Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ермакова: "Валюта зь неба ня зваліцца"


Новы кіраўнік Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова бачыць галоўную задачу ў нарошчваньні золатавалютных рэзэрваў, у стварэньні дадатковага запасу, які можна будзе пусьціць у продаж на свабодны рынак.

Пра гэта Ермакова заявіла журналістам пасьля прадстаўленьня яе калектыву Нацбанку.

"Валюта зь неба ня зваліцца, яе трэба ці пазычыць у некага, ці зарабіць. А каб зарабіць, трэба займацца разьвіцьцём экспарту, скарачэньнем імпарту, імпартазамяшчэньнем на прадпрыемствах", — адзначыла Ермакова.

Спадарыня Ермакова выказалася наконт сытуацыі на валютным рынку краіны. На яе думку, тая праблема, што недастаткова валюты, каб выдаваць яе ў абменьніках, — ня самая галоўная.

"У шмат якіх краінах валюта прадаецца несвабодна, але там эканоміка разьвіваецца і людзі жывуць. Не зусім правільна, каб у нас валюта ляжала ў кішэні. Рубля няма, хлеб ня можам купіць, бо беражэм у кішэні 15—20 даляраў".

Паводле Ермаковай, банкаўская сыстэма павінна працаваць на разьвіцьцё эканомікі і задавальненьне патрэбаў насельніцтва.

І калі насельніцтву патрэбная валюта,у тым ліку на сацыяльныя выдаткі за мяжой, банкі ідуць насустрач. Раней гэтым займаўся толькі "Беларусбанк", цяпер да гэтага далучаныя і іншыя банкі.

"Беларусбанк" больш за два месяцы прадае на гэтыя мэты замежную валюту. Калі, да прыкладу, чалавеку патрэбныя грошы на адпачынак, трэба прад'явіць копію квіткоў, што яны сапраўды ёсьць, валюту той краіны яму і прададуць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG