Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга без ілюстрацыяў

  • Аляксандар Лукашук

Менск часоў Освальда

Менск часоў Освальда

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


У архівах Камісіі Ўорэна сабраныя тысячы рэчавых доказаў – фатаздымкаў зь Менску і Тэхасу, лістоў, рукапісаў, нататнікаў, капэртаў, арыгіналаў дакумэнтаў. Экспэртамі намаляваныя маршруты праезду, траекторыя стрэлаў. Існуе самая дарагая ў сьвеце аматарская дакумэнтальныя стужка, зьнятая жыхаром Даласу Абрамам Запрудэрам падчас забойства (26,6 сэкунды былі ацэненыя ў 16 мільёнаў даляраў).

Выбіраць было з чаго – але ў “Гісторыі Освальда” ня зьмешчана ніводнай ілюстрацыі. Няма нават партрэта героя.

Чаму Мэйлер не захацеў уключаць ілюстратыўны матэрыял у кнігу? Чаму няма нават Освальда з Марынай?

Магчыма, таму, чаму няма фатаграфіяў у раманах Талстога ці Дастаеўскага. Освальд, зразумела, рэальны чалавек, а не літаратурны пэрсанаж. Але Мэйлер ня столькі хоча расказаць пра героя, колькі знайсьці адказ на пытаньне – ці існуе ўвогуле таямніца, альбо мы маем справу з праявай абсурду, постмадэрнісцкай рэальнасьцю, дзе ўсё можа быць бяз дай прычыны. Іншымі словамі – калі прэзыдэнта забіла нікчэмная жамяра, дык мы жывем у сьвеце дэградаванага хаосу, і ўсё безнадзейна, калі асоба з ідэямі застрэліла бацьку трох дзяцей і забіла паліцэйскага, дык такое зло можна зразумець і, значыць, зь ім змагацца.

Гэта ідэальны намер аўтара – а на справе літаратура “новай журналістыкі” настолькі насычаная дакумэнтальным жыцьцём, у якім ён шукае адказы, што ілюстрацыі не выглядалі б чужароднымі.

Калі б выбіраць толькі адзін здымак – варта было б надрукаваць зусім не драматычны, а даволі банальны здымак Освальда і Марыны ў сонечны дзень на набярэжнай Сьвіслачы, непадалёку ад іх дому. Галоўная яго адметнасьць – гэта адзіны здымак, на якім абое дадзеныя на поўны рост.

Вось яны сталі каля парапэту, Освальд усьміхнуўся ў камэру, палова твару жонкі захінутая ценем, фотаапарат пстрыкнуў – і гатова. Не адразу, вядома, а пасьля таго, як стужка пабывала ў бачках з праяўляльнікам, фіксатарам, была прамытая, высушаная ў цёмным пакоі з чырвонай лямпай, а потым друкаваліся картачкі, і гэта таксама працэс, які пачні апісваць – ня спынісься.

Я паслаў гэты здымак на камэнтар аднаму знаўцу фотамастацтва, ня кажучы, хто выяўлены на фота. Вось што ён мне адпісаў, з агаворкай пра малы фармат і нізкую якасьць выявы:

З таго, што відаць, агулам можна сказаць, што гэта неблагая фатаграфія “на памяць”, зьнятая даволі пісьменна бяз грубых тэхнічных памылак. Камэра, хутчэй за ўсё, кінаплёначная (24Х36), якасьць файла не дае сказаць упэўнена. Зьнята, відаць, аматарам падчас шпацыру, без прадуманай пастаноўкі. Прафэсіянал пры спэцыяльнай здымцы не дапусьціў бы, каб жанчына стаяла неэстэтычна, з расстаўленымі нагамі. Дрэнная якасьць файла ўсё ж дае магчымасьць разглядзець крыху псыхалёгію пары, але толькі ў самых агульных рысах. Так выглядае жанатая пара, калі сумеснае жыцьцё ўжо ўвайшло ў пэўную прывычку. Хаця заўважаецца пэўная адчужанасьць паміж гэтымі людзьмі, нейкая нестабільнасьць, недасказнасьць. Ня ўсё ў іх добра.*

У гэтым аналізе ўражвае ўсё, але адна рэч, пра якую зараз пойдзе гаворка, ня проста ўражвае – шакуе сваёй дакладнасьцю.

Рэч у тым, што з усіх менскіх здымкаў менавіта гэты быў адным з галоўных доказаў тэорыі, што Освальда тут падмянілі і ў Амэрыку вяртаўся чалавек КДБ.

Знаўцы адразу заўважылі, што на здымку Освальд і Марына амаль аднолькавага росту. Насамрэч яна мела каля 160 см, а Освальд – каля 180 см (па іншых зьвестках – 175) . На здымку Марына ў басаножках без плятформы і абцасаў. Хто тады побач зь ёй?

Першы некансьпіралягічны адказ на гэтае пытаньне здолеў даць на пачатку 90-х канадыйскі журналіст Пітэр Уронскі, які перавярнуў яго дагары нагамі: ня хто побач з Марынай, а – хто побач з Освальдам?

Падчас прыезду ў Менск ён сустракаўся зь сяброўкай Марыны Людмілай Петрусевіч, якая сказала: гэта яна на здымку з Освальдам. Людміла ўзгадала, як яны гулялі, рабілі здымкі разам і паасобку, і вось гэты здымак зрабіла Марына. А чаму гэтае паліто на Марыне на іншых здымках? А таму што Людміла гуляла без паліто, замерзла і пазычыла пагрэцца.

Публікацыя Ўронскага выклікала сэнсацыю у колах освальдолягаў і загадка лічылася вырашанай, аж пакуль ён ізноў не прыехаў у Менск і не паспрабаваў зьняць усю сцэну на відэакамэру.

Знайшлі тое самае месца, усталявалі камэру, каб выбраць правільны ракурс, паставілі каля балюстрады разам зь сяброўкай Марыны памочніцу Ўронскага – і раптам у кадры Люся Петрусевіч аказалася аднаго росту з істотна вышэйшай за яе памочніцай.

Асфальтавае пакрыцьцё каля балюстрады ўзгорбілася, побач зь ямамі былі ўзвышшы. На гістарычным фота сапраўды была Марына – яна стаіць на ўзвышэньні, крыху расставіўшы ногі (што і адзначыў пры аналізе ўважлівы позірк фотазнаўцы) – мысок яе левай туфлі на адным узроўні з правым чаравікам Освальда, але абцас вышэй.

Вось як праца гарадзкіх камунальных службаў некалькі дзесяцігодзьдзяў псавала ці ўзмацняла – каму як – рэпутацыю савецкага КДБ, давала занятак цэламу накірунку освальдазнаўства, прывяла да эксгумацыі цела Освальда ў 1981 годзе, ня кажучы пра прачуханыя да пярэдніх зубоў патыліцы зьбянтэжаных журналістаў.

Ой, Менск – горад ня просты для прагулянак.

Трэба пад ногі глядзець.

Нават калі стаіш.

-----------------------------------------
*Здымак камэнтаваў Зянон Пазьняк, вядомы ня толькі як палітык, але і як мастацтвазнаўца, фатограф, аўтар фотаальбомаў. Пазьней ён палепшыў здымак і даслаў дадатковы камэнтар:

Гэтыя людзі розныя па культуры фатаграфаваньня. Жанчына фатаграфуецца непасрэдна, такой, якой ёсьць, ня думаючы, якой выйдзе і не прыхарошваючыся, не прымаючы “паляпшальных” паставаў. Тым часам мужчына прыняў, відаць, знаёмую яму позу і завучаную ўсьмешку, але ўсё гэта выглядае непасрэдна і элегантна. І трымаецца ён больш раскавана і таксама элегантна. Паліто на ім даволі дарагое, добра на ім сядзіць і дакладна пашыта па ім; штаны па тагачаснай модзе і дакладныя па даўжыні, адпрасаваныя, туфлі начышчаныя да бляску; шалік акуратна падабраны і ўкладзены; тып прычоскі характэрны для інтэлігентнага чалавека. Мужчына, што на фота, прывык нязмушана сачыць за сабой (за сваім выглядам). Гэта мог бы быць чалавек з тагачаснай інжынэрна-тэхнічнай інтэлігенцыі, з выкладчыкаў сярэдняй ці вышэйшай школы, альбо з дробных дзяржаўных служачых.

Па зьнешнім выглядзе жанчына элегантнасьцю не вылучаецца. Зьнешні выгляд яе праставаты, адзежа не дапасаваная (магчыма, купленая ў “шырспажыве” – што было), але трымаецца яна ўпэўнена, спакойна і самадастаткова. Па ўнутраным напаўненьні яна выглядае больш дарослай за мужчыну і мацнейшай па характары. Мужчына ў параўнаньні зь ёй выглядае крыху інфантыльным. Не зразумела, чаму жанчына бяз шаліка, у паліто і з адкрытай голай шыяй і грудзінай. Па выгляду гэта тыповая мянчанка таго часу, працаўніца сталовай, бухгальтэрыі, паліклінікі, цырульні, швачнай фабрыкі, гадзіньнікавага заводу, прадавачка ў гастраноме і г. д. – сярэдні ўзровень жыхара Менску. Тым часам мужчына больш тыповы для Заходняй Беларусі, Прыбалтыкі, Польшчы. Гэта больш заходні тып чалавека.





Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Нашы на Месяцы
“Калектыў” пра калектыў
Злавіць матылька
Апошнія клопаты
Віза для Марыны
Лекі ад “Доктара Жывага”
“Лі Освальд” – 35 разоў па-беларуску
Памылка Мэйлера
XS
SM
MD
LG