Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нават самым зацятым абаронцам рэжыму надакучыла слухаць хлусьню пра тое, як добра мы жывем"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Большая частка допісаў, якія мы атрымліваем у гэтыя ліпеньскія дні, так ці інакш зьвязана з тэмай вострага эканамічнага крызісу, які ахапіў Беларусь, а таксама з спробамі мірных грамадзкіх пратэстаў на вуліцах беларускіх гарадоў. Усе гэтыя спробы, як правіла, жорстка спыняюцца міліцыяй і спэцслужбамі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму, які даслаў нам Міхась Габрыэль, пэнсіянэр зь Менску. Слухач піша:

"Слухаю вас і раніцай, і ўвечары — цераз глушылкі рэжыму. Як бы ўлада ні пнулася задурыць нам, простым людзям, галовы — з дапамогай Радыё Свабода мы ўжо даўно разабраліся, каму верыць, а каму — не.

Усюды, дзе я апошнім часам бываю (у крамах, у лазьні, на вуліцы), з усіх бакоў чую праклёны на адрас цяперашняй улады. Пакуль марудна, пакрысе, з аглядкай, але людзі заварушыліся. Усім (напэўна, нават самым зацятым абаронцам рэжыму) надакучыла слухаць хлусьню пра тое, як мы добра жывем. З гэтай жабрацкай пэнсіяй вельмі складана пражыць, асабліва калі цэны на ўсё падскочылі да нябёс.

А зьдзекі зь людзей ня толькі не сьціхаюць, а наадварот — набываюць моц. Удзельнікаў мірнай маўклівай акцыі хапаюць, б'юць, судзяць. А моладзь, нягледзячы на гэта, упарта выходзіць на вуліцу. І гэта нараджае надзею. Мне здаецца, што праз два-тры месяцы большасьць насельніцтва выйдзе з пратэстам. А лідэры партый цяпер няхай асабліва не высоўваюцца, каб ня трапіць пад арышт. З пачаткам ацяпляльнага сэзону насельніцтва гарадоў сасьпее вельмі нават хутка. Атрымаюць грамадзяне "жыроўкі" — і цярпеньне лопне. Хутчэй бы ўжо дачакацца нейкіх зьменаў"
.

Ці сасьпее большасьць насельніцтва да пратэстаў з надыходам чарговага ацяпляльнага сэзону — пытаньне спрэчнае, спадар Міхась. Падобнага кшталту прагнозаў за апошнія 17 год было нямала — і фактычна ніводзін зь іх ня спраўдзіўся. Як і вы, улада ведае, дзе ў сацыяльнай сфэры найбольш балючыя і адчувальныя для большасьці простых людзей кропкі, і таму любымі шляхамі будзе імкнуцца зьмякчыць цэнавы шок у камунальнай гаспадарцы — зусім магчыма, што за кошт іншых галін эканомікі. Хоць у галоўным вы, спадар Міхась, безумоўна, маеце рацыю: зьмены ў беларускай дзяржаве могуць адбыцца толькі тады, калі іх настойліва і жорстка запатрабуе ад улады значная частка насельніцтва.

Наступны ліст — ад нашай юнай слухачкі Анастасіі Шчарбіной зь Менску. Яшчэ нядаўна дзяўчына зусім не цікавілася палітыкай. Але ўсё зьмянілася пасьля сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Анастасія піша:

"Слухачкай Радыё Свабода я стала пасьля вядомых усім падзеяў 19-га сьнежня мінулага году. Да гэтага не цікавілася ні палітычнымі падзеямі ў краіне ўвогуле, ні выбарамі ў прыватнасьці. Праўда, калі чула, як БТ чарговы раз абвінавачвае апазыцыю і якія аргумэнты пры гэтым гучаць, дык міжволі мае сымпатыі былі на баку тых, каго паліваюць брудам. Пасьля 19-га сьнежня я пачала па-новаму глядзець на тое, што адбываецца ў Беларусі. Дзяржаўнае тэлебачаньне нават глядзець агідна: наколькі прымітыўныя там абвінавачаньні, якія прадажныя журналісты іх агучваюць. Вельмі добра, што заходнія краіны ўключылі іх у "чорны сьпіс".

На жаль, многія сяброўкі не падзяляюць маю пазыцыю. Кажуць прыблізна так: "Нам да лямпачкі, што зараз адбываецца ў краіне. Нам і з такім прэзыдэнтам няблага". На гэтым размовы на палітычныя тэмы звычайна заканчваюцца.

Вельмі крыўдна за адносіны некаторай часткі моладзі да роднай мовы. Хачу прывесьці такі прыклад. У каледжы, які я скончыла, было вельмі шмат дзяцей зь вёсак і малых гарадоў. І калі нехта зь іх меў беларускі акцэнт ці выпадкова прамаўляў слова па-беларуску, то менская моладзь (і ня толькі менская) пачынала кпіць, зьдзекавацца. Страшней за ўсё тое, што абражалі ў асноўным ня хлопцы, а дзяўчаты..."
.

Напэўна, можна зусім спакойна і камфортна жыць, увогуле не цікавячыся палітычнымі падзеямі — не глядзець тэлебачаньне і не чытаць газэты, ня мець ніякай пэўнай думкі ні наконт улады, ні наконт апазыцыі. Звычайна гэты шчасьлівы стан заканчваецца тады, калі чалавек сутыкаецца з сытуацыяй, пры якой камфортна існаваць чамусьці не ўдаецца. Напрыклад, калі пасьля ўнівэрсытэту немагчыма знайсьці працу з заробкам, які б дазваляў годна жыць; калі нельга свабодна паехаць на мяжу толькі з тае прычыны, што ніводзін банк ня хоча мяняць твае рублі на замежную валюту; калі цябе груба хапаюць і цягнуць у міліцэйскі "варанок" за тое, што стаяў пасярод вуліцы ў родным горадзе і пляскаў у далоні...

Далей у нашай праграме — некалькі допісаў ад даўніх сяброў "Свабоды" з уражаньнямі пра пачутае, з падзякамі, пажаданьнямі і заўвагамі. Вось што піша пра ролю Радыё Свабода ў сваім жыцьці Лявон Гуменьнікаў зь Менску:

"Кожны дзень уключаю прыймач, і мая хата поўніцца гукамі роднае мовы з вуснаў такіх знаёмых, звыклых, амаль родных вядучых. Абсалютна ня згодны зь некаторымі слухачамі, якія тэлефануюць і вінавацяць Радыё ў хлусьні, паклёпе, нянавісьці да Беларусі ды ў іншых грахах. Я ніколі ня чуў, каб нехта з такіх слухачоў сказаў канкрэтна, што вось у такой і такой перадачы было сказана тое і тое, але гэта няпраўда, а на самой справе ўсё было так ці вось гэтак. Няма такіх прыкладаў! Дзіўна, што гэтыя людзі працягваюць глядзець на сьвет праз ружовыя акуляры. Можна, канечне, як той страус, засунуць галаву ў пясок і рабіць выгляд, што ўсё ў нас цудоўна. Я таксама хачу, каб у нашай краіне ўсё было цудоўна, але да гэтага спраў яшчэ столькі, што хопіць да скону жыцьця. Жадаю, каб Радыё Свабода і надалей было тым самым шчупаком, што ганяе сонных карасёў у стаячай, зялёнай, зацьвілай вадзе, і ад гэтага нашае жыцьцё рабілася больш імклівым, бурлівым, цікавейшым і прыгажэйшым".

Часам мы атрымліваем ад некаторых слухачоў нараканьні на тое, што даем слова ў эфіры сваім апанэнтам, а бывае, і нядобразычліўцам. Добра, спадар Лявон, што вы разумееце, дзеля чаго гэта робіцца. У грамадзтве ня можа быць аднадумства. Толькі праз сутыкненьне розных поглядаў, спрэчкі, дыскусіі, супастаўленьні чалавек здольны самастойна разабрацца ў тых падзеях, якія адбываюцца вакол яго, і выпрацаваць цьвёрдыя ўласныя перакананьні.

Наш слухач Пётар Дырында зь вёскі Хілімонаўцы Сьвіслацкага раёну быў моцна ўражаны наступствамі нядаўніх маўклівых акцыяў пратэсту на вуліцах многіх беларускіх гарадоў, у тым ліку Горадні. Спадар Пётр піша:

"Выказваю маральную падтрымку пацярпеламу ад Лукашэнкавых паслугачоў карэспандэнту Радыё Свабода, майму аднаклясьніку Міхасю Карневічу, а таксама ўсім іншым мужным людзям, незаконна схопленым і засуджаным тымі асобамі, якія пакуль што правяць баль на нашай Бацькаўшчыне".

Наступны кароткі ліст — ад Вадзіма Жылко з Лунінца. Слухач піша:

"Штовечар настройваюся на вашы хвалі, хоць апошнім часам якасьць прыёму трохі пагоршылася. Сярод улюбёных перадач (апрача навінаў, вядома) — "Праскі акцэнт", "Экспэртыза Свабоды", "Паштовая скрынка 111", "Дом літаратара" і "Вольная студыя". Зычу ўсім супрацоўнікам здароўя і плёну ў такой няпростай і часам рызыкоўнай працы".

І яшчэ адзін ліст — пра месца Радыё Свабода ў жыцьці асобнай беларускай сям'і — атрымалі мы ад Валянціны Богуш зь Менску. Слухачка піша:

"Маёй сям'і вы проста дапамагаеце жыць. Жывем мы ўдвух з мужам-інвалідам, паралізаваным пасьля трох інсультаў. Ужо 11 гадоў ён застаецца нерухомым. За гады хваробы (15 гадоў), акрамя ўрача, якога я выклікаю, ніхто ніколі з боку сацыяльных службаў яго не наведваў і нават ня ўспомніў. Нягледзячы на тое, што нібыта адзначаюцца ў краіне Дні інвалідаў, састарэлых людзей, вэтэранаў працы ды іншыя. Дарэчы, працоўны стаж у мужа — 48 гадоў.

Толькі дзякуючы Радыё Свабода і ўсім вам наша сям'я пастаянна ў курсе сучасных падзей і не адчувае сябе самотнай. Кожны вечар мы слухаем "Свабоду", некаторыя перадачы — нават па некалькі разоў.

Удзень я чытаю мужу газэты ("Нашу ніву", "Народную волю"), часопісы, а больш за ўсё — кнігі, якія атрымалі ад вас у падарунак. Слухаем свабодаўскі дыск з аўтарскім чытаньнем Васіля Быкава, песьні ў выкананьні Данчыка, Хварастоўскага ды іншых...Усё гэта дапамагае забыцца на тую турму, у якой мы апынуліся.

Калі муж сьпіць, я іду на вуліцу, дзе мяне чакаюць суседзі-пэнсіянэры. Я іх інфармую аб падзеях, якія адбыліся напярэдадні і пра якія даведалася з эфіру Радыё Свабода і з прачытанага. Часта зачытваю вытрымкі з кніг і газэт. Мяне нават празвалі "інфарматарам". Суседзі часта прыходзяць да нас паслухаць радыё і пачытаць кнігі. Аднойчы прымач сапсаваўся. Але хутка знайшліся здольныя майстравітыя людзі, якія дапамаглі справіцца з гэтай бядой.

Кола слухачоў павялічваецца. Нават былыя "лукашысты" пачалі слухаць мае выказваньні. А падчас выбараў некаторыя зь іх прагаласавалі за Саньнікава і Някляева. Дарэчы, падчас майго імправізаванага апытаньня не знайшлося ніводнага чалавека, які б прызнаўся, што галасаваў за Лукашэнку. А кола маіх знаёмых у нашым вялікім доме даволі шырокае.

Дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне я адключыла і пры гэтай уладзе падключаць ня буду: не хачу слухаць хлусьню ды зьнявагу беларускага народу. Вось так і жывём...
".

Вельмі прыемна, спадарыня Валянціна, даведацца пра тое, што нашы перадачы дапамагаюць вам у такой цяжкой жыцьцёвай сытуацыі. Вытрымкі вам, цярпеньня і душэўных сілаў дзеля таго, каб выстаяць і адолець усе нягоды лёсу.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG