Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козік прапануе даць Лукашэнку Нобэлеўскую прэмію


Леанід Козік

Леанід Козік

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі лічыць, што ідэя Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасьці пабудовы сацыяльна арыентаванай дзяржавы заслугоўвае Нобэлеўскай прэміі ў галіне эканомікі.

Сацыяльныя дзяржаўныя праграмы ні ў якім разе нельга скарачаць, лічыць старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Леанід Козік. Аб гэтым ён заявіў у інтэрвію газэце "Беларускі час", паведамляе прэс-служба ФПБ.

Дзяржпраграмы па разьвіцьці інфраструктуры, будаўніцтве спартыўных збудаваньняў і транспартных разьвязак, рэканструкцыі помнікаў культуры, на думку Козіка, павінны працягвацца. Пры гэтым старшыня фэдэрацыі заявіў, што тыя праграмы, якія "наўпрост падтрымліваюць чалавека", якія тычацца пэнсійнага забесьпячэньня, дапамог, льгот па праезду, проста неабходныя.

Козік лічыць, што ідэя Аляксандра Лукашэнкі аб неабходнасьці пабудовы сацыяльна арыентаванай дзяржавы заслугоўвае Нобэлеўскай прэміі ў галіне эканомікі. Яна уяўляе сабой ідэю "сусьветнага значэньня, новае слова ў тэорыі разьвіцьця грамадзтва і дзяржавы".

Для пераходу да такога дзяржаўнага ладу, на думку кіраўніка ФПБ, Беларусі трэба "правільна вызначыць прыярытэты, знайсьці практычныя шляхі вырашэньня праблем, якія узьнікаюць пры пабудове грамадзтва з сацыяльна арыентаванай эканомікай, перамагчы унутраную карупцыю, разгільдзяйства, разбазарваньне наяўных рэсурсаў, абстрагавацца ад рутыны мінулага".

Старшыня фэдэрацыі адзначыў, што на шляху да падобнай дзяржавы стаяць такія праблемы, як "рост коштаў на тавары і паслугі, адсутнасьць кантролю дзяржавы за эканамічнымі працэсамі, зьніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва".

У той жа час кіраўнік фэдэрацыі адзначыў, што нельга перакладаць падатковую нагрузку з наймальніка на работніка. "На жаль, некаторыя ведамства пастаянна шукаюць, дзе б зэканоміць бюджэтныя сродкі. І часта хочуць гэта зрабіць за кошт шэраговага працаўніка", - сказаў ён. Козік рэзка асудзіў падобныя рэформы, якія "пагаршаюць становішча працоўных". Паводле кіраўніка ФПБ, ён гатовы зьвярнуцца да Лукашэнкі, калі будуць такія прэцэдэнты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG