Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памылка Мэйлера


Норман Мэйлер
Норман Мэйлер
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


У лістападзе 1963-га адзін жыхар Менску зрабіў учынак, які звычайна лічыцца сьведчаньнем добрага выхаваньня і ветлівасьці, але які безь перабольшаньня можна было назваць геройскім – і можна было кваліфікаваць як здраду.

Адзіны з усіх знаёмых Марыны і Освальда ў Савецкім Саюзе пасьля забойства самога Освальда Джэкам Рубі – Павал Галавачоў – напісаў і занёс на Менскі паштамт ліст да Марыны Освальд са спачуваньнем.

Наступнай раніцай па яго прыйшлі.

Два супрацоўнікі КДБ, якія пастукалі ў кватэру Паўла Галавачова, павялі яго на тралейбусны прыпынак і празь дзесяць хвілін яны ўваходзілі ў будынак КДБ. Паўла завялі на другі паверх, з вакна была відаць кнігарня, у пакоі было чалавек сем.

Як Галавачоў пазьней скажа Мэйлеру – яны былі ветлівыя і яго ня білі.

Гаворка ішла пра ліст Марыне са спачуваньнем.

Мэйлер піша:

Яны пачалі з таго, што сказалі яму: “У нашай краіне толькі прадстаўнікі народу могуць пасылаць спачуваньні. Ты не прадстаўнік нашага народу. Ты ня маеш права выказваць спачуваньні. Гэта адно. Ты страціў палітычную пільнасьць. Ты стаў палітычна блізарукім. Калі ты ня хочаш, каб законы нашай краіны напісалі табе на шкуры, калі ты хочаш зноў пабачыць неба, перастань рабіць глупствы. Дарэчы, якія твае адносіны з Марынай Освальд? Ты зь ёй спаў?” Яны задавалі іншыя пытаньні і затым вярталіся да гэтага: “Спаў з Марынай калі-небудзь? Чаму ты напісаў такі ліст, калі ты зь ёй ня спаў?”

Лёгіка КДБ зразумелая – калі б Павал адказаў, што так, спаў з Марынай, адразу зьявіўся б ясны і бясьпечны матыў, чаму ён спачуваў. Усё іншае было палітычна небясьпечным, магчыма, у міжнародным маштабе.

Чалавечыя паводзіны былі небясьпечныя.

Пасьля гутаркі яго завялі на паштамт і прымусілі напісаць заяву пра адкліканьне ліста. Такое захаваньне законнасьці ня надта ўразіла Галавачова – адкуль жа КДБ ведае зьмест, калі яны яшчэ не перахапілі ліст?

Марына ніколі не атрымала спачуваньня ад Паўла.

У размове з Мэйлерам праз трыццаць гадоў ён назаве гэтую размову з кадэбістамі найгоршым момантам свайго жыцьця.

Дэпутат Сяргей Навумчык сустракаўся са “Сьцяпанам” – былым куратарам Освальда палкоўнікам у адстаўцы Аляксандрам Касьцюковым. Сцэна – як з-пад пяра Дастаеўскага:

Сяргей Навумчык
Ён наракаў на менскіх сяброў Освальда, якія давалі заходнім журналістам недакладную інфармацыю, дзе сумнеўна паказвалі яго, Касьцюкова, ролю. Асабліва скардзіўся на Паўла Галавачова: “Паўлік кажа, што я яго выклікаў, сурова зь ім размаўляў... Ды калі яго маці паскардзілася ў КДБ і мне прыйшлося зь ім сустракацца, я дрыжэў, як той восеньскі ліст: я – малодшы афіцэр, ніхто, а ён – сын Героя Савецкага Саюзу, сябра Хрушчова...”*

У самым канцы кнігі Мэйлера, у імянным паказьніку, Павал Галавачоў будзе прадстаўлены як “сябар Освальда і інфарматар КДБ”. З мноства людзей, зь якімі Освальд сустракаўся ў СССР і зь якімі потым працаваў Мэйлер, гэтак будзе напісана толькі пра аднаго Галавачова.**

Кніга Мэйлера амаль бездакорна дакладная: памылкі ў ёй – не памылкі, а, хутчэй, абдрукоўкі (ня тая літара ў прозьвішчы консула, які выдасьць Марыне візу для вяртаньня ў Амэрыку, лішняя галосная ў прозьвішчы старшыні КДБ (“Шыракоўскі”), сьмешнае тлумачэньне, што калі імя аднаго з суразмоўцаў – Саша, а яго бацькі – Мікалай, дык яго завуць “Саша Мікалаевіч”).

Але словы ў паказьніку імёнаў пра Паўла Галавачова, хаця фармальна і не няправільныя, акажуцца самымі несправядлівымі.

Сымпатычны хлопец быў. Не засранец.
Павал Галавачоў

---------------------------------------------
*Тут важны час і кантэкст: опэрупаўнаважаны гаворыць так увесну 1993-га, час росквіту беларускай дэмакратыі, калі гаворкі пра люстрацыю вядуцца не на кухнях, а ў парлямэнце, і гаворыць гэта дэпутату апазыцыі, перад якім тады расчынялі дзьверы старшыня КДБ і міністры. А журналісты, на якіх спасылаецца Касьцюкоў, насамрэч былі ўсходнія – Галавачоў расказаў пра запалохваньні КДБ карэспандэнту газэты “Известия”, якая друкавала сэрыю матэрыялаў пра Освальда ў жніўні 1992-га.

**Эрнст Цітавец у сваёй кнізе, якая выйшла празь сем гадоў пасьля сьмерці Галавачова, назаве яго агентам КДБ чатыры разы.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
Нататкі антысаветчыка. Працяг
Нашы на Месяцы
“Калектыў” пра калектыў
Злавіць матылька
Апошнія клопаты
Віза для Марыны
Лекі ад “Доктара Жывага”
“Лі Освальд” – 35 разоў па-беларуску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG