Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Перадсьмяротныя канвульсіі паранаідальнай сыстэмы"


Затрыманьне пратэстоўца ў Менску

Затрыманьне пратэстоўца ў Менску

Гэтак ацэньвае цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі Вэрнэр Шульц, былы праваабаронца ў ГДР, а цяпер чалец фракцыі зялёных у Эўрапарлямэнце, у нямецкай газэце Frankfurter Rundschau.

Сусед Эўразьвязу робіць уражаньне вулькану, які рыхтуецца да вывяржэньня. Да гэтага часу рэжым Лукашэнкі, які ўжо 17 гадоў знаходзіцца ва ўладзе, не здае сваіх пазыцый, аднак пасьля фальсыфікацыі выбараў у 2010 годзе робіцца відавочнай ўсё большая страта кантролю.

Сем з дзевяці кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі, а таксама больш за 600 мірных дэманстрантаў былі арыштаваныя. На фоне крызысу недаверу да сыстэмы, якая да гэтага часу з дапамогай расейскіх субсыдый магла забясьпечыць сьціплы дабрабыт і пэўную абароненасьць, краіну прыгнятае яшчэ і фінансавы крызыс. Сытуацыя ў Беларусі больш драматычная, чым у Грэцыі. Плянавая эканоміка, нізкі ўзровень прыватызацыі і крэдытны крызіс не дазваляюць Лукашэнку выканаць перадвыбарныя абяцаньні -- падвысіць заробкі і палепшыць ўзровень жыцьця.

Пачынаючы з чэрвеня, ў краіне праходзяць акцыі пратэсту, у якіх дэманстранты, не абвяшчаючы палітычных лёзунгаў, выказваюць сваю незадаволенасьць маўчаньнем або воплескамі. Занепакоеная рэакцыя ўлады выяўляецца ў несанкцыянаваных арыштах. Гэтыя падзеі нагадваюць мне дзеяньні" штазі ", калі ў 1989 годзе мы арганізавалі пратэст у сувязі з фальсыфікацыяй муніцыпальных выбараў ў ГДР. На плошчы Аляксандэрпляц у Бэрліне кожнага, хто сьвістаў у сьвісток на знак пратэсту, тут жа затрымлівалі. Гэта былі апошнія сутаргі паранаідальнай сыстэмы.

У той жа час Масква спрабуе дыктаваць свае правілы Менску. Таму папулярнае азначэньне Беларусі як" апошняй дыктатуры Эўропы" робіцца сумнеўным і, хутчэй, падыходзіць да Расеі, чыя аўтарытарная "дэмакратура" неабачліва выпускаецца з-пад увагі. Абяцаная Расеяй мільярдная фінансавая дапамога не зьяўляецца бескарысьлівай. Узамен Беларусь павінна будзе перайсьці на расейскі рубель і прадаць Расеі шэраг важных прадпрыемстваў, а таксама аб'екты газатранспартнай сыстэмы.

ЭЗ, са свайго боку, не зацьвердзіць партнэрскага пагадненьня да таго часу, пакуль палітычныя зьняволеныя не будуць адпушчаныя на волю, а ўрад не пачне перамоваў з апазыцыяй. На патрабаваньне Эўрапарлямэнту Эўракамісія абвясьціла аб забароне на ўезд 188 чалавек, адказных за падтрыманьне беларускага рэжыму, а таксама замарозіла рахункі фірмаў, якія супрацоўнічаюць з дыктатарам.

Эўразьвяз грунтоўна перагледзеў сваю палітыку добрасуседзтва. У будучыні ЭЗ не будзе супрацоўнічаць з дыктатарамі, а будзе апэратыўна падтрымліваць дэмакратычныя зьмены. У Беларусі колькасьць тых, хто ўхваляе арыентацыю краіны на Эўропу, павялічылася да гістарычнай адзнакі 48%.

І ўсё ж у інтарэсах і Нямеччыны, і Расеі, каб працэс пераўтварэньня ў Беларусі працякаў мірна, а не паўтараў падзеяў у Лібіі і Сірыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG