Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньняшняга дня ў Беларусі пачынае працаваць міжнародная плацёжная сыстэма American Express. Гэта азначае, што ўладальнікі картак гэтай сыстэмы могуць разьлічвацца імі за розныя паслугі і ў Беларусі. Аднак пакуль такое права маюць толькі нерэзыдэнты Беларусі. Пра гэта паведамілі на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 28 ліпеня.

Першым кліентам American Express у Беларусі стала нацыянальная кампанія “Белавія”. Ужо сёньня яе пасажыры могуць разьлічвацца за квіткі плястыкавымі карткамі гэтай сыстэмы. Пазьней такімі карткамі можна будзе расплачвацца ў гатэлях, рэстаранах, за турыстычныя ды іншыя паслугі.

Журналісты пацікавіліся: ці ўдалы час абрала American Express, каб прыйсьці на беларускі рынак?

Віцэ-прэзыдэнт American Express Алекс Фэрбэр на пытаньне, чаму знакамітая кампанія прыходзіць у Беларусь падчас крызісу, адказаў так:

"Мы лічым, што прыход на рынак Беларусі падчас крызісу — гэта ўдалы час. Гэта дапаможа патэнцыйным пакупнікам рабіць пакупкі".

Вадзім Казлоў, кіраўнік новага праекту, прадстаўляе “БПС-Банк”, які стаў галоўным партнэрам амэрыканскай кампаніі. Спадар Казлоў ня робіць таямніцы з таго, што праект разьлічаны найперш не на беларускіх грамадзян, а на замежнікаў. Менавіта каб ім было зручней, і робяцца гэтыя захады. Пасьля да іх далучацца і беларусы, але дакладнага тэрміну, калі гэта мае здарыцца, сёньня не назвалі.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў таксама засяроджвае ўвагу на тым, што новы праект разьлічаны наперш не на беларускіх грамадзянаў:

Леанід Злотнікаў

"Такім чынам амэрыканская кампанія аблягчае жыцьцё сваім рэзыдэнтам, якія прыяжджаюць зь нейкай нагоды ў Беларусь. Аднак у нашых банкаў цяпер мала даляраў. І ёсьць складанасьці з абслугоўваньнем сваіх банкаматаў. Выходзіць так".

Эканамісты адзначаюць, што амэрыканская кампанія ў пэўнай ступені рызыкуе, калі ідзе на беларускі рынак. Але для кампаніі, якая мае філіялы ў 129 краінах сьвету, такая рызыка не ідзе ў параўнаньне зь яе капіталамі. Таму яна можа рызыкаваць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG