Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенская міліцыя: Ваўкавыскі доктар парваў форму інспэктару


На сайце УУС Гарадзенскага аблвыканкаму апублікаваныя міліцэйская вэрсія інцыдэнту ў прыёмным пакоі Ваўкавыскай бальніцы, пра які Радыё Свабода падрабязна паведамляла.

«Інцыдэнт, які адбыўся ў Ваўкавыскай цэнтральнай раённай бальніцы з удзелам супрацоўнікаў ДАІ і дзяжурнага лекара, выклікаў пэўны грамадзкі рэзананс. Некаторыя друкаваныя і электронныя СМІ, не чакаючы праверкі і ўстанаўленьня ўсіх абставінаў таго, што адбылося, пасьпяшаліся напоўніць інцыдэнт «шакавальнымі» падрабязнасьцямі. Як вынік – скажэньне і перабольшаньне рэальных падзей, – сьцьвярджаецца ў паведамленьні абласной міліцыі.

Паводле УУС Гарадзенскага аблвыканкаму, дзяжурны лекар выйшаў для агляду п'янага кіроўцы толькі праз 35 хвілінаў. "Працэдуру агляду пачаў неахвотна, павольна.. Дзеяньні дзяжурнага лекара супрацоўнікі ДАІ расцанілі як наўмыснае зацягваньне працэдуры агляду для таго, каб даць магчымасьць правапарушальніку пазьбегнуць адказнасьці…

Просьбу супрацоўнікаў ДАІ паскорыць працэдуру агляду дзяжурны лекар успрыняў як асабістую абразу і прыніжэньне яго прафэсійнага узроўню. У сваю чаргу міліцыянты спрабавалі растлумачыць неабходнасьць захаваньня часовых рамак. Узьнікла слоўная сварка. Доктар у катэгарычнай форме заявіў супрацоўнікам ДАІ, каб яны пакінулі памяшканьне, а пасьля прапанаваў дастаўленаму правапарушальніку перайсьці ў іншы кабінэт. Калі дзяржаўтаінспэктар паспрабаваў прайсьці зь імі, урач стаў яго выштурхоўваць, парваўшы пры гэтым форменнае абмундзіраваньне. У мэтах спыненьня вышэйпаказаных дзеяньняў супрацоўнікам міліцыі давялося прымяніць фізычную сілу".

"Ніякіх пратаколаў у дачыненьні да дзяжурнага лекара не складалася, да адміністрацыйнай адказнасьці ён не прыцягваўся. Прававая ацэнка абодвум бакам канфлікту будзе дадзена па завяршэньні праверкі, якую праводзяць пракуратура Гродзенскай вобласьці і служба ўласнай бясьпекі", – сказана ў паведамленьні гарадзенскай міліцыі.

Паводле доктара Сяргея Кабылкі і расказаў сьведак, гэта інспэктары ДАІ перашкаджалі яму працаваць: здымалі агляд на мабільны тэлефон і нецэнзурна лаяліся. Лекар выклікаў па тэлефоне міліцыю, аднак прыезду нараду не дачакаўся: а калі паспрабаваў павесьці пацыента на абсьледаваньне ў іншы пакой, маладыя супрацоўнікі ДАІ кінулі доктара на падлогу, апранулі на яго кайданкі і пачалі зьбіваць, у тым ліку нагамі. Толькі калі калегі выклікалі міліцыю, зьбіцьцё спынілася. Лекар зьняў пабоі і напісаў скаргу ў пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG