Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Ермакова і валютны крызіс


Надзея Ермакова
Надзея Ермакова
Ва ўмовах вострага валютнага крызісу Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшынёй праўленьня Нацбанку Надзею Ермакову, якая апошні час кіравала “Беларусбанкам”, а да 1994 году — фінансавым аддзелам Шклоўскага райвыканкаму. Як гэтае прызначэньне ацанілі беларускія бізнэсоўцы і эканамісты.

Менскі бізнэсовец Марк Бэрнштэйн — адзін з тых прадпрымальнікаў, якія сталі ахвярамі беларускага валютнага крызісу. З-за дэвальвацыі нацыянальнай валюты і адсутнасьці ў вольным продажы СКВ ён вымушаны закрыць свой кампутарны бізнэс, які апошнім часам стаў нерэнтабельным,— фірма Марка здавала кампутары ў арэнду інтэрнэт-кавярням. Зараз Марк распрадае тэхніку. На мяжы закрыцьця і інтэрнэт-кавярні, зь якімі ён працаваў.

Паводле спадара Бэрнштэйна, калі беларускія фірмы маюць шмат імпартнай сыравіны і камплектуючых, а даход атрымліваюць у нацыянальнай валюце, то іх можа чакаць той жа лёс, што і ягонай кампаніі.

Чарговыя абяцаньні А. Лукашэнкі пра стабілізацыю валютнага рынку і прызначэньне новым кіраўніком Нацбанку Надзі Ермаковай Марка не абнадзеілі.

Ён зазначае, што калі папярэднік Ермаковай Пётар Пракоповіч у пэўныя пэрыяды сваёй працы адстойваў пазыцыю Нацбанку і быў своеасаблівым “дахам” для спэцыялістаў, то ад яе гэтага чакаць нельга:

Нацбанк у гэтым сэнсе будзе ўбудаваны ва ўрад як звычайная чыноўніцкая сыстэма: загад — выкананьне, указаньні, паперкі ...

“Ермакова, на мой погляд, такім “дахам” служыць ня можа. Яна чысты выканаўца. Нацбанк у гэтым сэнсе будзе ўбудаваны ва ўрад як звычайная чыноўніцкая сыстэма: загад — выкананьне, указаньні, паперкі... Ня будзе ніякай самастойнасьці ўвогуле. Гэта будзе яшчэ адно міністэрства фінансаў”.

У Лукашэнкавы абяцаньні стабілізаваць валютны рынак Марк Бэрнштэйн ня верыць, пагатоў калі гэтым зоймецца Ермакова:

“Гэта можа прывесьці, калі яна будзе браць пад казырок на любыя пажаданьні зьверху, да досыць моцнай дадатковай інфляцыі”.

Эканаміст Леў Марголін таксама калісьці займаўся бізнэсам. Ён добра ведае, як ідуць справы ў ягоных колішніх калег:

Леў Марголін

“Вельмі складана перажываюць яны гэты крызіс. Хтосьці шукае валюту на шэрым рынку, хтосьці дамаўляецца з пастаўшчыкамі, у кагосьці трывалыя сувязі і ім робяць пастаўкі як бы ў крэдыт, разьлічваючы, што рана ці позна сытуацыя памяняецца, а хтосьці пакрысе згортвае вытворчасьць”.

Спадар Марголін кажа, што часткова згарнулі бізнэс ужо многія ягоныя знаёмцы. І ўсё ж яны чакаюць лепшых часоў, разумеючы, што вечна гэтак быць ня можа. Прызначэньне Ермаковай спадар Марголін ацэньвае як імкненьне Лукашэнкі паставіць на важнай пасадзе перш за ўсё адданага сабе чалавека, а не высакакляснага спэцыяліста:

“Але яна недастаткова самастойны чалавек, і Нацбанк ня будзе самастойным зь яе прызначэньнем. Дый трэба ўзяць пад увагу, што сытуацыя на валютным рынку аб’ектыўная, яна ня вельмі залежыць ад таго, хто прыйшоў кіраваць Нацбанкам”.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што кіраўнік Нацбанку мае быць спэцыялістам у галіне макраэканомікі, што пра Ермакову цяжка сказаць:

Леанід Злотнікаў

“Зь іншага боку, я ведаю, што яна мае досьвед працы ў сацыялістычнай гаспадарцы, можа, не на самым вышэйшым узроўні. Магчыма, што тут Лукашэнка, падбіраючы кадры, зрабіў акцэнт на досьвед працы ў плянавай эканоміцы”.

На думку Леаніда Злотнікава, апошняе прызначэньне Аляксандра Лукашэнкі сьведчыць, што ён хоча вярнуцца да ручнога кіраваньня эканомікай, нягледзячы на ўсе лёзунгі пра эканамічную лібэралізацыю і на абяцаньні, дадзеныя беларускім урадам МВФ і ЭўрАзЭс. Спэцыялісты-рыначнікі ў беларускім кіраўніцтве не запатрабаваныя, таму і спадзеваў на тое, што ўрад і Нацбанк з Надзеяй Ермаковай на чале змогуць пераадолець фінансавы крызіс, увесьці свабодны курс рубля, у спадара Злотнікава няма. А пакуль што ў Беларусі дзейнічае шэры валютны рынак, калі суб’екты гаспадараньня вымушаныя самі дамаўляцца пра валютны курс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG