Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Освальд і Сталін

  • Аляксандар Лукашук

У Менску ў часы Освальда. Помнік Сталіну

У Менску ў часы Освальда. Помнік Сталіну

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Першы раз Освальд пабачыў Сталіна на дзень свайго 20-га нараджэньня, калі адведаў маўзалей зь дзьвюма муміямі ў Маскве. Апошні – у лістападзе 1961-га ў Менску.

17 кастрычніка ў Маскве пачаўся самы доўгі пасьляваенны зьезд КПСС, 22-гі, які цягнуўся паўмесяца і завяршыўся вынасам сталінскай муміі з маўзалею.

ЛГО – Робэрту Освальду
01.11.61

Дарагі Робэрт,

мы чулі па радыё, што расейскія ўлады вырашылі прыбраць цела Сталіна з Краснай плошчы. Гэта тут вялікая навіна, для мяне вельмі сьмешная. Калі я слухаю радыё альбо якога-небудзь паліткамісара, я заўсёды думаю пра кнігу Джорджа Орвэла “1984”, дзе “двухдумства” зьяўляецца ладам жыцьця таксама. У кожным разе, тут усё вельмі цікава, і людзі ў цэлым простыя і добрыя.

Ну, гэта амаль усе навіны зь Менску. Твой брат Лі.


Ні ў “Гістарычным дзёньніку”, ні ў “Калектыве” Освальд пра Сталіна адмыслова нічога ня піша. Але нягледзячы на іронію ў лісьце да брата, хрушчоўскія зьмены яго ўразілі. Па вяртаньні ў Амэрыку ён дапоўніў менскія нататкі падзеямі лістапада 1961 году:

У Менску ў часы Освальда. Помнік Сталіну
Новая эра

У Менску быў манумэнт Сталіну, 35 футаў вышынёй, які стаяў нават пасьля выкрыцьця Сталіна Хрушчовым, у той час як помнік Сталіну ў Ленінградзе быў адразу зьнесены. Гэтая вялізная канструкцыя з бронзы і мармуру стаяла так доўга, як гэта было магчыма, дзякуючы намаганьням цьвёрдакаменнага сталінца, такога, як палкоўнік Пятроў, начальнік АВІРу ў Менску, і іншых. Аднак пасьля 22-га зьезду, калі Хрушчоў ізноў разьвянчаў Сталіна, 5 лістапада, за два дні да рэвалюцыйных сьвятаў, атрад у 100 чалавек зьявіўся на плошчы Сталіна (новая плошча Леніна), і з бульдозэрамі і палезабойнымі машынамі пачаў зносіць (не здымаць) помнік. Яны рабілі гэта зь вялікім энтузіязмам, бо ўжо на другі дзень пасьля таго, як яны прыбралі 10 тон бронзы, пяць чалавек старэйшага пакаленьня прыйшлі на плошчу і былі абсьмяяныя саркастычным маладзейшым пакаленьнем.

Самым знакамітым у разбурэньні гэтага гіганцкага манумэнта было тое, што праца спынілася 6 лістапада, але распачалася ізноў 7-га, у той самы дзень, калі побач праходзіў вялікі парад рабочых. Помнік быў якраз насупраць трыбунаў.

На вачах усіх людзей і рабочых разбурэньне Сталіна і сымбалічнае заканчэньне сталінізму (надзея Хрушчова) было завершанае.

Але Беларусь разам з радзімай Сталіна Грузіяй – усё яшчэ апірышча сталінізму. І адраджэньне сталінізму вельмі, вельмі магчымае ў гэтых дзьвюх рэспубліках.


У гэтым тэксьце Освальд зрабіў паўтузіна памылак і адно прадказаньне. У Ленінградзе сталінскія помнікі (іх было пяць) дэмантавалі не раней, а адначасна зь Менскам; хоць палкоўнік Пятроў быў насамрэч генэралам і старшынём КДБ, ён ня мог ні захаваць, ні разбурыць помнік без каманды з Масквы; у Менску манумэнт зьнесьлі за адну ноч – плошчу ачапілі войскам, сторгнулі статуй, але потым доўга і цяжка дзяўблі пастамэнт, які трымаўся на вялізным бэтонным фундамэнце. Бронзавую фігуру транспартавалі на склады гарадзкіх камунальных службаў, а кавалкі пастамэнта адвозілі на суседняе будаўніцтва музычнай школы пры кансэрваторыі, дзе яны былі закапаныя ў фундамэнт. Плошчу Сталіна тады перайменавалі ня ў “Леніна”, а ў “Цэнтральную”, і гэты назоў яна захоўвала аж да 1984-га.

У архівах камісіі Ўорэна наступнымі за эсэ “Новая эра” ідуць нататкі Освальда пра камуністычную партыю Амэрыкі. Спачатку ён прапанаваў мясцовай філіі свае паслугі, энтузіязму прапанова ня выклікала, і тады Освальд абвінавачвае партыю ў здрадзе. Маўляў, яна ператварылася ў рычаг замежнай сілы для скіданьня ўраду ЗША – і не дзеля свабоды ці высокіх ідэалаў, а дзеля сэрвільнага згодніцтва з жаданьнямі Савецкага Саюзу, ня самай, як высьветлілася, узорнай сыстэмы.

Саветы зьдзейсьнілі злачынствы, непараўнальныя нават з тым, што рабілі на пачатку капіталістычныя краіны – зьняволеньне сваіх людзей, масавыя зьнішчэньні, тыповыя для Сталіна.

Прыгнёт індывідуальнасьці, строгая рэглямэнтацыя пры Хрушчове.

Дэпартацыі, мэтанакіраванае абмежаваньне харчаваньня насельніцтва Расеі. Забойства гісторыі, прастытуцыя мастацтва і культуры.


Так чытач Орвэла падкарэктаваў сваё захапленьне Савецкім Саюзам пасьля вяртаньня ў Амэрыку.

А ў “Новай эры” патрабуе папраўкі яшчэ адна недакладнасьць – прадказаньне, што адраджэньне сталінізму “вельмі, вельмі магчымае” ў Грузіі і Беларусі.

Памыліўся, як стала відаць праз паўстагодзьдзя. Можа таму, што ў Грузіі ніколі ня быў.




Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Нататкі антысаветчыка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG