных праграмаў “Свабода ў турмах”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG