Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Прызначэньне Надзеі Ермаковай на пасаду старшыні праўленьня Нацыянальнага банку, выклікала ў беларускім інтэрнэце шквал розных кпінаў. Тым ня менш гэтае прызначэньне ў нейкім сэнсе знакавае. У сытуацыі валютнага крызісу Нацбанк аб’ектыўна становіцца галоўнай установай у краіне, на якую з страхам і надзеяй глядзяць і дырэктарат, і бізнэсоўцы, і шараговыя грамадзяне, якія разважаюць на тэму, ці варта класьці свае грошы ў банкі альбо забіраць іх адтуль.

Таму гэтае кадравае рашэньне прэзыдэнта дае падставу для пэўных высноваў. Сапраўды, чаму Ермакова? На мой погляд — зь некалькіх прычынаў.

Па-першае, у Лукашэнкі кароткая лава запасных. Памятаеце, як гады чатыры назад у экспэртным асяродзьдзі папулярнымі былі разважаньні на тэму прыходу да ўлады новай каманды “маладых ваўкоў”, галоўным прадстаўніком якой лічылі прэзыдэнцкага сына Віктара. І, маўляў, гэта прыкмета зьменаў у палітыцы.

Дык вось, здаецца, гэты трэнд, калі ён на самой справе быў, цяпер скончыўся. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў на ключавыя пасады вылучаюцца старыя (ва ўсіх сэнсах), правераныя кадры: прэм’ер Мясніковіч, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, адказны за ідэалёгію Радзькоў. І вось Ермакова.

Па-другое, прынцыпова важным стаў зварот да шклоўскага кадравага рэестру. Гэта вынік дэфіцыту даверу. Ва ўмовах сыстэмнага крызісу створанай Лукашэнкам сацыяльнай мадэлі, калі незадавальненьне пачало пранікаць і ў намэнклятурнае асяродзьдзе, побач павінны быць людзі, якіх даўно ведаеш, якім верыш. Зь Ермаковай зьвязаны шклоўскі пэрыяд жыцьця Лукашэнкі, з тым жа Радзьковым будучы прэзыдэнт вучыўся ў Магілёўскім пэдінстытуце. У крызіс, адрозна ад стабільных часоў, ляяльнасьць і адданасьць кадраў значна важнейшыя за прафэсіяналізм.

Па-трэцяе, Ермакова зразумелая для Лукашэнкі. Для яго сьвет просты, як саўгас “Гарадзец”. Памятаеце, як на нарадзе 27 траўня кіраўнік дзяржавы казаў: “Колькі я прасіў М.У.Мясьніковіча — не пішыце мне тысячу аркушаў гэтых рэляцый. Я іх чытаю па дыяганалі… Вы напішыце мне коратка на трох аркушах”.

Дык вось, Ермакова ня будзе пісаць даўгіх запісак. Яна так і засталася савецкім фінансістам, загадчыкам фінансавага аддзелу Шклоўскага райвыканкаму. А “Беларусбанк”, які яна доўгі час узначальвала — гэта ў значнай ступені ашчадны банк савецкага тыпу. Фінансаваньне дзяржпраграм, жыльлёвага будаўніцтва. Пра грошы дбаць ня трэба: калі скончацца, можна ўзяць зь дзяржаўнага бюджэту. Вось і ўся камэрцыя.

Так бачыць кіраваньне фінансавай сыстэмай краіны і Лукашэнка. Яны размаўляюць на адной мове. Немагчымасьць купіць валюту Ермакова пракамэнтавала тэлеканалу "Расія" так: "У мяне даляраў няма. Я не іду ў абменьнік. Ён мне проста не патрэбны. У мяне і ў дзевяностыя не было, і сёньня няма". Лукашэнку гэта спадабалася, і ён паўтарыў гэтую думку на нарадзе 27 мая, дадаўшы, што купляць валюту, каб ехаць адпачываць у Эгіпет, — гэта нахабства.

Вось і на сустрэчы з прэзыдэнтам у сераду Ермакова даводзіла, што ў краіне няма валютных праблем, прапанова адпавядае попыту, афіцыйны абменны курс рубля правільны, валютныя ўклады насельніцтва растуць. Тое ж самае кажа ў публічных выступах і сам Лукашэнка: крызісу няма, а невялікія цяжкасьці хутка разыдуцца самі сабой.

Якія можна зрабіць высновы з гэтага прызначэньня наконт бліжэйшых пэрспэктываў валютна-фінансавай палітыкі?

Першае. Уплыў, удзельная вага Нацбанку ў кіраваньні эканомікай зьнізіцца. Пры Пракаповічу Нацыянальны банк займаў у пэўных межах самастойную пазыцыю, якая была больш рынкавая, чым ва ўраду. Цяпер гэтага ня будзе. Нацбанк стане поўнасьцю тэхнічнай інстытуцыяй.

Другое. Узмоцніцца адміністратыўнае кіраваньне валютным рынкам. Як у савецкім ашчадным банку.

Трэцяе. На валютным рынку надоўга захаваецца статус-кво.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG