Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Беларускага Хэльсынскага камітэту


Праваабаронцы абскарджвалі папярэджаньне, якое ім вынесла Міністэрства юстыцыі.

Цяперашняе папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі для БХК ужо другое за год. Гэта азначае, што праз месяц чыноўнікі могуць падаць у суд заяву на ліквідацыю Беларускага Хэльсынскага камітэту.

Мін'юст вынес другое ў гэтым годзе пісьмовае папярэджаньне БХК 6 чэрвеня. Прычынай для яго сталі "парушэньні падатковага заканадаўства, якія носяць працяглы характар".

Канфлікт паміж падатковай інспэкцыяй і БХК, адзінай зарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыяй, цягнецца ўжо больш за пяць гадоў. Падатковая інспэкцыя прад'явіла прэтэнзіі да БХК за нявыплату падаткаў на сродкі, атрыманыя ў якасьці гуманітарнай дапамогі па праграме ТАСІС. Праваабаронцы ж спасылаюцца на беларускае заканадаўства, якое вызваляла іх ад гэтых падаткаў.

Першае ў гэтым годзе папярэджаньне было вынесена БХК 12 студзеня. Мінюст зьвярнуў увагу на дзейнасьць аб'яднаньня пасьля таго, як праваабаронцы накіравалі паведамленьне пра ціск на адвакатаў - абаронцаў фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня, а таксама аб іншых фактах перасьледу і запалохваньня адвакатаў у Беларусі. Паведамленьне было накіравана спэцдакладчыку ААН па пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль. Паводле Мін'юста, "меў месца распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая дыскрэдытуе праваахоўныя органы і органы юстыцыі Рэспублікі Беларусь".
XS
SM
MD
LG