Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеныя ў глыбоцкай калёніі ў чэрвені ўчынілі спробу суіцыду


Паводле неафіцыйнай інфармацыі, некалькі зьняволеных Глыбоцкай папраўчай калёніі № 13 (Віцебская вобласьць) спрабавалі пакончыць з сабой.

Пра гэта БелаПАН паведаміў Андрэй Бандарэнка, дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы "Плятформа", якая займаецца пытаньнямі выкананьня заканадаўства ў папраўчых установах.
Інфармацыя паступіла ад чалавека, які нядаўна вызваліўся з Глыбоцкай калёніі. Ён расказаў, што ў чэрвені асуджаныя ПК-13 аб'явілі галадоўку, пратэстуючы такім чынам супраць парушэньня законнасьці з боку адміністрацыі калёніі, у тым ліку — жорсткага ужываньня фізычнай сілы ў дачыненьні да зьняволеных. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі сустрэчы з генэральным пракурорам Беларусі.

"У адказ адміністрацыяй калёніі ў пэрыяд з 16 па 22 чэрвеня былі масава зьбітыя асуджаныя. Большасьць з зьбітых не маглі перасоўвацца самастойна, аднак мэдыцынская дапамога ім не аказвалася. Некаторыя былі змушаныя зьвярнуцца да экстрэмальных мер самаабароны — спробаў суіцыду. Так, асуджаныя Канцява і Чыкін, не знаходзячы іншых сродкаў абароны сваіх правоў і годнасьці, ускрылі сабе вены і жывот", — расказаў Андрэй Бандарэнка.

На падставе атрыманых фактаў 27 ліпеня установа "Плятформа" накіравала ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, Генэральную пракуратуру і упраўленьне уласнай бясьпекі МУС зварот з патрабаваньнем расьсьледаваць інцыдэнты ў папраўчай калёніі № 13 горада Глыбокае.

Падрабязнасьці будуць паведамленыя 1 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Мінску. У ёй плянуюць удзельнічаць сьведкі катаваньняў, імёны якіх не называюцца з меркаваньняў іх бясьпекі.

Атрымаць камэнтар у дэпартамэнце выкананьня пакараньня МУС пакуль не атрымалася.
XS
SM
MD
LG