Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матэрыял пра гэта дае расейскае інтэрнэт-выданьне Gazeta.ru. Паводле выданьня Андэрс Брэйвік вывучаў беларускі палітычны рэжым і цікавіўся гісторыяй чарнобыльскай аварыі. Ён афіцыйна наведваў краіну як турыст, прыяжджаў на магілы вікінгаў. Выданьне прыводзіць нават неправераную інфармацыю пра тое, што Брэйвік праходзіў баявую падрыхтоўку ў былых супрацоўнікаў спэцслужбаў Беларусі.

Андэрс Брэйвік, які зрабіў двайны тэракт у Нарвэгіі, пра сваё наведваньні Беларусі распавёў у маніфэсьце «Дэклярацыя незалежнасьці Эўропы 2083». Беларусь згадваецца ў дакумэнце, які налічвае паўтары тысячы старонак, 18 разоў. Як тлумачыць Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, Брэйвік прыяжджаў у краіну ў якасьці турыста. У паведамленьні, разьмешчаным на сайце ведамства, сказана:

«Паводле дадзеных Дзяржпамежкамітэту, грамадзянін Нарвэгіі Андэрс Брэйвік сапраўды наведваў Беларусь у 2005 годзе. Ён прыбыў у Нацыянальны аэрапорт Менск рэйсам Вена-Менск 4 сакавіка з турыстычнай мэтай і пакінуў краіну рэйсам Менск-Вена 11 сакавіка 2005 году па сапраўдных дакумэнтах. Падстаў для няпропуску праз мяжу, а таксама прэтэнзій да грамадзяніна Андэрса Брэйвіка з нагоды знаходжаньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ня мелася».

Памежнікам Брэйвік заявіў, што прыехаў "паглядзець на магілы вікінгаў».

Гэта ніякага зьдзіўленьня ня выклікала: праз усю Беларусь праходзіць старажытны шлях «з варагаў у грэкі», так што магіл вікінгаў у краіне сапраўды нямала. І турысты на іх езьдзяць досыць актыўна. Зрэшты, ці быў сапраўды Брэйвік на тых магілах, невядома. Затое дакладна вядома, што ён вывучаў палітычны лад Беларусі, расавы склад насельніцтва краіны і наступствы катастрофы на ЧАЭС.

Брэйвік ў сваім маніфэсьце выказаў здагадку, што чарнобыльская аварыя – гэта тэракт, арганізаваны ўкраінскай нацыяналістычнай ваеннай ячэйкай. «Большасьць людзей былі апрамененыя ў выніку нежаданьня Савецкага Саюзу эвакуаваць іх (тыднёвая затрымка) і нежаданьня прадухіліць распаўсюджаньне забруджаных сельскагаспадарчых прадуктаў, – піша Брэйвік. – Акрамя таго, дыктатура ў Беларусі наўмысна працягвала распаўсюджваць сельскагаспадарчую прадукцыю з забруджаных тэрыторый сярод свайго народу (гэта і цяпер так)».

Прадстаўнікі турфірмы, якая прывозіла ў 2005 годзе Брэйвіка ў Беларусь, прыгадваюць, што ён баяўся атруціцца радыяактыўнымі прадуктамі.

«Ён быў самым тыповым паўночнаэўрапейскім турыстам зь ліку тых, хто аб'яжджае краіны былога СССР як новыя экзатычныя тэрыторыі, – распавяла нашаму выданьню экскурсаводка Аліна Васюк, якой давялося працаваць з нарвэжцам. – Вельмі абачліва ставіўся да ежы – відавочна баяўся, што яго накормяць чымсьці радыяактыўным. Таму прасіў у рэстаране стравы з акіянскай рыбы. Задаваў пытаньні: як часта ў нас бываюць выбары, ці не баюся я есьці заражаную радыяцыяй ежу, ці часта ў нас паміраюць людзі ад раку, і таму падобнае. Нічым асаблівым ён тады не запомніўся».

З таго ж маніфэста Брэйвіка вынікае, што ён уважліва вывучаў палітычны рэжым у Беларусі. Рэжым ён называе дыктатарскім, але адзначае нардычны тып большасьці людзей, што жывуць у краіне. У якасьці прыкладу нацыяналістычнай партыі нарвэжац чамусьці прыводзіць Лібэральна-дэмакратычную партыю Беларусі (ЛДПБ). У рэальнасьці ж ЛДПБ ніколі не была нацыяналістычнай партыяй. Беларускія нацыяналісты заўсёды былі заўзятымі праціўнікамі прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, а ЛДПБ, наадварот, Лукашэнку нярэдка падтрымлівае.

Паводле дадзеных кіраўніка Партыі патрыётаў Беларусі Махаіла Рашэтнікава Брэйвік наведваў Беларусь тры разы і мог праходзіць у краіне баявую падрыхтоўку.

«Па нашых дадзеных, атрыманых ад крынiц у рэспубліканскіх сілавых ведамствах, Брэйвік прыяжджаў у Беларусь некалькі разоў. Увесну гэтага году на актыўнай стадыі падрыхтоўкі двайнога тэракту ён наведваў Менск, дзе таксама трэніраваўся ў ваенна-палявым лягеры закрытага тыпу, – заявіў выданьню Gazeta.Ru Рашэтнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG