Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску й Магілёве адбыліся маўклівыя акцыі пратэсту


Улётка, якая раздаецца ўдзельнікам акцыяў маўклівага пратэсту
Улётка, якая раздаецца ўдзельнікам акцыяў маўклівага пратэсту
У Бабруйску на маўклівы пратэст людзі пачалі зьбірацца а 19 гадзіне ў сквэры насупраць плошчы Леніна. Гэта традыцыйнае месца збору. Сюды прыйшло каля трох дзясяткаў чалавек.

“Вельмі шмат было міліцыі. Мы зайшлі ў двор -- іх тут стаіць “Камаз” такі крыты. Ён поўны міліцыянтаў. Наагул усё спакойна прайшло. Мы размаўлялі, некаторыя елі марозіва. Некаторыя проста прагульваліся. Міліцыянты нават віталіся з намі, бо на акцыю апошнім часам прыходзяць адны й тыя ж людзі. І адны й тыя ж міліцыянты. Некаторыя прыходзілі сёньня й на рынак у 13 гадзінаў, але ніхто нічога там не арганізоўваў. Людзі ўжо не задаволеныя, тым як акцыі праходзяць. Усё меней і меней людзей прыходзіць на іх”, – зазначыў адзін з удзельнікаў бабруйскай маўклівай акцыі Эдуард.

Як паведаміў суразмоўца па сканчэньні акцыі да яго пад’ехаў на службовай машыне супрацоўнік міліцыі. Яго зацікавіла майка з надпісам “ШОС”.

“Ён праверыў мой пашпарт. Задаў пытаньне пра “ШОС”. Я адказаў, што гэта Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Таксама пацікавіўся, ці па адрасе прапіскі я жыву. На гэтым разьвітаўся”.

У Магілёве таксама ў сквэры насупраць плошчы Леніна на пляцоўцы перад Беларуска-Расейскім унівэрсытэтам сабралася каля трох дзясяткаў чалавек. Сквэр праз бульвар Леніна, дзе раней зьбіраліся “маўчуны”, ачапілі міліцыянты. Тут жа прыпаркаваўся аўтобус міліцэйскага спэцназу.

На акцыю прыйшлі ў асноўным маладыя людзі. Былі й сямейныя пары з малымі дзецьмі ў вазках. Сьмельчакі наважваліся гучным плясканьнем адганяць камароў.

У Магілёве сёньня ўжо было спроба арганізаваць маўклівую акцыю пратэсту на мясцовым Віленскім рынку. На яе прыйшлі каля дзесятка чалавек.

У Бабруйску й Магілёве акцыі маўклівага пратэсту прайшлі без затрыманьняў.

У Асіповічах маўклівы пратэст не адбыліся. Райцэнтар рыхтуецца да візыту сюды Лукашэнкі. Мясцовыя жыхары кажуць, што дужа шмат міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG