Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нахабства бязь межаў

  • Аляксандар Лукашук

Марына Освальд, Менск, 1962 год, чаканьне ад'езду ў ЗША

Марына Освальд, Менск, 1962 год, чаканьне ад'езду ў ЗША

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Калі меркаваць зь дзёньніку, сакавік 1962-га – даволі спакойны месяц, справы з ад’ездам рухаюцца, Освальд робіць тры апошнія кароткія запісы.

Дзёньнік ЛГО
24 сакавіка 1962

Марына афіцыйна звальняецца з працы.

26 сакавіка

Атрымліваю ліст ад Службы іміграцыі і натуралізацыі з Сан Антоніё, Тэхас, што заява Марыны на атрыманьне візы ЗША ўхваленая!! Апошні дакумэнт. Цяпер трэба толькі дачакацца, пакуль амбасада ЗША атрымае копію паведамленьня, каб афіцыйна даць дазвол.

27 сакавіка


Атрымліваю ліст ад сп. Філіпса (у яго працуе мая маці), з гарантыяй падтрымкі маёй жонцы, калі трэба.

У гэты самы дзень пішацца ліст да маці ў Тэхас.

ЛГО – ліст да Маргарыты Освальд
27.03.62

Дарагая маці,


Мы маем быць у Штатах найпазьней у траўні. Амбасада пагадзілася пазычыць мне 500 даляраў на падарожжа, а таксама яны прынялі маё сьведчаньне падтрымкі, так што тваё не спатрэбіцца. Аднак, не спрабуй, каб твой сябра-бізнэсмэн скасаваў сваё сьведчаньне аб падтрымцы для мяне, яно калі-небудзь можа прыдацца. Як ты кажаш, маё падарожжа сюды магло б стаць падставай для добрай гісторыі пра мяне. Фактычна, я ўжо напісаў 50 старонак нататак на гэтую тэму.

Зь любоўю,
Лі


Лі і Джун, Менск, 1962 год, чаканьне ад'езду ў ЗША
Усю вясну Освальд удзельнічае ў эпісталярнай вайне, у якой бяруць удзел амбасада ЗША ў Маскве, аддзел Савецкага Саюзу і аддзел бясьпекі і консульскіх справаў Дзярждэпартамэнту, служба іміграцыі і натуралізацыі Міністэрства юстыцыі ЗША, і нават камандаваньне корпусу марской пяхоты ЗША.*

Консул ЗША ў Маскве Джозэф Норбэры – Освальду
09.03.62

Зразумела, чакаецца, што Вы абярэце самы танны від транспарту і напішаце расьпіску за вылучаныя сродкі.

Мы яшчэ не атрымалі дазволу на візу для вашай жонкі, але як толькі яна будзе ўхваленая, вы можаце падаць пашпарт на выязную візу ў АВІР.

Консул ЗША ў Маскве Джозэф Норбэры – Робэрту Оўэну, аддзел Савецкага Саюзу Дзярждэпартамэнту ЗША
15.03.62

Патрабуецца як найхутчэй рашэньне наконт “выключэньня 243 (г)” з правілаў для Марыны Освальд. Муж часта тэлефануе і піша ў амбасаду, каб уведаць прычыну затрымкі. Нам падаецца неразумным абмяркоўваць праблему з 243 (г), паколькі можна яшчэ атрымаць выключэньне, але ўсё больш няёмка адмаўляць Освальду.

Аддзел Савецкага Саюзу – аддзелу візаў Дзярждэпартамэнту ЗША
16.03.62

Аддзел лічыць, што ў інтарэсах ЗША дапамагчы Лі Гарві Освальду і яго сям’і выбрацца з Савецкага Саюзу і адправіць іх у ЗША як найхутчэй. Як няўстойлівая асоба з цалкам непрадказальнымі паводзінамі, Освальд можа адмовіцца выехаць з СССР ці пазьней паспрабаваць вярнуцца туды, калі мы зробім немагчымым, каб яго жонка і дзіця ехалі разам зь ім з Масквы.

Такія дзеяньні з нашага боку таксама дазволяць савецкаму ўраду заявіць, што хаця яны выдалі выязныя візы спн. Освальд, каб пазьбегнуць разьдзяленьня сям’і, урад ЗША зрабіў гэта гвалтоўна шляхам нявыдачы ёй візы. Заезд у трэцюю краіну запатрабаваў бы дадатковых расходаў ад ЗША.


Тым ня менш, Вашынгтон настойвае на правіле “243 (г)”, якое патрабавала, каб жонка спачатку выехала ў трэцюю краіну і адтуль пачынала візавы працэс (што стварала новыя праблемы – віза ў трэцюю краіну, пражываньне там і г.д.). І тады да справы падключаецца амбасадар ЗША ў Маскве Левэлін Томпсан, які адрасуе тэлеграму ў справе Освальда напрасткі дзяржсакратару ЗША Дыну Раску.

Амбасада ЗША ў Маскве – дзяржаўнаму сакратару ЗША, Вашынгтон
04.05.62

Патрабуецца рашэньне як найхутчэй пра перагляд 243 (г) для Освальд. Мы лічым неразумным абмяркоўваць праблему 243 (г), пакуль яшчэ магчымае выключэньне, але становіцца ўсё больш няёмка адмаўляць Освальду.

Томпсан


Тэкст тэлеграмы напісаў консул Норбэры, ён даслоўна супадае з радкамі яго сакавіцкага ліста ў Дзярждэпартамэнт. Освальд сур’ёзна даўся дыпляматам у знакі.

Консул ЗША ў Маскве Джозэф Норбэры – Робэрту Оўэну, аддзел Савецкага Саюзу Дзярждэпартамэнту ЗША
08.05.62

Дарагі Боб,

Ты таксама пабачыш нашу тэлеграму ад 4 траўня ў справе Освальда. Калі выключэньне 243 (г) ня будзе хутка дазволена, я думаю, нам трэба выклікаць Освальдаў і паслаць іх у Бэльгію. Справа ня ў тым, што нашыя сэрцы разрываюцца ад шкадаваньня да Освальда. Яго нахабства ня мае межаў. Яго апошні ліст утрымлівае высакамернае патрабаваньне, каб Дзярждэпартамэнт спыніў спробы атрымаць грошы на яго падарожжа ад сваякоў у ЗША. Двойчы ці тройчы апошнім часам, калі ён званіў зь Менску, я мусіў зь няёмкасьцю спасылацца на “праблему”, якая затрымлівае вырашэньне справы яго жонкі.


Невядома, што мела большае значэньне – тэлеграма амбасадара дзяржсакратару, аргумэнты контрапрапаганды, міжнародная абстаноўка, але Освальду заставалася чакаць нядоўга.

Консул ЗША ў Маскве Джозэф Норбэры – Освальду
10.05.62

Дарагі сп. Освальд!

З прыемнасьцю паведамляю, што амбасада ў стане зрабіць апошнія дзеяньні ў справе звароту па візу вашай жонкі. Дзеля гэтага вы і ваша жонка запрашаецеся прыбыць у амбасаду, калі вам будзе зручна.

Амбасада мае дзьве копіі пасьведчаньня аб нараджэньні вашай жонкі і копію пасьведчаньня аб шлюбе. Такім чынам, ёй трэба прадставіць толькі яшчэ адну копію пасьведчаньня аб шлюбе, тры фатаздымкі, рэнтгенаўскі здымак, аналіз крыві і даведку аб прышчэпцы воспы.

Як вам паведамлялася раней, тры фатаздымкі вашай дачкі і копія яе пасьведчаньня аб нараджэньні таксама неабходныя для консульскага пасьведчаньня аб нараджэньні і запісу ў ваш пашпарт.

Калі ласка, паінфармуйце амбасаду, калі вас можна чакаць.


Пасьля ўсіх перашкод і затрымак дзяржаўная машына ЗША зрабіла тое, што назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю Амэрыкі – дала доўгачаканы дазвол на ўезд Освальдаў.

Хаця ў доме нумар 4 па вуліцы Камуністычнай у Менску сытуацыя з ад'ездам выглядала хутчэй люстрана адваротнай.

-------------------------------------------
*Пасьля таго, як сталі вядомыя гучныя заявы Освальда ў амбасадзе падчас спробы адмовіцца ад амэрыканскага грамадзянства пра гатовасьць расказаць савецкаму боку ўсё, што ён ведае пра радары ды іншыя вайсковыя сакрэты, у яго дакумэнтах быў зьменены запіс аб звальненьні з марской пяхоты – цяпер ён праходзіў па артыкуле “звольнены як непажаданы”. Освальд напорыста патрабаваў вярнуць“ганаровае звальненьне”.



Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ
Разьбітае сэрца Освальда
“Я -- амэрыканскі грамадзянін”
На танцы
Дэман амнэзіі
З танцаў
Allegretto, allegro, allegrissimo
Тайна мядовага месяца
Роля дзірачак у гісторыі
Рэцэпт драмы
Камсамольская любоў
П’еса «Маладыя». Акт 1
П’еса “Маладыя”. Акт 2
Талстаеўскі
Освальд і Пушкін
Дагнаць Амэрыку
Навагодні сьмех
Бомба для Хрушчова
Пад бела-чорнымі крыламі
Каго бусел прынёс
Антысавецкая фармацэўтыка
XS
SM
MD
LG