Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Попыт на цукар: беларусы шукаюць салодкага жыцьця


Калі звычайная сярэднядзённая рэалізацыя цукру ў Менску складае 60-70 тон, то толькі 21 ліпеня сёлета было рэалізавана ў 12 разоў больш – 740 тон. Пра гэта ў інтэрвію газэце "Рэспубліка" паведаміў першы намесьнік міністра гандлю Аляксандар Забела.

Паводле яго "традыцыйна менавіта ў ліпені, калі пачынаецца пэрыяд “закатак”, рэалізацыя цукру максымальная. Але гэтым летам закупкі насельніцтвам цукру перавысілі усе чаканыя прагнозы".

Чыноўнік сказаў, што сёлета давялося вывезьці з аптовых базаў 12 вагонаў цукру і раздаць яго па буйных і дробных гандлёвых кропках, базы былі вымушаныя працаваць практычна кругласутачна.

Намесьнік міністра выказаў меркаваньне, што "віной усяму – чуткі аб павелічэньні цаны на цукар, хоць вядома, што да новага ўраджаю цукровых буракоў гэтага дакладна не адбудзецца".

Сп-р Забела падкрэсьліў, што "для захаваньня ранейшай цаны ёсьць усе неабходныя перадумовы, сёньня ўжо вырабленыя 92 тыс. тон цукру знаходзяцца на цукровых заводах. Да 5-6 верасьня, калі пачнецца масавая перапрацоўка буракоў новага ураджаю, будзе выраблена яшчэ каля 44 тыс. тон".

Прагназуючы ў цэлым сытуацыю з цэнамі на спажывецкім рынку Беларусі, намесьнік міністра гандлю сказаў: "Хачу адзначыць, што рост цэн, у прыватнасьці на асноўныя прадукты харчаваньня, такія, як хлеб, малако і мяса, – гэта сусьветная тэндэнцыя, якая, згодна з прагнозам спэцыялістаў, у бліжэйшыя месяцы захаваецца".
XS
SM
MD
LG