Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракты ў Нарвэгіі даюць падставу паразважаць пра ксэнафобію ў Беларусі. Ці талерантныя беларусы? У якіх сацыяльных сфэрах найбольш прыкметныя праявы недаверу і нянавісьці? Ці можна казаць пра ксэнафобію ў палітычнай сфэры?

Удзельнікі: філёзаф Алесь Анціпенка і галоўны рэдактар часопісу “Аrche” Валерка Булгакаў.

Ці талерантныя беларусы?


Валер Карбалевіч: “Тэрарыстычныя акты ў мірнай і спакойнай Нарвэгіі прымушаюць паглядзець шырэй на праблему ксэнафобіі ў сьвеце. Вось адносна беларусаў існуе даволі ўстойлівая думка, што гэта талерантны соцыюм. Ці сапраўды гэта так? Тут можна ўзгадаць тэракт у менскім мэтро ў красавіку ды іншыя праявы нянавісьці…”

Алесь Анціпенка: “Талерантнасьць — адна з базавых структураў беларускай мэнтальнасьці. За часамі Вялікага Княства Літоўскага ў нас была самая дэмакратычная канстытуцыя. У пэрыяд знаходжаньня ў складзе Расейскай імпэрыі рыса аселасьці праходзіла празь Беларусь. У нашай гісторыі не было сур’ёзных рэлігійных забурэньняў, войнаў. Напрыклад, стараверы з Масковіі хаваліся на нашай тэрыторыі.

Але пазьнейшая гісторыя мяняе гэтую карціну. Пад узьдзеяньнем расейскіх калянізатараў зьмяніліся падставовыя структуры беларускай мэнтальнасьці. Для беларусаў стала характэрна хутчэй партызанская тактыка дзеяньняў. Беларусы пазьбягалі адкрытай канфрантацыі з ворагам ці з чужынцамі.

Таму можна сказаць, што ў беларусаў у глыбіні сядзіць і наша гістарычная талерантнасьць, і наша сёньняшняя неталерантнасьць, якая сёньня культывуецца з палітычных матываў”.

Валерка Булгакаў: “Талерантнасьць — гэта хутчэй міталягізаванае ўяўленьне беларусаў пра саміх сябе. У кожнай этнакультурнай супольнасьці ёсьць пазытыўныя ўяўленьні, якія павінны вылучыць яе перад суседзямі.

Але гісторыя апошніх часоў з нацяжкай пацьвярджае гэтую рысу — талерантнасьць. Сёлета ў ЗША выйшла манаграфія ізраільскага гісторыка Леаніда Рэіна, прысьвечаная гісторыі Беларусі падчас фашыстоўскай акупацыі. Аўтар сьцьвярджае, што беларусы былі добраахвотнымі памочнікамі фашыстаў у зьнішчэньні габрэяў.

Нагадаю, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе існуе сьмяротнае пакараньне. Прычым рашэньне прынятае большасьцю на рэфэрэндуме ў 1996 г. Я б тут не аддзяляў на мэнтальным узроўні сьвяты беларускі народ ад кепскай улады. Таму пытаньне складанае, і я не магу даць на яго адназначнага адказу”.

У якіх сацыяльных сфэрах найбольш заўважная ксэнафобія?


Карбалевіч: “У якіх сацыяльных сфэрах найбольш заўважныя праявы недаверу і нянавісьці — адносна рэлігійных, нацыянальных, сэксуальных ці якіх іншых меншасьцяў? Здаецца, праблемы мігрантаў, як ва ўсёй Эўропе, у Беларусі не існуе. А якія існуюць?”.

Анціпенка: “Палітычная сфэра — гэта ў Беларусі сфэра наэлектрызаванай нецярпімасьці. І яна культывуецца цягам апошніх 17 гадоў. У адносінах да сэксуальных меншасьцяў таксама хапае агрэсіі”.

Булгакаў: “У Беларусі палітычны рэжым выжывае дзякуючы кантролю над ідэнтычнасьцю. Тут грамадзтва разьмяжоўваецца на сваіх і чужых. Ролю чужога ў Беларусі выконваюць не арабы, як у эўрапейскіх краінах, а этнічныя, рэлігійныя, сэксуальныя групы, якія перасьледуюцца беларускім рэжымам. Палітыка беларускіх уладаў — гэта ня толькі кантроль над выбарамі, гэта і кантроль над ідэнтычнасьцю. Рэжым ставіцца з паранаідальным недаверам да ўсяго іншага, да ўсяго, што можа пахіснуць цяперашні балянс сіл. Таму ролю арабаў у Беларусі выконваюць палякі, беларускамоўныя беларусы і інш.”.

Анціпенка: “Вось сп. Булгакаў казаў, што ня варта разьмяжоўваць народ і ўладу. Але я ня бачу з боку паспалітага люду неталерантнага стаўленьня, прынамсі да палякаў, рэлігійных меншасьцяў. Талерантнасьць — гэта ня міт, а частка нашай гістарычнай біяграфіі. І калі казаць пра стаўленьне да габрэяў падчас вайны, то беларусы паводзілі сябе больш годна, чым, напрыклад, украінцы ці летувісы”.

Ксэнафобія і палітычная сфэра


Карбалевіч: “Ці можна пашыраць паняцьце ксэнафобіі на палітычную сфэру? Экспэрты кажуць, што пасьля 19 сьнежня Беларусь знаходзіцца ў стане ціхай грамадзянскай вайны. Калі адна частка грамадзтва зь нянавісьцю ставіцца да іншай часткі грамадзтва з прычыны палітычных поглядаў, калі міліцыянты па-зьверску зьбіваюць удзельнікаў вулічных акцый — гэта ксэнафобія ці не?”.

Булгакаў: “Калі беларусы пачалі ўяўляць сябе як талерантны народ? Вось сп. Анціпенка зьвяртаецца да глыбокай гісторыі. Мне падаецца, што гэта адбылося ў ХХ стагодзьдзі. У часы СССР, асабліва апошнімі гадамі яго існаваньня, у беларусаў існавала перакананьне, што яны надзвычай адукаваныя, талерантныя, працавітыя ў параўнаньні зь іншымі ўсходнеславянскімі народамі. Але выглядае, што гэта пабочны прапагандысцкі прадукт працэсаў русыфікацыі і саветызацыі беларусаў. Яны талерантныя, бо не супраціўляюцца гвалту. І адукаваныя, бо дасканала валодаюць расейскай мовай.

Афіцыйная прапаганда падае сваіх апанэнтаў як носьбітаў ксэнафобіі і разбуральных пачаткаў. Улада выстаўляе сябе як носьбіта інтэрнацыяналісцкіх каштоўнасьцяў, а дэмакратычныя сілы абвінавачвае ў нацыяналізьме і нэанацызьме. Гэта подлыя абвінавачаньні.

У Беларусі няма мігрантаў з экзатычных краін, як у Эўропе ці ЗША. Беларусь ня мела калёніяў. Мігранты, якія прыяжджаюць на сталае месца жыхарства ў Беларусь — гэта насельнікі постсавецкай прасторы. Яны мала адрозьніваюцца ад шараговага беларуса. Таму тут ліній разлому і сутыкненьня не адбываецца”.

Анціпенка: “Датычна сфэры палітычных стасункаў я б карыстаўся тэрмінам не “ксэнафобія”, а “неталерантнасьць”, “агрэсіўнасьць”. Базавае значэньне для ксэнафобіі — страх. Людзі баяцца страціць нацыянальную ці рэлігійную ідэнтычнасьць. Наколькі беларусы баяцца гэтага? Агрэсія да чужынца — гэта другі бок ксэнафобіі. А беларусы маюць слабую нацыянальную ідэнтычнасьць. Агрэсія да чужынцаў выяўляецца на нізкім узроўні. Пра гэта сьведчаць інтэрнэт-форумы. Там ксэнафобія скіравана на ўсход. Беларусы баяцца расейцаў. Праблема ксэнафобіі ў Беларусі непараўнальная з ксэнафобіяй у Расеі, Літве ці Ўкраіне. Сапраўды, беларусы не пазбавіліся той талерантнасьці, якую нам прышчэплівалі з Масквы, пра што казаў сп. Булгакаў”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG