Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нататкі антысаветчыка


У Менску ў часы Освальда. Дом ураду
У Менску ў часы Освальда. Дом ураду
Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


У апошнюю зіму ў Менску Освальд пачаў рыхтавацца да сваёй будучай ролі ў Амэрыцы – чалавека, які бачыў два сьветы, і які за мітамі халоднай вайны здолеў разгледзець сапраўдную карціну.

Ён пачаў пісаць па начах так зацята, што Марына нават спыталася, ці ён часам не шпіён.

– І што, калі так? Што б ты зрабіла, калі так?

І толькі пабачыўшы, як яна разгубілася, сказаў, што жартуе, піша ўспаміны пра новае жыцьцё. Да ад’езду пасьпеў напісаць паўсотні старонак.

Ці ведалі назіральнікі КДБ пра рукапіс, з матэрыялаў, якія далі Мэйлеру, не вынікае. Але ён пісаў маці пра гэтую сваю працу, лісты чыталі, размовы падслухоўвалі, так што сакрэтам гэта наўрад ці было. Тым ня менш, ён пасьпяхова перавёз напісанае празь мяжу.

Освальд азагаловіў рукапіс “Калектыў – жыцьцё расейскага рабочага”. Больш пасавала б назва “Нататкі антысаветчыка”.

Аднаўленьне Менску – цікавая гісторыя мужнасьці яго будаўнікоў. У таталітарнай сыстэме вялікія сілы могуць быць прыведзеныя ў дзеяньне пад жорсткім кантролем. Архітэктурнае плянаваньне можна назваць якім заўгодна, апроч як сучасным, але так пабудаваныя амаль усе расейскія гарады.

Калі першы сказ быццам сьпісаны з брашуры Інтурысту, дык таталітарны прыметнік падпадаў пад артыкул 57 Крымінальнага кодэксу БССР 1960 году, бо зьнеслаўляў савецкі дзяржаўны і грамадзкі лад і караўся зьняволеньнем да сямі гадоў з высылкай ад двух да пяці гадоў ці безь яе. Жонку можна было пасадзіць альбо за захаваньне рукапісу (той самы артыкул), ці даць ёй ад аднаго да пяці (артыкул 86.1. Укрывальніцтва дзяржаўных злачынстваў).

Але далей антысаветчыка зьмяняе назіральнік – трохі больш уважлівы і дасьведчаны, чым звычайны турыст, хаця і не нашмат.
У Менску ў часы Освальда. Від на Дом ураду

За аэрапортам, які служыць усходняй мяжой, перад намі вялікая раскінутая гарадзкая забудова, якая толькі выглядае як горад. На даляглядзе заводзкія карпусы і коміны сьведчаць пра яго індустрыяльны характар; я кажу “выглядае”, бо самы высокі будынак – дзевяціпавярховы Дом ураду на адным канцы галоўнай вуліцы, праспэкту Сталіна, які даўжэйшы за дзьве мілі, адзіны такі бульвар у рэспубліцы. Усе астатнія вуліцы – вузкія брукаванкі, якія ўюцца праз горад як каменныя рэчкі ад галоўнай вуліцы, і выходзяць на абшырныя паркі.

Дызайн і зьмест гэтых вуліц вельмі паказальны. З поўначы на поўдзень гэтая прамая, як страла, гарадзкая артэрыя зьмяшчае на працягу першых дзьвюх міляў цэнтральнага раёну гатэль “Менск” і Галоўпаштамт.

Гатэль быў пабудаваны ў 1957 годзе на загад Хрушчова, якога засмуціў той факт, што падчас яго афіцыйнага прыезду ў Менск у сталіцы Беларусі існаваў толькі адзін стары, занядбаны гатэль. Гатэль пабудаваны за тры месяцы, рэкорд для ўсяго Савецкага Саюзу, мае больш за 500 пакояў. Сучасны, добра пабудаваны, з добрым абслугоўваньнем гатэль, прымае мноства турыстаў, якія едуць зь Нямеччыны і Польшчы празь Менск у Маскву.


Тут Освальд паўтарае байку, якую мог пачуць ад сваіх перакладчыц. Гатэль пачалі будаваць у 1957-м і скончылі ў 1959-м. З усіх будынкаў цэнтральнай часткі праспэкту гэты, бадай, самы непрыгожы і яўна выпадае з усёй архітэктурнай стылістыкі. Мікіта Хрушчоў падчас прыездаў у Менск спыняўся ва ўрадавай рэзыдэнцыі на Бранявым завулку, але да выгляду гатэлю мае наўпроставае дачыненьне. Падпісаная ім у лістападзе 1954 году пастанова “Аб ліквідацыі лішкаў у праектаваньні і будаўніцтве” нанесла сьмяротны ўдар сталінскаму клясыцызму: упрыгожаньні фасадаў, бэльвэдэры, эркеры, дэкаратыўныя калянады і порцікі перасталі адпавядаць лініі партыі.

У пастанове згадваўся Менск. Гарадзкое начальства сьпешна пасылала рабочых зьбіваць калёны і порцікі, замуроўваць аркі, зносіць балюстрады з будынкаў, якія яшчэ не былі здадзеныя дзяржаўным прыёмачным камісіям.

А самы, бадай, прыгожы будынак на праспэкце пасьпелі завяршыць да хрушчоўскай пастановы – ён знаходзіўся насупраць гатэлю:
У Менску ў часы Освальда. Паштамт

Паштамт перапрацоўвае ўсю пошту, якая прыходзіць і выходзіць з гораду. Пабудаваны ў 1955 годзе, на ўваходзе чатыры калёны ў грэцкім стылі.

Освальд памыляецца – паштамт пачалі будаваць у 1949-м і скончылі ў 1953-м. Варта дадаць, што менавіта тут прадавалі авіякапэрты для замежжа, сюды ў спэцыяльную шчыліну можна было кінуць паштоўку за мяжу, і тут, у круглай залі пад шкляным купалам з 18 калёнамі і 15 эркернымі вокнамі, калі стаць каля чацьвёртай калёны зьлева і сказаць нешта шэптам, чалавек, які сядзіць за столікам мэтраў за дзесяць, зьдзіўлена азірнецца – хто гэта шэпча ў вуха, такое там дакладнае і акуратнае рэха. Як рукі пэрлюстратараў, якія вывуджвалі з агульнай купы лісты Освальда ў Амэрыку, расклейвалі, капіявалі і заклейвалі зноў.

Далей па праспэкце крама адзеньня і дзіцячая крама. Цэнтральны кінатэатар, найлепшы ў Менску, зьмяшчае 400 чалавек у маленькай залі без вэнтыляцыі. За ім абутковая крама, насупраць праз вуліцу цэнтральны салён прыгажосьці, цэнтральная аптэка, гастраном і мэблевая крама.

Зыгзагам абабегшы адразу восем адрасоў у трох сказах, Освальд крыху зьніжае тэмп каля наступнага будынку:

Далей ідзе Міністэрства ўнутраных справаў на чале з жорсткім армейскім палкоўнікам Мікалаем Аксёнавым з “народнай міліцыі”. Ён мае пасаду міністра ўнутраных справаў. На рагу знаходзіцца яго падразьдзяленьне, КДБ, Камітэт унутранай бясьпекі (разьведка і тайная паліцыя).

Ці пакрыўдзіліся куратары Освальда, што ён так і ня здолеў разабрацца ва ўзаемаадносінах МУС і КДБ ці, наадварот, усьцешыліся, што так добра працавалі з амэрыканцам, што той нават грозную абрэвіятуру ня здолеў граматна расшыфраваць – невядома. Імя міністра МУС пераблытана – ён Аляксандар, але прозьвішча згаданае дарэчы: менавіта да яго ў адчаі зьвярталася Марына па выязную візу, і хоць ён яе не прыняў, візу ўрэшце далі. Рашэньне, зразумела, прымаў не беларускі міністар.

Праз дарогу заўсёды шматлюдная кніжная крама на праспэкце, а насупраць яшчэ больш шматлюдны рэстаран, адзін зь пяці ў горадзе, дзе за два рублі наведнік можа набыць смажаны язык ці курыцу з бульбай і тушанай капустай, а ня проста “катлеты” (хлеб і мясны фарш) ці шніцэль (дзе крыху болей мяса і менш хлеба) і біфштэкс (адна перамолатая ялавічына), якія падаюцца з бульбай, капустай і часам з макаронамі. Іх заўсёды падаюць у рабочых сталоўках і стаячых кафэ, адкрытых уначы. Часам можна купіць салодкія булачкі, каву, восеньскую садавіну, таксама можна ўзяць салаты і памідоры. Побач з кафэ, якое называецца “Вясна” – булачная. Тут за 13 капеек можна купіць белы батон (без упакоўкі), за 7 капеек – розную салодкую выпечку і за 20 капеек бохан чорнага хлеба. (Бохан чорнага ўдвая большы за белы і такім чынам больш танны ў пераліку за кіляграм і карыстаецца большым попытам. І яшчэ, чорны хлеб з-за цьвёрдай скарынкі выключна доўга застаецца сьвежым.)
У Менску ў часы Освальда

Тут Освальд ізноў пераходзіць праспэкт – вяртаецца да кніжнай крамы, ідзе далей уніз да “Ласунка”.

Насупраць гэтай булачнай – крама цукерак. Гэта дзіцячая краіна мараў з цукерак і шакаляду, хаця з-за клімату шакаляд каштуе ў чатыры разы болей, чым у ЗША. За чатыры унцыі трэба заплаціць 60 капеек. Шакаляд карыстаецца вялікім попытам, бо расейцы – ласуны. Тут заўсёды натоўп. Яшчэ далей мы падыходзім да адзінага ўнівэрмагу ў Менску, ГУМу, што азначае “дзяржаўная ўнівэрсальная крама”.
У Менску ў часы Освальда. Від на ГУМ

Падрабязны пералік тавараў і цэнаў з падарожжа па ўнівэрмагу ўжо прыводзіўся, адзначым толькі дакладную гэтым разам расшыфроўку назвы крамы – не галоўная, як шмат хто лічыць, а дзяржаўная. Дзяржаўная не таму, што іншыя вакол былі прыватныя, а – важная, як узнагарода ці таямніца. Ці як бясьпека.

Перад тым, як выйсьці на плошчу Сталіна, на канцы цэнтральнага раёну праспэкту знаходзім два стаячыя кафэ самаабслугоўваньня. Гэтыя кафэ месьцяцца адно насупраць аднаго праз праспэкт. Звонку і ўсярэдзіне яны абсалютна аднолькавыя, у абодвух падаюць аднолькавыя стравы за аднолькавы кошт. Чаму іх не пабудавалі на розных канцах праспэкту ці нават на розных канцах плошчы – невядома. Хаця гэта было б больш зручна. Прычына, магчыма, палягае ў тым, што архітэктурныя пляны для ўсіх гарадоў Савецкага Саюзу прысылаюць напрасткі з Масквы, што, як можна ўявіць, зьяўляецца вялікай адказнасьцю для архітэктара. Паколькі ў СССР за памылкі расплачваюцца галавой, лягічнай прычынай стандартнай архітэктуры зьяўляецца тое, што найпрасьцейшы спосаб пабудовы вуліцы – самы бясьпечны.

Лягічна было б у рэчышчы гэтых архітэктурных назіраньняў згадаць якраз такое вырашэньне з помнікамі правадыроў: на адным канцы праспэкту бронзавы Ленін, на другім – бронзавы “Ленін сёньня”. Але ў менскіх нататках 9-мэтровая бронзавая статуя Сталіна на 9-мэтровым гранітным пастамэнце ня згадваецца.

У фотаархіве Камісіі Ўорэна няма ніводнага здымка, які звычайна робяць людзі ў чужым горадзе – на фоне адметнага помніка, “Сталін і Освальд”. Ці “Ленін і Освальд”.

Ну, а зь Дзяржынскім увогуле быў бы клясычны здымак.

Але адсутнасьць здымкаў азначае толькі адсутнасьць здымкаў, ня больш.
У Менску ў часы Освальда



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
Нахабства бязь межаў
Ідыёт, сабака, мярзотнік, падонак
Грошы, свабода, каханьне, душа
Спэцтэхніка падвяла
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG