Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнтар, які ўзяў шэфства над Бандарэнкам, — неўязны


Марэк Мігальскі

Марэк Мігальскі

Дэпутату Эўрапейскага парлямэнту Марэку Мігальскаму забаронены ўезд у Беларусь.

Пра гэта паведаміў 27 ліпеня начальнік аддзелу грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Менску, перадае праваабарончы цэнтар "Вясна".

Візыт Марэка Мігальскага ў Беларусь быў заплянаваны на 12—16 жніўня. Бюро эўрапарлямэнтара афіцыйна зьвярнулася да сяброў праваабарончага цэнтру з просьбай даслаць запрашэньне спадару Мігальскаму.

Сябра “Вясны” Зьміцер Салаўёў зьвярнуўся з адпаведнай заявай у аддзел грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РУУС Менску. Заяву ў праваабаронца прымаў начальнік аддзелу Дзяніс Матус.

Паводле Салаўёва, празь пяць хвілін пасьля таго, як ён выйшаў з будынка, яму патэлефанаваў начальнік АГІМ і паведаміў, што “ваш сябра неўязны”. На просьбу праваабаронцы ён абяцаў даслаць пісьмовы адказ.

Як эўрапарлямэнтар і намесьнік старшыні дэлегацыі па дачыненьнях зь Беларусьсю Марэк Мігальскі пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году пільна сочыць за сытуацыяй у Беларусі. Бюро Марэка Мігальскага рэалізуе розныя ініцыятывы ў падтрымку рэпрэсаваных і грамадзянскай супольнасьці краіны. Апошняя кампанія, да якой далучыўся эўрадэпутат, — шэфства над палітвязьнямі, ініцыяванае праваабарончай арганізацыяй "Libereco — Partnership for Human Rights". Мігальскі заявіў пра падтрымку Зьмітра Бандарэнкі і ягонай сям’і.
XS
SM
MD
LG