Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нататкі антысаветчыка. Працяг

  • Аляксандар Лукашук

У Менску ў часы Освальда. Сьвяточная дэманстрацыя на Цэнтральнай плошчы, Палац прафсаюзаў

У Менску ў часы Освальда. Сьвяточная дэманстрацыя на Цэнтральнай плошчы, Палац прафсаюзаў

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Кніга, якую Освальд пачаў пісаць у Менску, чытаецца цяжкавата.

Магчыма, таму, што аўтар нічога ня піша пра сябе, а наіўна спрабуе вырашыць навукападобную задачу – ахапіць увесь спэктар савецкага жыцьця.

Ён падае перапісаныя аднекуль статыстычныя зьвесткі пра колькасьць студэнтаў, наклады газэт і часопісаў, санаторнае абслугоўваньне, піянэрскую арганізацыю і камсамольскіх актывістаў, тлумачыць інстытут прапіскі і прыводзіць лічбы хабару за пячатку (60-100 руб.), закранае карупцыю ў гандлі, дзе замест ялавічыны могуць падсунуць каніну, параўноўвае, што на 12 кінатэатраў у Менску прыпадае 58 агітпунктаў, дзе ня толькі раздаюць камуністычныя брашуры, але там ёсьць тэлефон і кожны можа зайсьці і зрабіць данос на іншага члена партыі ці любога грамадзяніна.

Хто яму расказваў гэтыя гісторыі, крыху падагнаныя пад орвэлаўскі “1984”, невядома, але ў лічбах недакладнасьці: у Менску было 17 кінатэатраў, а агітпункты былі ў кожнай школе, цэху, установе і налічвалі многія сотні.

І, канечне, даносчыкі давалі рады і без тэлефоннай дапамогі агітпунктаў.

Хаця, магчыма, задача рукапісу “Калектыў” не такая і наіўная – яго пры жаданьні можна разглядаць і як пераадоленьне сваіх ілюзіяў, і як падрыхтоўку да трыюмфальнага вяртаньня ў Амэрыку з гатовай кнігай.*

Калі паспрабаваць расставіць паводле значнасьці будынкі, якія прэтэндуюць на ролю галоўных у менскім жыцьці Освальда, дык на трэцяе месца пасьля КДБ і дому, дзе ён меў кватэру, прэтэндуе Палац прафсаюзаў. І Освальд не абмінае месца, дзе ён сустрэў будучую жонку.

Яшчэ адна характэрная і цікавая пабудова ў Менску – будынак Прафсаюзаў. Там ёсьць канцэртная заля, памяшканьні для заняткаў і пераапрананьня аматарскіх калектываў, якія там час ад часу выступаюць, і невялікая танцавальная заля. Там няма, як можна было б падумаць, прафсаюзнага офісу... Унушальная будыніна выглядае як грэцкі храм зь фігурамі наверсе пад трохкутным дахам, які абапіраецца на вялікія белыя мармуровыя калёны. Аднак, калі прыгледзецца, дык пабачыш не аголеных грэцкіх багоў, а – зьлева направа – дасьледніка зь мікраскопам, муляра зь вядром, спартсмэна ў трэніровачным касьцюме і больш сымбалічную скульптуру мужчыны ў двухбортным касьцюме з партфэлем – відавочна, бюракрат альбо інтэлігент.

Са свайго балькону Освальд добра бачыў будынак на вуліцы Карла Маркса, 38 – тады ЦК кампартыі. І ў сваёй прагулцы па Менску ён перасякае сквэр каля тэатру Янкі Купалы:
У Менску ў часы Освальда. Будынак ЦК

Васьміпавярховы жоўты будынак з мэталу і цэглы, прастакутнік, амаль без аляпаватых упрыгожаньняў, якія можна бачыць амаль на ўсіх гарадзкіх будынках. “Першы сакратар ЦК КП Беларусі” – такі важны тытул мае невысокі поўны мужчына, якому пад шэсьцьдзесят, К.Т. Мазураў. Яго рэдка можна пабачыць на вуліцы, разам зь сям’ёй ён займае вялікую васьміпакаёвую кватэру на апошнім паверсе дому на праспэкце Сталіна. Уваход у будынак ахоўвае днём і ноччу міліцыянэр у форме, які правярае пропускі і не пускае асобаў без дазволу. Мазураў кіруе і кантралюе ўсю дзейнасьць у рэспубліцы з паўнамоцтвамі, якіх ня мае ніводзін губэрнатар у ЗША, бо яго ўладу нельга абмежаваць судовымі пастановамі ці забаронамі, як гэта часта здараецца ў ЗША. Мазураў падначалены наўпрост Маскве і прэзыдыюму партыі на чале з Хрушчовым.

Не згадаўшы Дому афіцэраў і штабу паветранай арміі, які чамусьці месьціўся на праспэкце ў шэрым будынку бяз шыльды, не зьвярнуўшы ўвагі на цырк, перайшоўшы мост празь Сьвіслач, прапусьціўшы дом-музэй 1 зьезду РСДРП, Освальд адразу падыходзіць да суседняга са сваім дому:

Радыётэлестанцыя ў Менску ўяўляе сабой чатырохпавярховы бэтонны будынак па адрасе вуліца Калініна, 6 каля невялікай рэчкі Сьвіслачы. За ім стаіць унушальная стальная радыёвежа вышынёй 500 футаў, самая высокая пабудова ў Беларусі. Радыёвежа і будынак абнесены высокай агароджай, якую патрулююць узброеныя ахоўнікі з сабакамі. Уваход у двор магчымы толькі праз будынак, і без прад’яўленьня ўзброенаму ахоўніку спэцыяльнага пропуска нельга ўвайсьці. Выканаўцаў здымаюць у іншай студыі каля цэнтру, адкуль канцэрты і пастаноўкі перадаюцца на станцыю і на вяшчальныя вежы. Такім спосабам надзвычай важная сыстэма камунікацыі застрахаваная ад сабатажу ці захопаў, падобных да такіх, якія часта зьдзяйсьняюць лацінаамэрыканскія контрарэвалюцыянэры альбо незадаволеныя элемэнты.

Разабрацца, хто тады чым быў незадаволены ў дыктатурах Лацінскай Амэрыкі даволі цяжка, але, паводле тону, Освальд ухваляе захады супраць такіх элемэнтаў. Аднак тое, што ён піша далей, магло расцэньвацца як збор сакрэтных і “іншых” зьвестак, як элегантна было сфармулявана ў савецкім крымінальным кодэксе, для выкарыстаньня на шкоду інтарэсам СССР:

Непадалёку ад тэлевежы, за 4 кварталы на ўсход на вуліцы Даўгабродзкай стаяць яшчэ дзьве вежы, кожная прыблізна па 200 футаў. Яны не займаюцца вяшчаньнем. Фактычна, зусім наадварот. Гэтыя вельмі заўважныя канструкцыі з высакавольтнымі кабэлямі паміж сабой зьяўляюцца вежамі глушэньня перадачаў на кароткіх хвалях з-за мяжы.

Галоўнай мішэньню для гэтых вежаў-глушылак зьяўляюцца мюнхенскія і вашынгтонскія перадатчыкі праграмаў Голасу Амэрыкі. Часам іх выкарыстоўваюць для глушэньня расейскамоўных перадачаў Бі-Бі-Сі і з Францыі.

Гэтыя вежы таксама ахоўваюць узброеныя вартаўнікі, і ўваход на абнесены дротам участак і да вежаў забаронены бяз пропуска. Вядома, што колькасьць электраэнэргіі, якую спажываюць гэтыя вежы, велізарная, асабліва калі ўлічыць, што неабходнае сьвятло на працоўных месцах зь неахвотай уключаюць нават у цёмныя дні.

З іроніяй і сумам думаеш пра велізарнае марнатраўства і высілкі савецкага ўраду дзеля таго, каб не дапусьціць ідэі іншых народаў. Але частоты глушэньня складаюць толькі палову прапагандысцкіх праграмаў Радыё Масквы, якія можна пачуць на любым кароткахвалёвым радыё ў Злучаных Штатах – і без глушэньня. Праграмы Радыё Масквы запэўніваюць людзей, што жалезнай заслоны больш няма, ніколі не было, і яна зьяўляецца паклёпам на Савецкі Саюз, прыдуманым рэакцыянэрамі, sic!!.

Фрагмэнт кнігі Освальда пра глушылкі

Як кажуць – дагуляўся, падышоў ушчыльную да “Артыкулу 62. Шпіянаж” крымінальнага кодэксу БССР, які ў 1962 годзе за збор і перадачу такіх зьвестак даваў ад сямі да пятнаццаці гадоў ці расстрэл.

Адначасна з Освальдам да той самай агароджы і тых самых артыкулаў крымінальнага кодэксу падышоў яшчэ адзін жыхар Менску.

І грымнуў гром – зь ляскатам апусьцілася жалезная заслона.

----------------------------------------
*Кніга ніколі не была выдадзеная. Пасьля прыезду Освальд замовіў перадрук машыністцы, але пасьля паўсотні старонак кінуў працу зь ёй. Машыністка хацела працягу, яе зацікавіла незвычайная гісторыя – але ў Освальда не было грошай. У такім выглядзе рукапіс і далучаны да матэрыялаў Камісіі Ўорэна.




Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка
Освальд і Сталін
XS
SM
MD
LG