Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Павіселі на шыбеніцы – і прызвычаіліся"


27 ліпеня ў некаторых рэгіёнах Беларусі адбылася чарговая акцыя маўклівага пратэсту. Гэтым разам яна не была масавай.

20.38 У Бабруйску й Магілёве адбыліся маўклівыя акцыі пратэсту

20.05 Бяроза: цэнтральная плошча ахоўвалася міліцыянтамі. На лаваўках сядзела каля дзесяці чалавек, якіх складана было адрозьніць ад звычайных мінакоў. Затрыманьняў не было.

20.00 Белаазёрск: На акцыю на галоўную плошчу а 19 гадзіне сабралася дзесяць чалавек.

Да іх адразу ж падышлі міліцыянты. Паглядзеўшы пашпарты пратэстоўцаў, яны настойліва папрасілі пакінуць плошчу. Як адзначыў адзін з удзельнікаў акцыі, міліцыянтаў тут было па аднаму на кожнага пратэстоўца. Асабіста сюды прыйшоў начальнік мясцовага гарадзкога аддзела унутраных справаў, прыехаў і намесьнік старшыні РАУС зь Бярозы.

Калі пратэстоўцы сышлі з плошчы на процілеглы бок вуліцы і спыніліся на прыпынку, то міліцыянты падышлі да іх і туды. На пытаньне, чаму нельга знаходзіцца і па-за плошчай, начальнік мясцовай міліцыі ці жартам, ці усур'ёз, сказаў, што "заўтра правядзем паседжаньне гарвыканкама і зацьвердзім межы плошчы", каб ня узьнікала спрэчных пытаньняў.
Увогуле, белаазёрскія актывісты адзначылі, што міліцыянты праводзілі "тлумачальную працу" на плошчы досыць выбарачна – ведалі, да каго падыходзіць.

Затрыманьняў у Белаазёрску не было. Акцыя скончылася а 19.30, міліцыянты дзяжурылі да восьмай гадзіны.

19.40 Берасьце: на акцыі маўклівага пратэсту затрымана як меней 2 чалавекі.

Акцыя адбывалася каля кінатэатра "Беларусь" на вуліцы Савецкай.

Тут сабралася каля 20 пратэстоўцаў. Пляцоўку каля кінатэатра патрулявалі пяць міліцыянтаў і некалькі асобаў у цывільным. За кінатэатрам стаяў міліцэйскі УАЗік і аўтамабіль супрацоўнікаў ДАІ.

А 19.30 каля дзесяці чалавек пачалі гучна пляскаць у далоні, нягледзячы на тое, што літаральна з двух метраў за імі назіралі міліцыянты.

Урэшце апошнія падыйшлі да пратэстоўцаў і павялі аднаго з удзельнікаў акцыі ў міліцэйскую машыну.

Аднак, калі уазік ад'язджаў, то ў ім знаходзіліся два пратэстоўцы.

Пакуль невядомыя імёны затрыманых.

Міліцыянты падыйшлі да пратэстоўцаў, якія пляскалі ў далоні

Міліцыянты вядуць удзельніка акцыі ва ЎАЗік

19.20 У Магілёве традыцыйнае месца збору удзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту ачэпленае міліцыянтамі. Ля сквэру насупраць плошчы Леніна стаіць аўтобус міліцэйскага спэцназу. У самім сквэры людзей няма. Колькі чалавек прыйшло на акцыю выявіць складана. Некалькі групаў моладзі гуртуецца на пляцоўцы перад Беларуска-Расейскім унівэрсытэтам.

Традыцыйна па серадах маўклівыя акцыі пратэсту ў Магілёве адбываюцца ў сквэры насупраць плошчы Леніна а 19 гадзіне. Сёньня месца акцыі было зьмененае. Удзельнікаў заклікалі сабрацца на Віленскім рынку. Прыйшло дзесятак чалавек.


Глядзець "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" ў рэгіёнах. 27 ліпеня 2011 на вялікай мапе


МАГІЛЁЎШЧЫНА: Прыйшлі толькі дзесяць чалавек


На Магілёўшчыне новы фармат правядзеньня маўклівых акцыяў пратэсту падтрымалі толькі ў абласным цэнтры. Каля дзясятка ўдзельнікаў прыйшлі на мясцовы Віленскі рынак.

На новае месца правядзеньня маўклівых пратэстаў традыцыйна першымі зьявіліся міліцыянты. Адзін зь іх быў у форме. Удзельнікі акцыі сьцьвярджаюць, што бальшыня міліцыянтаў тоілася ў цывільным між павільёнамі. У цывільным быў і адзін з кіраўнікоў абласной міліцыі палкоўнік Мікалай Алёнушкін.

“Да нас падышоў міліцыянт. Мы стаялі на ўваходзе. Запытаўся: “Што вы тут робіце, чаго вы тут стаіце?”. Праверыў нашы пашпарты. Па рынку шмат хадзіла супрацоўнікаў спэцслужбаў у цывільным. Іх было болей за нас. Людзі наагул баяцца, бо могуць і проста так забраць. У асноўным мы размаўлялі між сабой, крыху слухалі музыку”, паведаміў пра акцыю адзін зь яе ўдзельнікаў — Валянцін.

Дзясятак “маўчуноў” сабраліся на месцы, вольным ад павільёнаў. Гэтая пустка ўтварылася за час сёлетняга крызісу. Прадпрымальнікі вырашылі згарнуць бізнэс альбо перачакаць няпростыя часы. Ці выказвалі гандляры салідарнасьць з акцыяй пратэсту? — пытаюся ў яе ўдзельніка Сяргея:

“Мне здаецца, што ім было ўсё роўна. Яны, здаецца, ня ведалі пра акцыю альбо рабілі выгляд, што ня ведаюць. Я мяркую, што варта вярнуцца да традыцыйных формаў правядзеньня акцыі — як было ў мінулую сераду. Ну, і мне здаецца, што яна была не падрыхтаваная”.

У Бабруйску маўклівая акцыя пратэсту мае адбыцца ў традыцыйны час — а 19-й гадзіне ў цэнтры гораду. Не было акцыяў на рынках у Асіповічах і Горках. Тут таксама людзі зьбіраюцца ў гарадзкім цэнтры.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА: Акцыю плянавалі, але не правялі


Сёньняшняй “маўклівай” акцыі на Гарадзеншчыне практычна не адбылося, нягледзячы на тое, што першыя зьбіралі каля тысячы удзельнікаў.

Сёньня маўклівая акцыя адбылася толькі на Слонімскім рынку. У ёй узялі ўдзел тры чалавекі. Ніхто з міліцыянтаў іх не чапаў, яны спакойна разышліся.

Дарэчы, “маўклівыя” акцыі ў Слоніме ўвесь час былі нешматлікімі, там нікога ні разу не затрымлівалі.

У Ваўкавыску ўдзельнікі акцый мне патлумачылі, што сёньня ў іх рынак не працуе, і таму яны, як звычайна, увечары зьбяруцца на плошчы.

Тое самае ў мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну.

А вось у Лідзе першыя акцыі налічвалі да 80 удзельнікаў, а сёньня не было нікога. Адзін з удзельнікаў патлумачыў гэта тым, што амаль усе зазналі ціск з боку сілавых органаў, шмат каго выклікалі ў КДБ, а за гэты час новых людзей не дадалося:

“Пакуль ізноў цэны ня вырастуць альбо ня будзе дэвальвацыі, нашы людзі ня пойдуць на акцыі — гэта мая асабістая думка. Як у тым анэкдоце пра беларуса: павісеў-павісеў на шыбеніцы і прызвычаіўся…”.

Гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў, аналізуючы сытуацыю, кажа пра дзьве прычыны таго, што акцыі заціхлі. Па-першае, ён адзначае жорсткі ціск і апрацоўку ўдзельнікаў супрацоўнікамі КДБ і жорсткае абыходжаньне пры затрыманьнях, якія чыняць людзі ў цывільным.

З другога боку, Сазонаў тлумачыць спад актыўнасьці акцый тым, што ўдзельнікі ня маюць пакуль ніякай ідэалёгіі, якая б прымушала іх нічога не баяцца і ўдзельнічаць у акцыях, нягледзячы на рэпрэсіі. Праўда, праваабаронца перакананы, што гэта толькі часовы зацішак падчас лета:

“Людзі думалі, што яны мірна выходзяць і іх ніхто ня будзе чапаць, іх колькасьць з кожным днём будзе расьці, а аказалася, што ўсё зусім ня так. І таму гэтая хваля спала, і цяпер людзі будуць пераасэнсоўваць, што ўсё ж адбылося, рабіць высновы і будаваць новыя пляны. Так, я думаю, што гэта яшчэ не канец, і цалкам магчыма, што хутка адродзіцца ў нейкай іншай форме”.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА: Традыцыйных аплядысмэнтаў не было


У Берасьці на дзясятую маўклівую акцыю сабралася каля 20 чалавек. Акцыя распачалася а 13-й гадзіне на Цэнтральным рынку і была сапраўды маўклівай, бо традыцыйных аплядысмэнтаў гэтым разам не было.

Людзі спачатку прайшліся па рынку, а пасьля сабраліся на пляцоўцы каля галоўнага ўваходу, дзе пастаялі нядоўга і хутка разышліся. Міліцыянты і асобы ў цывільным не абмінулі і гэтую акцыю, але затрыманьняў на рынку не было.

Аднак зь незразумелых прычын не адказваюць тэлефоны некаторых актывістаў, якіх звычайна прэвэнтыўна затрымліваюць перад кожнай акцыяй.

У Белаазёрску час правядзеньня акцыі не мяняецца. Яна мае адбыцца а 19 гадзіне на галоўнай плошчы гораду. Але на выпадак, калі плошчу перакрыюць, белаазёрскія актывісты дамовіліся сустрэцца насупраць, на аўтобусным прыпынку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG